Расказваем пра новы серыял ад Netflix па матывам Бакача.
Сярэдзіна 14-га стагоддзя, Італія ў разгар эпідэміі бубоннай чумы. Багацеі разам са слугамі бавяць час на віле за межамі Фларэнцыі ды адначасова хаваюцца ад смяротнай небяспекі. А каб час у каранціне цягнуўся хутчэй, маладзёны расказваюць адзін аднаму розныя гісторыі — некаторыя з іх трапныя, а некаторыя ну вельмі разбэшчаныя.
Так пачынаецца «Дэкамерон», твор 14 стагоддзя, які абессмяроціў імя свайго аўтара Джавані Бакача. Сюжэты з «Дэкамерона» малявалі Сандра Батычэлі і Марк Шагал, фільмы па творы здымалі П’ер Пазаліні і Федэрыка Феліні — і гэта толькі самыя знакамітыя з даўжэзнага спісу творцаў, якія прыклалі рукі да гэтай гісторыі.
Але забудзьце пра першакрыніцу, бо ў нэтфліксаўскім «Дэкамероне» ад яе мала што засталося. Мы па-ранейшаму ў прадмесцях зачумленай Фларэнцыі, і з намі большасць герояў твора Бакача — маладыя арыстакраткі Пампінея, Філамена, Нейфіла і іх спадарожнікі ды спадарожніцы. А вось гісторыі ад іх мы чуем толькі ў некалькіх эпізодах, астатняе — расказ пра саміх багацеяў і іх жыццё ў замкнёнай віле, пакуль свету, які яны ведалі, здаецца, прыходзіць канец.
Няцяжка здагадацца, што ў такіх умовах маладзёны жадаюць весяліцца, быццам у апошні раз. У пачатку яны яшчэ спрабуюць захаваць прэстыж, і найбольш гэта праяўляецца праз асобу багамолкі Нейфілы, якая змагаецца з «грахоўнымі думкамі». Але вельмі хутка маскі падаюць, і персанажы запаўняюць жыццё гулянкамі ды сэксам — зрэшты, гэтаму спрыяе і асоба ўладальніка вілы, аднаго з самых загадкавых герояў.
Гэтая версія «Дэкамерона» знятая ў стылістыцы чорнай камедыі, таму асабліва адчувальным гледачам можа быць няпроста яе глядзець. Спрэчныя рысы герояў тут даведзеныя да абсурду, і таму персанажы часам выглядаюць карыкатурна. Да прыкладу, згадаем Пампінею, якая так хоча выйсці замуж, што гатовая падмануць і суседзяў па віле, і нават сябе саму.
Жарты ў серыяле простыя, а недзе ў сярэдзіне адчуваеш, што сюжэт правісае і, здаецца, ужо не можа здзівіць цікавым паваротам. Але ў апошніх серыях «Дэкамерон» выпраўляецца: сітуацыя напружаная, і героі, нават безнадзейныя ў пачатку, паказваюць, што час на віле змяніў іх да лепшага.
Так, гэтыя змены ўсё яшчэ не выводзяць серыял у ранг высокаінтэлектуальнага відовішча, і калі ёсць ахвота пашукаць тут кпіны над класікай, знайсці іх можна будзе лёгка. Аднак паглядзіце на гэта з іншага боку: хіба «Дэкамерон» Бакача з усімі яго гісторыямі, дзе таксама ёсць вольнае каханне і сэкс, не быў скандальным і зняважлівым для 14-га стагоддзя? Вядома, што каталіцкая царква асудзіла гэты твор, і сам Бакача пазней выказваў шкадаванне, што напісаў такую «амаральную» кнігу. Дык чаму ж «Дэкамерон» 21-га стагоддзя мусіць быць менш скандальным?
Прыслуга, якая мінімальна прысутнічала ў кнізе, у серыяле набывае жывое аблічча, хаця і трохі карыкатурнае, як і іх паны. Аўтары адаптацыі робяць тое, што наўрад ці дазволіў бы сабе Бакача — яны дэманстратыўна грэбуюць прынцыпам класавай няроўнасці. Тут незаконнае дзіця прэтэндуе на багацце, служанка робіцца дваранкай (і не адна), арыстакраткі трапляюць у прамым сэнсе на дно ці начуюць у надта нечаканым месцы. Зрэшты, якая розніца, хто тут дваране, а хто — сяляне, калі за брамай — смерць, і яна ўсё бліжэй?
Але не ўсе багатыя настолькі, каб хавацца ад чумы на віле, і герояў наганяюць праявы гэтай несправядлівасці. Можна змяняць ідэнтычнасць, сябраваць і не толькі са служанкамі, але што ў 14-м, што ў ХХІ стагоддзі нікуды не схаваешся ад класавай няроўнасці, як і ад уласнай смяротнасці.
Сюжэт Бакача геніяльны і тым, што гэта — пазачасовая гісторыя. Пару гадоў таму, у часы пандэміі, было б лёгка ўявіць сабе групу сяброў, якія на час лакдаўну выехалі жыць за горад. Такія сябры таксама, як Пампінея і яе сучаснікі, маглі б бавіць час за файнымі гісторыямі і гулянкамі. Заадно яны б адчувалі, быццам свет навокал незваротна змяняецца, і таму самы час атрымліваць максімум асалоды ад жыцця, нават калі б бацькі не ўхвалілі тое, як яны гэта робяць.
У гэтую простую рамку, якую нам даў Бакача, стваральнікі серыяла ўнеслі сваё напаўненне — атрымалася жыва.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары