У Расіі расказалі, як вырашаюць праблему з мігрантамі — іх адпраўляюць на вайну ва Украіну
Кіраўнік Следчага камітэта РФ Аляксандр Бастрыкін заявіў, што ў Расіі «адлавілі» 30 тысяч мігрантаў, якія атрымалі грамадзянства РФ, і 10 тысяч з іх адправілі на вайну. Ён заявіў пра гэта, выступаючы на Пецярбургскім міжнародным юрыдычным форуме.
«Мы адлавілі больш за 30 тысяч [мігрантаў], якія атрымалі грамадзянства і не жадаюць стаць на воінскі ўлік, паставілі на ўлік і ўжо каля 10 тысяч накіравалі ў зону СВА», — цытуе кіраўніка ведамства РІА Новості.
Бастрыкін назваў такую практыку «фішкай, якая прывяла да таго, што мігранты сталі паволі пакідаць Расію».
«Нам кажуць: «Навошта яны там патрэбныя, гэтыя таварышы?» Капаць акопы і ўмацаванні ствараць, для гэтага патрэбныя сапраўды добрыя працоўныя рукі. Яны сёння папаўняюць шэрагі нашых тылавых падраздзяленняў», — дадаў кіраўнік СК.
Каментары