Грамадства1313

«Новай Беларусі для сябе не знайшоў, а старая скончылася». Мастак-эмігрант расказаў, чаму расчараваўся ў радзіме

Уладзіслаў, мастак з Беларусі, жыве ў Польшчы больш за 30 гадоў. За гэты час яго творчасць з беларускімі матывамі знікла, з’явіўся новы цікавы занятак, іншы сэнс набыло жыццё, а месца Беларусі ў ім амаль не засталося, піша Беларуская служба Польскага радыё.

.
Праца Уладзіслава.Фота: Павел Залескі

Шлях да мастацтва быў натуральным

Уладзя — мастак. Нарадзіўся і вырас у Беларусі, па нацыянальнасці паляк, але беларускай мовай валодае як роднай. Адукацыю атрымаў у Польшчы. Скончыў мастацкую акадэмію ў Познані, жыве і працуе тут ужо на працягу 30 год.

Згадвае, што побач з творчасцю адчуваў сябе з дзяцінства — яго тата мастак па метале, займаўся чаканкай.

«Я яшчэ нават не нарадзіўся, а ў бацькі ўжо былі планы, што буду мастаком. Яно неяк натуральна прыйшло. Я сутыкаўся з гэтым з самых малых гадоў і таму гэта быў натуральны шлях для мяне — прыйсці ў мастацтва. Пра нішто іншае занадта і не марыў ніколі. Шчыра кажучы, ніколі і не пашкадаваў пра тое, які шлях абраў».

Жывапіс Уладзіслава.
Жывапіс Уладзіслава

Пакуль вучыўся, Беларусь змянілася

Суразмоўца згадвае, што ў Польшчу паехаў вучыцца ў 1992 годзе. Падчас вучобы думаў вярнуцца, маўляў, у Беларусі тады былі цікавыя часы: усталёўвалася дэмакратыя, з’явіліся парасткі свабоды. Кажа, што ў яго захавалася шмат асобнікаў часопіса «Крыніца» і цяпер, чытаючы іх, здаецца, што гэта тэксты не з мінулага, а з будучага Беларусі.

«З 94-га года пачаў адчуваць, нягледзячы на маладыя гады, змены, якія тады адбываліся — гэта ўжо была не тая Беларусь, з якой я з’ехаў. І калі скончыў вучобу ў 1998 годзе, то ўжо добра разумеў, што гэта іншая краіна і, шчыра кажучы, не бачыў у ёй для сябе месца».

Праўда, так проста з Беларуссю развітацца не давялося. Калі пасля сканчэння акадэміі прыехаў да бацькоў у адведкі, адразу ж з’явіліся міліцыянты ў доме і адвезлі яго ў ваенкамат. На Уладзю гэта зрабіла незабыўнае ўражанне.

«Калі дахаты прыязджае міліцыя і, як крымінальніка, вязуць падпісваць позву — такое не можа быць у нармальным войску і ў нармальнай краіне. Тым больш, што і вайны ніякай не было. Па-другое, мне заўсёды не падабалася гэтая саўковая аўра з савецкім бардаком. Нават сам той факт, што прысяга была па-расейску — я не адчуваў сябе ў беларускім войску. Ніякай беларускасці там не было. І гэта войска адвучыла мяне любіць Беларусь цалкам».

Усе матывы ў творчасці былі звязаныя з Беларуссю

У Польшчы Уладзя з галавой акунуўся ў мастацтва. Хоць і скончыў факультэт прыкладной графікі, але пачаў займацца жывапісам і скульптурай. Паводле яго слоў, жанрава ягоны жывапіс набліжаны да рэалістычнага, часам з элементамі сюррэалізму.

«У Заходняй Еўропе з’явілася такая з'ява, як магічнае мастацтва. Мастацтва з элементамі фэнтэзі, рэалізму, сюррэалізму — вельмі ілюстрацыйнае. Яно напэўна не абстрактнае ў сучасным разуменні».

