«Гэта былі ўжо не шараговыя апладысменты, якія гучаць у падзяку кожнаму выступоўцу». Хто апладзіраваў Лукашэнку стоячы на кліматычным саміце?
1 снежня Аляксандр Лукашэнка выступіў на пасяджэнні Сусветнага саміту па барацьбе са змяненнем клімату. Праўладныя прапагандысты ягонае выступленне прадставілі як нешта неймаверна прарыўнае, і яму нібыта ўдзельнікі саміту ад усёй душы «апладзіравалі стоячы». Відэа пры гэтым паказвалася абрэзанае, але «Люстэрка» знайшло поўную версію.
Два пасяджэнні з удзелам кіраўнікоў дзяржаў у рамках Сусветнага саміту па барацьбе са змяненнем клімату, які праходзіць у ААЭ, 1 снежня прайшлі паралельна адно аднаму. Лукашэнка са сваім выступленнем трапіў у групу, дзе выступалі таксама лідары Польшчы, Швейцарыі, Славеніі, Чада, Чарнагорыі, Ліхтэнштэйна, Люксембурга, Манголіі, Кыргызстана, Таджыкістана і іншых дзяржаў.
Распісваючы прамову Лукашэнкі, афіцыёзнае агенцтва БелТА паведаміла, што ён, маўляў, «адышоў ад запланаваных тэзісаў і дадаў рэзкасці свайму выступленню» і гэта нібыта па-сапраўднаму запаліла аўдыторыю:
«У выніку словам беларускага лідара заапладзіравалі ў зале. І гэта былі ўжо не шараговыя апладысменты, якія гучаць у падзяку кожнаму выступоўцу: кіраўніку дзяржавы апладзіравалі стоячы».
Пры гэтым кароткія ролікі, якія з'явіліся ў праўладных тэлеграм-каналах і СМІ, былі абрэзаныя, трыумфальная канцоўка ў іх адсутнічала. А на поўным відэа выступу Лукашэнкі, адшуканым «Люстэркам» на сайце Рамачнай канвенцыі ААН па змяненні клімату (пасля яно з'явілася і ў ютуб-канале АНТ), бачна, што асобы, якія апладзіравалі палітыку стоячы, былі сапраўды.
Такіх было, прынамсі, чацвёра. Усе яны сядзелі побач і, як мяркуецца, уваходзілі ў беларускую дэлегацыю. Аднаго з іх удалося і апазнаць: былога кіраўніка Федэрацыі хакея, а цяпер «сенатара» Дзмітрыя Баскава, які падняўся папляскаць першым.
Варта нагадаць, што Дзмітрый Баскаў — адзін з тых, каго падазраюць у датычнасці да смерці Рамана Бандарэнкі восенню 2020 года.
Чытайце таксама:
Прэзідэнты Польшчы, Літвы і Латвіі адмовіліся фатаграфавацца ў Дубаі з Лукашэнкам
Лукашэнка прыбыў на адкрыццё кліматычнага саміту ў ААЭ
Міжнародны Чырвоны Крыж прыпыніў сяброўства беларускага таварыства
Каментары