Супольнымі намаганнямі Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў і фонду «Kamunikat» удалося стварыць аўдыяверсію серыі кніг Святланы Алексіевіч.
«Галасы Утопіі» складаюцца з пяці кніг: «У вайны не жаночы твар», «Апошнія сведкі», «Цынкавыя хлопчыкі», «Чарнобыльская малітва», «Час сэканд-хэнд». Унікальнасць серыі ў тым, што найноўшае выданне аўтарка дапоўніла запісамі з уласнага дзённіка і новымі гісторыямі, а таксама скасавала праўкі цэнзараў.
Акрамя таго — якасная агучка прафесійных акцёраў — Алег Гарбуз, Алена Баярава, Сяргей Чуб і Крысціна Дробыш.
«Хочам мы гэтага ці не, але гісторыя паўтараецца. Яна можа змяняць час, месца, але сутнасць застаецца той жа. Тое, што ёсць у кнігах Святланы Алексіевіч, — яно вось тут цяпер з намі. А некаторыя былі для мяне як погляд у будучыню. Гэта трэба пачуць цяпер, каб убачыць, наколькі іншай ёсць гісторыя таго, што, здавалася, расказанае з усіх бакоў. Наколькі яна актуальная цяпер. Да дрыжыкаў», — кажа Крысціна Дробыш.
Дзе слухаць? На любой зручнай пляцоўцы. Перайшоўшы па спасылках, выбірайце зручную (дзеля найлепшага ўражання варта захаваць аўтарскую чарговасць выданняў):
«У вайны не жаночы твар» (пераклад Валянціна Акудовіча)
«Апошнія сведкі» (пераклад Барыса Пятровіча)
«Цынкавыя хлопчыкі» (пераклад Андрэя Хадановіча)
«Чарнобыльская малітва» (пераклад Уладзіміра Арлова)
«Час сэканд хэнд» (пераклаў Сяргей Дубавец)
Каментары