Праца Уладзіслава
Праца Уладзіслава

Дарэчы, згадваючы свой працоўны шлях у Польшчы, суразмоўца адзначае, што ён не быў цукровым, паколькі ўсё даводзілася пачынаць на пустым месцы: не было дзе жыць, спаў на падлозе ў хлопцаў у інтэрнаце, і легалізавацца давялося па-новаму. Але, як сам кажа, знайшоў майстэрню і пачаў працаваць, рабіць выставы. Маўляў, быў маладым і на многія рэчы не звяртаў увагі.

«Магчыма, гэта толькі маё ўражанне, але здаецца, што мастакам тады ўсё ж было лягчэй, чым цяпер — людзі больш цікавіліся мастацтвам. Нават тое мастацтва, якое я тады рабіў, на яго знаходзілася больш зацікаўленых. Людзі больш хадзілі на выставы, існавала больш галерэй. Ва ўсім гэтым адчуваўся нейкі рух, нейкае жыццё.

Цяпер, мне здаецца, гэта ўсё крыху падсела. З аднаго боку было цяжка, а з іншага я быў у стане зрабіць выставу і адразу палову яе прадаць. Малады невядомы мастак-пачатковец мог так зрабіць. Сёння гэта амаль немагчыма».

Уладзя згадвае, што гэта быў вельмі інтэнсіўны час у яго творчасці. Прыкладна за сем год ён зрабіў больш за дваццаць персанальных выстаў па ўсёй Польшчы. Цікава, што ў той час, як сам прызнаецца, уся яго творчасць была прасякнутая беларускімі матывамі.

«Тады ўсе матывы былі звязаныя з Беларуссю. Гэта быў момант, калі я разумеў, што ўжо ніколі не вярнуся ў Беларусь, але засталося шмат сантыментаў і ўспамінаў, звязаных з дзяцінствам. А я вырас у невялічкай маляўнічай вёсцы і ўражаннямі ад таго часу карыстаўся шмат гадоў у сваёй творчасці. Даволі доўга гэта адбывалася, але потым, цяжка сказаць чаму, скончылася».

Праца Уладзіслава
Праца Уладзіслава

Крызіс і новы этап у жыцці

А потым, як у шмат каго з творчых людзей, наступіў пэўны крызіс. Пачалі дакучаць думкі — ці наагул ёсць нейкі сэнс рабіць тое, што робіш. Перастаў ладзіць выставы, бо згубіўся сэнс у іх.

«З узростам у чалавека з’яўляецца такі скептыцызм да ўсяго ў жыцці і губляецца тая наіўнасць, якая ёсць у маладых людзей. Сутыкаешся з рэчаіснасцю, калі трэба зарабляць грошы, выжываць, будаваць хату, з’яўляецца сям’я, дзеці і разумееш, што няма ўжо месца для мараў, якія не прыносяць прыбытку. І ўсе твае задумы разбіваюцца аб суровую сцяну рэчаіснасці».

Трохі задумаўшыся, Уладзя дадае.

«Мая Беларусь — яна скончылася. І не толькі фізічна, як дзяржава, а таксама як маё мастацтва. Усё, што я мог пра яе сказаць — сказаў і болей нічога дадаць не магу. Новай Беларусі для сябе не знайшоў, а старая скончылася. Каб закрыць гэтую тэмы, выдаў кніжку з ілюстрацыямі, з маімі карцінамі і вершамі. З той пары тэма Беларусі ў мяне ў мастацтве не з’яўляецца».

Праца Уладзіслава
Праца Уладзіслава

Як заўважае суразмоўца, творчасць на гэтым не спынілася, пачалі з’яўляцца іншыя тэмы: жыццё, смерць, каханне. А вось, што датычыць Беларусі, то сантыменты да яе з часам пачалі аддаляцца. Праўда, і жывапіс стаў як хобі. Ён знайшоў сябе ў іншым творчым занятку: пачаў рабіць скульптуры з лёду і з пяску.

«Гэта мяне зацягнула так, што займаюся гэтым ужо 22 гады. У класічным разуменні, на мой погляд, гэта не сапраўднае мастацтва. Гэта ў чыстым выглядзе камерцыя. І, па шчырасці, гэта робіцца больш дзеля грошай, але прыемнасць у тым, што грошы зарабляюцца сваёй прафесіяй і тым, што табе сапраўды падабаецца. Калі ўвечары ідзеш спаць, то думка, што заўтра трэба на працу, для цябе прыемная».

