Спорт

Як беларускія футбалісты бягуць за доўгім рублём у блізкае (і далёкае) замежжа. І колькі там зарабляюць

Жаданне паехаць за мяжу — звыклае для беларускіх футбалістаў, асабліва ў апошнія сезоны. Проста калі раней нашыя гульцы яшчэ нешта выбіралі і разважалі, а ці варта, то цяпер яны хапаюцца ледзь не за любую магчымасць: хоць Азія, хоць Д3 Расіі

Tribuna.com расказвае, дзе і якія ўмовы прапануюць беларусам, і ў колькі разоў расце іх заробак, калі параўноўваць з тым, што яны атрымлівалі на Радзіме (у некаторых выпадках — у разы).

Ізраіль

Да нядаўняга часу Беларусь у ізраільскім Д1 была прадстаўленая толькі абаронцам Дзянісам Паляковым, які абараняе колеры «Хапаэля» з Хайфы, куды перайшоў яшчэ ў снежні 2022-га і застаўся, нягледзячы на вайну з ХАМАС. А не так даўно да яго далучыўся суайчыннік Дзмітрый Анцілеўскі. У мінулым годзе форвард праявіў сябе і ў БАТЭ (11 галоў, 8 перадач у 37 матчах), і ў зборнай Беларусі (2+1 у трох матчах).

У БАТЭ заробак форварда знаходзіўся на ўзроўні тры тысяч даляраў, праўда, без уліку прэміяльных.

Узбекістан

Для беларускага футбола гэты пакуль не самы папулярны кірунак, хаця там і можна зарабіць куды больш, чым сёння ў ЧБ. Гэтай зімой ва Узбекістан з Беларусі ніхто не зʼехаў, аднак трое гульцоў з сінім пашпартам прадоўжаць выступленне ў мясцовым элітным дывізіёне.

Паўабаронца Аляксей Наско на правах арэнды гуляў у «Бунёдкоры» (2 галы ў 25 матчах), а ў міжсезонне разарваў кантракт з БАТЭ, якому належаў, і стаў паўнавартасным гульцом каманды з Ташкенту.

Дакладны заробак не вядомы, але эксперты, якія валодаюць сітуацыяй у мясцовым футболе, запэўнілі, што нават у серадняку (а «Бунёдкор» ім і зʼяўляецца) менш за 5 тысяч даляраў у месяц дакладна атрымліваць не будзе (хутчэй — каля 7 тысяч). Плюс у клубе прадугледжаныя прэміяльныя — дзесьці 1-2 тысяч даляраў за перамогу.

У «Пахтакоры» з мінулага года гуляе брамнік Павел Паўлючэнка. Першапачаткова ён сядзеў у запасе і меў зусім ужо сумныя перспектывы.

Аднак здолеў адваяваць месца ў аснове і з кастрычніка па снежань 2023-га правёў дзевяць матчаў, паўдзельнічаўшы ў чэмпіёнстве свайго калектыва. Заробак беларуса ў «Пахтакоры» перавышае 10 тысяч даляраў без уліку прэміяльных.

Абаронца Арцём Сокал мінулы сезон правёў у «Тэрмезе» з Сурхона (адзін гол у 22 матчах), а гэтай зімой перайшоў у «Дынама» з Самарканда — каманду, якая па выніках мінулага сезона папоўніла Д1.

У новым калектыве ў Сокала заробак будзе на ўзроўні 7-8 тысяч даляраў плюс прэміяльныя. Гэта якраз сярэдні па ўзбекістанскім футболе паказнік. Пры гэтым варта сказаць, што самыя высокааплатныя футбалісты ў чэмпіянаце — гэта як раз легіянеры. Мясцовыя ж гульцы (і маладыя, і дасведчаныя) атрымліваюць куды менш за сярэдняе па Д1.

Казахстан

У апошнія гады — адзін з самых папулярных напрамкаў у беларускіх футбалістаў. Хаця і ў зваротным кірунку ёсць пераходы.

Гэтай зімой некалькі беларусаў ужо перабраліся ў Казахстанскую прэмʼер-лігу. Але калі раней турнір быў «залатой жылой» у параўнанні з Беларуссю (зарплаты топавых легіянераў маглі значна перавышаць 20 тысяч даляраў), то сёння магчымасці мясцовых клубаў праселі, хаця і да іх калектывам ЧБ далёка.

