Самы таленавіты навічок НХЛ ледзь не забыў клюшку перад першым выхадам на лёд
Конар Бедард ужо збіраўся выйсці на пляцоўку, але згадаў, што забыўся клюшку і вярнуўся ў раздзявалку.
Сёння ноччу ў Паўночнай Амерыцы стартаваў 107-ы сезон Нацыянальнай хакейнай лігі. «Чыкага Блэкхоўкс» у гасцях перамаглі «Пітсбург Пінгвінс» з лікам 4:2.
У гэтым матчы за «Чыкага» дэбютаваў 18-гадовы форвард Конар Бедард. Але ён ледзь не забыў клюшкі перад выхадам на лёд. Конар ужо збіраўся выйсці на пляцоўку, але згадаў, што забыў клюшку і вярнуўся ў раздзявалку.
Дарэчы, у матчы хлопец зрабіў адзін галявы асіст.
Pregame jitters?
Connor Bedard almost forgot his stick before taking the ice for the season opener pic.twitter.com/Gfmv1PRoxS
18-гадовага Бедарда абралі пад першым нумарам у драфце НХЛ 2023 года.
У мінулым сезоне ў «Рэджайна Пэтс» ён выдаў выніковую серыю, зарабіўшы балы ў 20 гульнях запар. Рэгулярны сезон-2022/2023 ён скончыў з 143 баламі і атрымаў трафей найлепшага бамбардзіра Заходняй хакейнай лігі і найлепшага гульца Заходняй хакейнай лігі.
Хакейныя эксперты кажуць, што Конар стане найлепшым навічком у гэтым сезоне.
Наступнай ноччу «Калгары Флэймз» згуляе з «Вініпег Джэтс». За «Калгары» павінен дэбютаваць беларус Ягор Шаранговіч, які да гэтага правёў тры сезоны за «Нью-Джэрсі», але ўлетку быў абменены ў заходнеканадскі клуб.
Абаронцу «Калгары» Іллю Салаўёва адправілі ў АХЛ (другая па значнасці хакейная ліга ў Паўночнай Амерыцы). Спадзяемся, часова. Таксама ў АХЛ часова адправілі і Аляксея Протаса з «Вашынгтона».
А адна з галоўных інтрыг сезона: ці паб'е форвард «Вашынгтона» і заснавальнік Putin Team, расійскі хакеіст Аляксандр Авечкін вечны рэкорд легендарнага форварда беларускага паходжання Уэйна Грэцкі.
У Грэцкі — 894 шайбы, у 38-гадовага Авечкіна — 822. У сярэднім за сезон Аляксандр закідвае 45 шайб.
Каментары