У Венесуэле адзіным кандыдатам ад апазіцыі стаў немалады дыпламат, які быў паслом у часы Чавеса
Супраць Ніколаса Мадуры пазмагаецца 74-гадовы дыпламат Эдмунда Гансалес Урутыа. Што пра яго вядома?
Аб'яднаная дэмакратычная платформа, якая аб'ядноўвае асноўную частку апазіцыі Венесуэлы, пасля пяцігадзіннай сустрэчы назвала імя адзінага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах, што адбудуцца ў канцы ліпеня. Ім стаў прафесійны дыпламат Эдмунда Гансалес Урутыа (Edmundo González Urrutia).
Ён нарадзіўся ў 1949 годзе, закончыў факультэт міжнародных даследаванняў Цэнтральнага ўніверсітэта Венесуэлы, з 1978 знаходзіўся на дыпламатычнай рабоце ў ЗША, дзе ў 1981 годзе атрымаў ступень магістра міжнародных адносін.
Гансалес Урутыа займаў розныя пасады ў галоўным упраўленні міжнароднай палітыкі Міністэрства замежных спраў Венесуэлы ў перыяд з 1994 па 1998 год, уключаючы кіраўніцтва камітэтам стратэгічнага аналізу і планавання.
Акрамя гэтага, ён быў паслом Венесуэлы ў Алжыры (1991—1993 гады) і Аргенціне (1998-2002 гады). З дыпламатычнай службы адышоў у 2002 годзе і заняўся навуковай кар'ерай. Цяпер Гансалес Урутыа з'яўляецца намеснікам дырэктара і каардынатарам Працоўнай групы па міжнародным сістэмным маніторынгу Інстытута парламенцкіх даследаванняў.
У перыяд з 2013 па 2015 год Гансалес быў міжнародным прадстаўніком Круглага стала дэмакратычнага адзінства — шырокай выбарчай кааліцыі апазіцыі, а ў 2020-х стаў яго прэзідэнтам.
Абвяшчэнне адзінай кандыдатуры было зроблена па выніках сустрэчы Эдмунда Гансалеса з Марыяй Мачада, якая перамагла на апазіцыйных праймерыз, але не дапушчаная да выбараў уладамі. Рашэннем Вярхоўнага суда Венесуэлы яе пазбавілі на 15 гадоў права займаць дзяржаўныя пасады.
Праз адсутнасць прагрэсу ў перамовах паміж урадам і апазіцыяй ЗША ў канцы студзеня 2024 года аднавілі дзеянне санкцый у дачыненні да нафтагазавага сектара Венесуэлы.
Гансалес быў нечакана зарэгістраваны кандыдатам ад Дэмакратычнай унітарнай платфомы ў дадатковы дзень рэгістрацыі кандыдатаў 26 сакавіка, пасля няўдалай спробы апазіцыі зарэгістраваць іншага кандыдата.
Выбары прэзідэнта Венесуэлы адбудуцца 28 ліпеня. Для ўдзелу ў іх зарэгістраваны 13 кандыдатаў. Эдмунда Гансалес Урутыа, які падчас рэгістрацыі разглядаўся як тэхнічны кандыдат, стаў ключавой фігурай у намаганнях традыцыйнай апазіцыі па кансалідацыі агульнага фронту ў барацьбе за прэзідэнцкае крэсла супраць дзейнага прэзідэнта Нікаласа Мадуры. Да гэтага апазіцыя байкатавала прэзідэнцкія выбары 2018 года і парламенцкія 2020-га.
Каментары