У Д1 Казахстана нядаўна пераехаў экс-капітан «Шахцёра» Мікіта Корзун — папоўніў склад навічка КПЛ «Елімая» з горада Семей.

Як расказалі спецыялісты з казахстанскага футболу, нягледзячы на маладосць клуба (праводзіць другі прафесійны сезон, а першы ў эліце толькі правядзе), грошы там круцяцца прыстойныя — як дзякуючы мясцовым уладам, так і спонсарам. А таму заробкі гульцам, асабліва тым, хто запатрабаваны ў зборных, прапануюцца прыстойныя.

Корзун у параўнанні з «Шахцёрам» у фінансавым плане выйграў. У Салігорску ён атрымліваў каля 12 тысячаў «бруднымі» на месяц. У «Елімаі» заробак паўабаронцы складзе прыкладна 15 тысяч даляраў плюс прэміяльныя.

Памер дадатковых выплат у камандзе з Сямея нам невядомы, аднак па словах інфармаваных суразмоўцаў шмат што ў гэтым пытанні залежыць ад задач клуба. Напрыклад, у калектывах, якія вядуць барацьбу за чэмпіёнства і медалі, за перамогу даюць па тысячы даляраў. Хоць у той жа «Астане» ўвогуле абыходзяцца без прэміяльных за перамогі — дадатковыя грошы даюцца толькі за дасягненне выніку ў сезоне. У камандах «сярэдняй рукі» за вікторыю звычайна можна разлічваць на 500-700 даляраў. Што цікава, у серадняках і аўтсайдарах могуць прэміяваць і за нічыі.

У «Елімаі» апынуўся і паўабаронца Мікалай Золатаў, які да гэтага гуляў ва ўкраінскім «Коласе». Заробак беларуса ў Казахстане, як і ў Корзуна, знаходзіцца ў раёне 15 тысяч даляраў без уліку прэміяльных. Колькі атрымліваў Золатаў у «Коласе», мы не ведаем, аднак, як запэўніваюць крыніцы, пераехаўшы ў Казахстан, гулец прыстойна выйграў у грошах.

Але ў цэлым, як кажуць крыніцы, любы беларус, нават не топавага ўзроўню, практычна ў любой камандзе Казахстана можа смела разлічваць на заробак не ніжэйшы за чатыры тысячы даляраў без уліку прэміяльных. Калі гулец зацікавіў моцную каманду (а туды будуць клікаць, натуральна, таго, хто здольны даць вынік), то гаворка будзе ісці пра зарплату не ніжэй за 10 тысяч даляраў.

Як нам удалося даведацца, абаронца Габі Кікі, які ў свой час гуляў у Беларусі за «Дняпро», «Рух» і брэсцкае «Дынама», у сёлетнім студзені пераехаў з тыраспальскага «Шэрыфа» ў «Актабэ» на зарплату ў 20 тысяч даляраў.

Суразмоўцы з казахстанскага футбола адзначаюць, што якасным легіянерам багатыя клубы гатовыя плаціць і больш.

Сярод беларусаў самым высокааплатным на казахстанскіх прасторах у мінулым сезоне быў паўабаронца «Астаны» Макс Эбонг. Яго заробак у сталічным клубе быў каля 15-17 тысяч даляраў. Праўда, цяпер найлепшы футбаліст Беларусі-2023 няхай і працуе з «Астаной» на зборах, але кантракту з клубам не мае.

Расія

Туды беларусы едуць стабільна, прычым у самыя розныя лігі. Адпаведна, і роскід па заробках істотны.

Калі казаць пра агульныя лічбы, то каманды другой паловы табліцы РПЛ здольныя ў сярэднім плаціць 9-15 тысяч даляраў. Топ-клубы аперуюць іншымі лічбамі. Прадстаўнікі топ-7 ФНЛ могуць плаціць, у тым ліку беларусам, да 12 тысяч даляраў. Ніжні парог у Д2 Расіі — звычайна каля 4 тысяч даляраў за месяц плюс прэміяльныя. Пры гэтым шмат залежыць ад задач клуба. Што тычыцца ПФЛ, то-бок расійскага Д3, там заробкі знаходзяцца ў дыяпазоне ад 1,5 да 4 тысяч даляраў. Дадамо, што ў РФ заробкі налічваюцца ў расійскіх рублях.

