«У Пінску гэта нармальная з'ява». Дрэвы на гарадской набярэжнай аблепленыя змеямі
Карыстальніца тыктоку з Пінска днямі паказала кадры з гарадской набярэжнай: высаджаныя ўздоўж ракі туі аказаліся паўсюль аблепленыя вужамі, якія выпаўзлі пагрэцца на вясновым сонейку, піша Telegraf.news.
Некаторыя гледачы спачатку вырашылі, што на відэа — штучныя змеі, аднак мясцовыя жыхары запэўнілі, што паўзуны — самыя што ні на ёсць сапраўдныя.
Са слоў аўтаркі відэа, «вясной у Пінску гэта нармальная з'ява», а сёлета вужоў так шмат, што яны «нават на дрэвах сядзяць».
Для некаторых пінчукоў, па іх уласным прызнанні, гэта стала «ўжо шматгадовай традыцыяй: вясной шукаць вужоў у парку і на набярэжнай», куды, мяркуючы па ўсім, змеі вылазяць у сонечнае надвор'е пагрэцца.
Пры гэтым, па словах некаторых, на сонейку грэюцца «бяскрыўдныя вужыкі», аднак іншыя гледачы прызналіся, што ў такіх «камячках» на дрэвах часам сустракаюцца і гадзюкі — адзіны від атрутных змей у Беларусі.
У сувязі з гэтым некаторыя каментатары, якія асабліва ўразіліся, прапанавалі выклікаць МНС, каб не «здарылася непапраўнае», калі «дзеці прыйдуць і не заўважаць». На што аўтарка відэа адзначыла, што «гэтых вужыкаў трэба саміх ратаваць ад дзяцей», паколькі тыя «цягаюць няшчасных па ўсёй набярэжнай».
«Узровень вады моцна падняўся. Заўсёды чамусьці шмат вужоў, калі такое адбываецца. Вада спадзе, схаваюцца», — запэўніў адзін з гледачоў.
Чытайце таксама:
У гонар Харысана Форда названы від змей, раней не вядомы навуцы
У Мінскай вобласці заўважылі рэдкую змяю
У гарадскім парку Пінска заўважылі клубок буйных вужоў ВІДЭА
Каментары