Адносіны з Беларуссю нагадвалі амерыканскія горкі

Уладзя расказвае, што дзякуючы новаму занятку аб’ехаў практычна ўвесь свет і гэта такое дадатковае задавальненне ад працы. А да ўсяго, свет паўплываў на яго, як на асобу. А як ён успрымаў падзеі 2020 года ў Беларусі?

Паводле суразмоўцы, за навінамі сачыў кожную гадзіну, не адыходзіў і ўначы. Была вера, што адбудуцца змены і на яго радзіме. Але, як заўважае, усё змянілася ў адзін момант. Не хапіла нейкага пераломнага моманту. А вось чаму яго не хапіла?…

«Шчыра кажучы, я ганарыўся, што я з Беларусі, што людзі пасля такога трымання за морду праз 30 год былі здольныя такое зрабіць. Але з іншага боку я не разумеў, калі два гады таму ў Гародні падчас канцэрту Газманава стаялі такія ж тысячы людзей, спявалі і махалі ліхтарыкамі. Мне было сорамна за беларусаў…»

Суразмоўца дадае, што ганарыўся беларускімі эмігрантамі, якія прыехалі ў Польшчу пасля 2020 года, але сорамна стала за Беларусь, калі пачалася вайна…

«І вось усё маё жыццё — гэта такія амерыканскія горкі ў дачыненні з Беларуссю. Таму я кажу, што для мяне Беларусь — гэта гісторыя страчаных мрояў. Я веру ў нейкую іншую Беларусь і заўсёды думаю, што вось яшчэ крыху, і яна будзе. Але на сённяшні дзень я страціў гэтыя мроі цалкам. Я не веру ні ў Беларусь, ні ў тое, што там будуць змены. Мне, відаць, не дачакацца гэтага. Магчыма, мая дачка пабачыць іншую Беларусь.

Чытайце таксама:

«Калі хочаш сабе другую жонку, то добра, але без мяне». Беларуска пераехала ў Польшчу і прыняла іслам

Беларус стварыў скульптуры для алтара беластоцкага кафедральнага касцёла

«Беларусь для мяне — краіна кантрастаў». Малады паляк з беларускімі каранямі самастойна вывучыў мову і піша песні па-беларуску

Каментары13

  • Злобный вожык
    25.03.2024
    I дачка не пабача.
  • Стас
    25.03.2024
    Малайчына, што яшчэ можна сказаць !!!
  • Паралельны сьвет
    25.03.2024
    Папаў у самую кропку, дакладна мае думкі пераказаў. Чыстая праўда, так і ёсць..

У Расіі выпадкова выдалі колькасць вайскоўцаў, якія зніклі без вестак?3

У Расіі выпадкова выдалі колькасць вайскоўцаў, якія зніклі без вестак?

Усе навіны →
Усе навіны

Устанавілі тарыфы на платны прыём дактарамі3

«Будзе двоеўладдзе: Зурабішвілі паспрабуе перападпарадкаваць сабе дзяржапарат». Якія перспектывы пратэстаў у Грузіі3

Стыльная карэянка, што скарыла сэрцы гледачоў Алімпіяды, трапіла ў спіс «100 жанчын 2024 года»

Чым цяпер жыве доктар Мартаў?5

Зяленскі адмовіўся назваць лічбу ўкраінскіх вайскоўцаў, якія загінулі з пачатку вайны 3

УЕФА па выніках матча з мінскім «Дынама» аштрафаваў «Легію» за антылукашэнкаўскія плакаты фанатаў1

Новая вакцына ад ВІЧ прайшла фінальнае выпрабаванне. Эфектыўнасць — рэкордныя 99%8

У класных журналах будуць звесткі аб месцы працы бацькоў3

У Тбілісі пратэстоўцаў рассеялі на праспекце Руставелі6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Расіі выпадкова выдалі колькасць вайскоўцаў, якія зніклі без вестак?3

У Расіі выпадкова выдалі колькасць вайскоўцаў, якія зніклі без вестак?

Галоўнае
Усе навіны →