Былая рэдактарка Чорнай кнігі Беларусі выступіла са скандальнымі заявамі — і пачаліся разборкі на ўвесь інтэрнэт
Яніна Сазановіч, аўтарка ютуб-канала «Дзікае паляванне» і былая рэдактарка праекта Чорная кніга Беларусі па дэананімізацыі сілавікоў, паўдзельнічала ў шоу «Шчыра кажучы» на тэлеканале «Белсат». Выпуск з яе ўдзелам атрымаўся традыцыйна рэзанансным. Сярод іншага, Сазановіч выступіла з абвінавачваннямі на адрас старшага памочніка Святланы Ціханоўскай Франака Вячоркі. Яна лічыць, што Вячорка — агент беларускіх спецслужб.
Аднак абмяркоўваюць у інтэрнэце перадусім не яе выказванні, а тое, што выпуск праграмы «Шчыра кажучы» ўвечары пасля прэм’еры быў выдалены з ютуба і іншых сацыяльных сетак.
Прыхільнікі Сазановіч абвінавачваюць «Белсат» у цэнзуры.
Тэму разборак унутры апазіцыйных колаў прадказальна падхапіла і беларуская дзяржаўная прапаганда.
Тым часам Франак Вячорка апублікаваў свой каментар з нагоды скандалу. «Я не маю дачынення да выдалення відэа з ютуб-канала Белсата. … Лічу цэнзуру шкоднай, а ў эпоху інтэрнэту выдаленне кантэнту — проста бессэнсоўнае», — патлумачыў палітык. Абвінавачванні ў сваёй працы на спецслужбы ён лічыць шызафрэніяй.
Калі з’явіцца афіцыйны каментар «Белсата», мы дапоўнім навіну.
Каментары