У снежні-2023 тульскі «Арсенал» (Д2) папоўнілі экс-гульцы мінскага «Дынама» Іван Бахар і Аляксей Вакуліч. Іх заробкі на новым месцы складуць 6-7 тысяч даляраў. Пры гэтым у Бахара была і больш выгадная прапанова — з заробкам у 10 тысяч даляраў — ад іншага расійскага клуба, але ён абраў менавіта Тулу.

У сярэдзіне студзеня-2024 у арэнду ў «Балтыку» (РПЛ) перайшоў форвард Віталь Лісаковіч, які так і не здолеў аднавіць свае пазіцыі ў «Рубіне». У Калінінградзе форвард атрымлівае не менш за 10 тысяч даляраў за месяц.

Калі ж вярнуцца ў верасень-2023, то варта сказаць, што раскашэлілася на Валерыя Грамыку маскоўскае «Тарпеда».

Мала таго, што клуб, паводле звестак журналіста Уладзіслава Татура, заплаціў за паўабаронцу БАТЭ 100 тысяч даляраў, так і выдаў яму вельмі і вельмі прыстойны заробак. Крыніцы сцвярджаюць, што аклад Грамыкі знаходзіцца на ўзроўні 17-20 тысяч даляраў за месяц.

У апошнія паўгода гульцы БАТЭ актыўна едуць ва «Урал» да Віктара Ганчарэнкі. Да Ягора Філіпенкі і Дзяніса Шчарбіцкага ў пачатку верасня далучыўся Уладзіслаў Малькевіч. Арцём Канцавы замест прапановы румынскага «Сэпсі» таксама ўпадабаў Екацярынбург. Як кажуць крыніцы, «Урал» даў гульцам у разы большыя заробкі, чым у БАТЭ. Малькевіч меў у Барысаве каля трох тысяч даляраў плюс бонусы, Канцавы — у раёне пяці тысяч плюс прэміяльныя. Цяпер заробак Малькевіча знаходзіцца ў раёне 15 тысяч даляраў. Канцавы атрымаў менш, але колькі менавіта, мы даведацца не змаглі.

А вось іншы экс-барысавец — брамнік Андрэй Кудравец — у зарплаце дадаў вельмі значна. Галкіпер быў набыты маскоўскім «Дынама» 18 жніўня, але на правах арэнды заканчваў сезон у БАТЭ (праўда, канцоўку чэмпіянату прапусціў праз траўму). Барысаўцы змаглі зарабіць на продажы футбаліста каля 400 тысяч еўра.

Што да зарплаты, то яна ў параўнанні з БАТЭ ўзляцела ў пяць разоў. У Барысаве галкіпер атрымліваў максімальную стаўку для зборніка — каля пяці тысяч даляраў на месяц. А ў Маскве яму будуць налічваць прыкладна 25 тысяч даляраў.

Што да Валерыя Гарбачыка, які перайшоў з «Тарпеда-БелАЗ» у «Чэлябінск», адзін з лідараў Д3 Расіі, то там гульцу прапанаваная зарплата ў 5 тысяч даляраў.

Каментары

Украінскія эксперты разабраліся, з чаго зрабілі расійскі «Арэшнік»1

Украінскія эксперты разабраліся, з чаго зрабілі расійскі «Арэшнік»

Усе навіны →
Усе навіны

Дубль Аляксея Протаса забяспечыў «Вашынгтону» перамогу над «Лос-Анджэлесам»

СМІ расказалі пра даўгі беларускага блогера Улада Бумагі па расійскіх падатках2

Трамп пагражае вярнуць Панамскі канал пад кантроль ЗША. Панама выключае такую магчымасць7

Аргенцінскі падлетак напісаў план забойстваў па-беларуску і прынёс у школу зброю9

Брытанскі блогер, які змагаўся за беларускі ДНЖ і хадзіў да Кубракова, усё ж выехаў з Беларусі. Выпусцілі не з першай спробы16

Шрайбман адказвае, ці могуць перамовы па Украіне прайсці ў Беларусі11

Трамп заявіў, што чакае сустрэчы з Пуціным, каб хутчэй скончыць вайну ва Украіне15

Блогер паказаў, як выглядае найгоршая шаурма ў Мінску3

На вакзале ў Варшаве памёр беларус22

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Украінскія эксперты разабраліся, з чаго зрабілі расійскі «Арэшнік»1

Украінскія эксперты разабраліся, з чаго зрабілі расійскі «Арэшнік»

Галоўнае
Усе навіны →