Шрайбман: Няма прасторы для абмену палітвязняў, планка для пачатку размовы з Лукашэнкам вельмі высокая
Аналітык Арцём Шрайбман паразважаў, чаму Захад не вядзе торг з Лукашэнкам.
Прэцэдэнты абмену палітвязняў на санкцыі былі ў папярэднія гады, але цяпер немагчымыя, лічыць Шрайбман. Лукашэнка не зацікаўлены ў аслабленні слабых санкцый (у адносінах начальнікаў ізалятараў ці суддзяў) — а менавіта іх уводзілі за парушэнне правоў чалавека ў 2020-м.
З тых часоў санкцыі ўвялі яшчэ за пасадку самалёта з Пратасевічам на борце, міграцыйны крызіс у 2021-м, дапамогу Расіі ў вайне.
«Аслабляць іх у абмен на палітзняволеных Захад лічыць немэтазгодным, таму што тады атрымліваецца, што Лукашэнка можа рабіць усё, што ён робіць, уключаючы дапамагаць Расіі ў вайне, дапамагаць забіваць украінцаў па сутнасці, але калі ён набярэ дастаткова закладнікаў, то ён можа гэтых закладнікаў абмяняць на санкцыі і такім чынам застацца без пакарання за ўсё тое, што ён працягвае рабіць, у тым ліку і на мяжы з Еўрасаюзам»,
— тлумачыць аналітык.
Размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі ядзернай зброі ці вагнераўцаў не спрыяе таму, каб на Захадзе падымалі пытанне аб аслабленні санкцый.
«Наадварот. Трэнд у іншы бок: «давайце шукаць, як яшчэ пастрожыць, як перакрыць дзіры, якія Расія выкарыстоўвае праз Беларусь». Плюс ёсць разуменне, што калі аслабіць нейкія сур'ёзныя санкцыі ў адносінах да Беларусі, якія могуць дапамагчы Расіі абыходзіць яе санкцыі, гэта можа дапамагчы Расіі весці вайну».
Цяпер няма прасторы для гуманітарных абменаў, заўважае Шрайбман.
«Планка для пачатку размовы з Лукашэнкам настолькі высокая, што ніхто нават не думае да яе падыходзіць. На Захадзе лічыцца палітычна вельмі таксічным задумвацца ўслых пра ідэі таргавацца з Лукашэнкам санкцыямі на палітвязняў».
Аналітык падсумоўвае, што для палітвязняў гэта сумная сітуацыя, бо
«ні ў каго цяпер няма палітычнай магчымасці змагацца за іх вызваленне».
Каментары