Асуджанага на 19 гадоў палітвязня па «справе анархістаў» зноў будуць судзіць
Сёння пачынаецца чарговы суд над Дзмітрыем Разановічам.
Па ініцыятыве адміністрацыі Івацэвіцкай калоніі № 22 супраць Дзмітрыя завялі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі).
Сёння, 26 сакавіка, у Івацэвічах над палітвязнем распачынаецца суд. Справу будзе разглядаць суддзя Сяргей Кухацкавалец.
Летась палітвязня перавялі ў ПКТ да сакавіка. Раней Дзмітрыя неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА, а таксама пазбавілі спатканняў і перадач і пагражалі перавесці на турэмны рэжым.
Дзмітрыя Разановіча затрымалі напрыканцы кастрычніка 2020 года. 22 снежня 2021 года Мінскі абласны суд прызначыў Аліневічу і Раманаву — па 20 гадоў калоніі; Разановічу — 19 гадоў калоніі; Дубоўскаму — 18 гадоў калоніі.
Падтрымаць палітвязня: ПК № 22. 225295, Брэсцкая вобласць, Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20, Дзмітрый Рыгоравіч Разановіч
Каментары