Як збіраюцца піярыць «саюзную дзяржаву» сярод моладзі — пачыталі прапановы Міністэрства адукацыі
«Нашай Ніве» трапіўся дакумент, адпраўлены ў Адміністрацыю Лукашэнкі з Мінадукацыі ў канцы 2023 года. Гэта бюракратычная папера аб выніках «нарады па моладзевай палітыцы». Што ў яе ўвайшло?
Дакумент, атрыманы «Нашай Нівай» з дапамогай «Белпол», падпісаны намеснікам міністра адукацыі Аляксандрам Кадлубаем.
Ён інфармуе Адміністрацыю Лукашэнкі аб тым, што больш за 180 чалавек — «прадстаўнікоў універсітэтаў, органаў па справах моладзі, дзіцячых і моладзевых аб'яднанняў» — у ліпені 2023 года думалі, як абстаіць пытанне з моладзевай палітыкай у гэтай званай «саюзнай дзяржаве». І прыйшлі да наступных высноваў:
1) Работа ў сферы моладзевай палітыкі павінна адказваць на сучасныя выклікі і пагрозы, з якімі сутыкаецца г.зв. «саюзная дзяржава», базавацца на каштоўнасным і светапоглядным адзінстве народаў Беларусі і Расіі […]
2) Прыярытэтнымі накірункамі моладзевай палітыкі з'яўляюцца духоўна-маральнае, патрыятычнае, працоўнае, прафесійнае выхаванне маладога пакалення.
3) Дзейнасць у сферы моладзевай палітыкі на саюзным узроўні ажыццяўляецца на пляцоўцы «саюзнай дзяржавы», а таксама на ўзроўнях профільных міністэрстваў […]
Дакумент багаты бюракратычнымі перламі з разраду «прапрацаваць распрацоўку», але вось ягоныя асноўныя пункты, якія прапануецца ажыццявіць — вынік інтэлектуальнай дзейнасці 180 чалавек.
— Распрацаваць парадак удзелу прадстаўнікоў моладзевых дэлегацый у сумесных праектах […].
— Аказваць на сістэмнай аснове інфармацыйную падтрымку сумесным ініцыятывам […]. Весці сярод моладзі тлумачальную работу аб ролі і значэнні саюзнай дзяржавы для Беларусі і Расіі прапануецца на платформе «Молодежь.бел».
«Молодежь.бел» — гэта рэсурс, які нават не індэксуецца сістэмамі ацэнкі наведвальнасці сайтаў, настолькі ён малапапулярны.
— Прапануецца пабудаваць «патрыятычны цэнтр» на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці сіламі расійскіх студэнцкіх атрадаў і за кошт «саюзнага бюджэту».
— Прапануецца «забяспечваць адбор, узгадненне і падтрымку моладзевых ініцыятыў, накіраваных на захаванне гістарычнай памяці і супрацьдзеянне фальсіфікацыі гісторыі», а таксама «распрацаваць пытанне сумеснай рэалізацыі мерапрыемстваў па тэматыцы патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі».
Сярод іншых небанальных ідэй: правесці студэнцкі злёт, арганізоўваць сумесныя пошукавыя экспедыцыі, «сфарміраваць сярэднетэрміновы план правядзення спартовых спаборніцтваў па алімпійскіх відах спорту», «выбудоўваць узаемадзеянне па развіцці відаў спорту, звязаных з высокімі тэхналогіямі (камп'ютарны спорт, спартовае праграмаванне, лазерны бой) сярод вучняў ПТВ і ВНУ».
Канечне, складальнікі дакумента не забылі пра сябе: «Ажыццяўляць абменныя праграмы для спецыялістаў моладзевых аб'яднанняў і рэгіянальных органаў па справах моладзі для вывучэння вопыту работы з моладдзю на месцах».
Каментары