18 кастрычніка 2023 года на 91-м годзе жыцця памёр вядомы беларускі архітэктар Міхаіл Пірагоў, аўтар Палаца Рэспублікі, шэрагу станцый мінскага метрапалітэна і самай вядомай беларускай занядбанкі.
Пра гэта на сваім сайце паведаміў Беларускі саюз архітэктараў.
Міхаіл Міхеевіч Пірагоў нарадзіўся 25 студзеня 1933 года ў горадзе Арцёмаўску Краснаярскага края. Пасля заканчэння ў 1957 годзе Новасібірскага інжынерна-будаўнічага інстытута імя В. У. Куйбышава працаваў у Новасібірску да 1975 года.
У 1975 годзе быў запрошаны ў Мінск, дзе працаваў да пачатку 2001 года ў «Белдзяржпраекце».
Першым буйным творам Пірагова ў Беларусі быў тэатр драмы і камедыі імя Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску, які высоўваўся на суісканне Дзяржаўнай прэміі БССР.
Але найперш ягоная творчасць была звязаная з беларускай сталіцай. Тут ён стварыў праекты яхт-клуба на Заслаўскім вадасховішчы, станцыі мінскага метрапалітэна «Акадэмія навук» і «Плошча Якуба Коласа», за якія атрымаў прэмію Савета Міністраў СССР, у 1990-я займаўся рэстаўрацыяй і рэканструкцыяй опернага тэатра, а таксама быў кіраўніком аўтарскага калектыву, які спраектаваў ці не галоўны будынак краіны — Палац Рэспублікі. Праект Палаца Рэспублікі ў 2004 годзе быў удастоены Дзяржаўнай прэміі Беларусі.
Як прыгадваў калега Пірагова, архітэктар Леанід Зданевіч, аўтарскі калектыў, каб не дапусціць узвядзення перад Палацам ідэалагічнага савецкага манумента «Барацьбітам за савецкую ўладу», архітэктурны конкурс па якім ужо быў праведзены ў 1988 годзе, пайшоў на хітрасць. Так, сярод іншага на плошчы, дзе планавалі размясціць манумент, з'явіўся амфітэатр. Амфітэатр так і застаўся ў планах, але і манумент не быў рэалізаваны праз хуткі развал Саюза. Сёння на гэтым месцы ідэалагічны манумент плануе паставіць ужо рэжым Лукашэнкі.
Таксама Пірагоў быў суаўтарам прафілакторыя «Лясное» ў Валожынскім раёне, які ў 1989 годзе атрымаў архітэктурную прэмію прафсаюзаў БССР. Але праз моцнае радыяцыйнае забруджванне тэрыторыі ў выніку Чарнобыльскай катастрофы прафілакторый у 1996 годзе быў закрыты, ператварыўшыся ў адзін з найвялікшых і найбольш папулярных аб'ектаў сярод аматараў закінутых будынкаў.
Ужо як кіраўнік уласнай творчай майстэрні ў 2003 годзе запраектаваў комплекс пасольства Украіны.
У 2018 годзе, калі на месцы знесенага будынка Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны збіраліся пабудаваць бізнэс-цэнтр «БК Капітал Палас», больш вядомы як «палац Карычаў», прапанаваў сваю канцэпцыю забудовы пляцоўкі. Побач з Палацам Рэспублікі ён прапаноўваў пабудаваць чатырохпавярховы забаўляльны цэнтр з эксплуатаваным «зялёным» дахам і вялікай гадзіннікавай вежай з назіральнай пляцоўкай.
Меркаванне архітэктара, як і меркаванне прафесійнай супольнасці і грамадскасці, якая выступала супраць чужароднага твора братоў Карычаў на цэнтральнай плошчы сталіцы, да ўвагі ўладамі прынята не было.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары