Літаратура44

«Мая геніяльная сяброўка». Пра што раман, названы найлепшым у XXI стагоддзі?

Сяброўства, зайздрасць і гістарычная слепата на ўбогіх вуліцах Неапаля. Паглядзелі, што за твор загадкавай італьянскай пісьменніцы займае першы радок у спісе 100 найлепшых. 

Лену і Ліла ў серыяле «Мая геніяльная сяброўка» па матывах рамана Элены Ферантэ. Кадр з серыяла

Газета The New York Times завяршыла свой вялікі спецпраект пра галоўныя кнігі, якія выйшлі ў свеце за першую чвэрць XXI стагоддзя. У адборы найкаштоўнейшых літаратурных твораў узялі ўдзел больш за 500 пісьменнікаў, публіцыстаў, паэтаў, літаратурных крытыкаў, перакладчыкаў і іншых экспертаў. Першае месца ў гэтым спісе да здзіўлення многіх заняў раман «Мая геніяльная сяброўка» Элены Ферантэ.

Раман выйшаў у 2011 годзе і з'яўляецца першым у тэтралогіі «Неапалітанскі квартэт». Творы з гэтай серыі расказваюць пра сяброўства дзвюх неапалітанскіх дзяўчат, якія сталеюць у складаных рэаліях пасляваеннай Італіі. 

Раманы серыі «Неапалітанскі квартэт»

Элена «Лену» Грэка, дачка швейцара ў муніцыпалітэце, і Рафаэла «Ліла» Чэрула, дачка краўца, жывуць у бедным і занядбаным квартале, самай сацыяльнай клаацы Неапаля 1950-х гадоў, які і праз 70 гадоў застаецца адным з найбольш брудных і злачынных гарадоў Італіі. Што ж казаць пра першыя гады пасля вайны і звяржэння рэжыму Мусаліні.

Зрэшты, як і ўсе дзеці, дзяўчынкі гэтай галечы не заўважаюць, а скандалы, хваробы, калецтвы і смерці з’яўляюцца звыклай часткай жыцця квартала. Іншага яны і не ведалі: квартал — гэта ўвесь іх свет, з якога так проста не вырвешся.

Раман пачынаецца з тэлефоннай размовы ў далёкай будучыні Лену і Лілы, з якой мы разумеем, што адна з іх усё ж змагла вырвацца ў людзі і стаць паспяховай, а іншая растраціла сваё жыццё і цяпер, у канцы жыцця, хоча знікнуць без следу. Але сяброўка не дасць ёй гэтага — яна сядае і запісвае іхнюю агульную гісторыю на паперу.

Лену і Ліла жывуць на адным двары і ходзяць у адну школу, але ва ўсім іншым яны абсалютныя супрацьлеглыя. Светлавалосая Лену мае ціхі, рахманы характар і старанна вучыцца, а Ліла — худзенькая, чарнявая, беспардонна прамалінейная, смелая і агрэсіўная, як сапраўднае чарцяня. 

Злая Ліла штурхае рахманую Лену туды, куды яна сама не адважылася б зайсці. Кадр з серыяла

Лену прызнаецца, што заўсёды ведала, што Ліла злая. Але не першы раз супрацьлегласці прыцягваюцца.

Ліла праводзіць яе шляхамі, на якія яна сама б ніколі не адважылася. Гэтае пачуцце ап’яняе, і Лену моцна прывязваецца да злой дзяўчынкі, з ёй і толькі з ёй хоча быць. Лену проста пераймае ўсё, што робіць Ліла, і цікавіцца толькі тым, што цікавіць тую, бясконца захапляецца ёю. 

«Я баялася, што, выпусціўшы з вачэй кавалачкі яе жыцця, страчу і галоўную сілу ўласнага жыцця», — прызнаецца Лену.

У нейкі момант выяўляецца, што Ліла найлепшая вучаніца, якая добра гэта хавае. Паміж Лену і Лілай упершыню ўзнікае канкурэнцыя, якае пройдзе чырвонай ніткай праз увесь раман. Складаныя пачуцці бязмежнай любові, зайздрасці і захаплення будуць то зводзіць, то разводзіць дзяўчат па жыцці.

Сапраўднай трагедыяй, якая будзе павялічваць прорву паміж імі, стане адукацыя. Бедным неапалітанцам няма што плаціць за вучобу сваіх дзяцей, дый няма разумення, навошта тая адукацыя патрэбная, калі патрэбная дапамога па гаспадарцы? Непрыняцце паражэння адной, яе спробы самастойна навярстаць і абысці толькі падахвочваюць да большага іншую сяброўку, якой пашчасціла ў жыцці на кропельку больш. 

Прыгажосць і магнетызм Лілы становіцца прадметам зайздрасці Лену. Кадр з серыяла

Прыродны магнетызм Лілы становіцца яе дарам і праклёнам, калі дзяўчаты ўваходзяць ва ўзрост, калі пачынаюць цікавіцца хлопчыкамі, а тыя імі. Ён жа — праблема і для Лену, якую саму цягне да яе і якая адначасова зайздросціць ёй, ужо не розуму і смеласці, як у дзяцінстве, а чароўнай прыгажосці і абаяльнасці. Дзяўчаты знаёмяцца з тымі цёмнымі бакамі жыцця, што раней былі ад іх схаваныя няведаннем.

Няведанне, напэўна, найбольш цікавая з усіх ліній рамана. Праз гісторыю дзяўчат пісьменніца прыадчыняе гісторыю італьянскай правінцыі і краіны ў цэлым пасля гадоў ліхалеццяў. Сталыя людзі не гавораць пра мінулае, падмяняючы яго словам «раней». Але што значыць «раней», ніхто не тлумачыць, і для дзяўчат яго значэнне застаецца вельмі доўга загадкай. 

У школе іх вучаць старажытнай лацінскай мове, але пры гэтым яны нічога не ведаюць пра Другую сусветную, пра фашысцкі рэжым, пра грамадзянскую вайну, пра звяржэнне манархіі. Падзеі папярэдняга дзесяцігоддзя быццам усе хочуць забыць. Ад іх застаецца толькі невытлумачальная нянавісць і страх перад донамі, жывымі напамінамі таго, як было «раней».

У школе іх вучаць таму, якія рэгіёны ёсць у Альпах далёка на поўначы краіны, але, жывучы ў межах аднаго квартала Неапаля, яны ніколі не былі ў іншых, не бачылі Везувія, не бачылі мора. Не бачылі мора ў прыморскім горадзе!

Пасталелыя дзяўчаты выбіраюцца са свайго квартала і сутыкаюцца з незнаёмым светам вялікага горада. Кадр з серыяла

І такіх кантрастаў у жыцці квартала нямала. Беларусаў хутчэй за ўсё зачэпіць моўнае пытанне ў рамане, вельмі падобнае да таго, што існавала ў Беларусі. Мясцовыя размаўляюць на «дыялекце», а ў школе іх вучаць літаратурнай італьянскай мове. І гэтую «замежную» мову асвоіць можа не кожны, яна — прыкмета статуснасці.

У кнізе нават гучыць, хоць і іншымі словамі, знаёмы тэзіс пра тое, што на «дыялекце» нельга «выказаць нічога сапраўды вялікага». 

Слова ў двукоссях, бо неапалітанская мова настолькі ж дыялект італьянскай, наколькі беларуская — «сапсаваны польскай дыялект рускай мовы». Гэтая мова родная для мільёнаў, але «старэйшы брат» адмаўляе ёй у існаванні.

Пасля Другой сусветнай вайны пачынаецца імклівы распаўсюд літаратурнай мовы праз усеагульную адукацыю, што мы і назіраем у рамане. Міграцыйныя працэсы прыводзяць да змяншэння ролі рэгіянальных моў і павелічэння ролі і прэстыжу літаратурнай італьянскай. Нягледзячы на прызнанне статусу неапалітанскай мовы як асобнай мовы, яна дагэтуль адсутнічае ў адукацыі.

У рамане пра Італію стэрэатыпна шмат кахання і разборак. Кадр з серыяла

Як ставіцца да гэтых працэсаў аўтарка рамана, складана сказаць, але яна, відаць, і не хацела б, каб мы пра гэта ведалі, бо асоба аўтара накладае след і на ягоныя творы.

Увогуле Элена Ферантэ — гэта псеўданім, але хто хаваецца за ім, дагэтуль дакладна невядома, магчыма, што нават некалькі чалавек. Згодна з афіцыйнымі звесткамі, пісьменніца нарадзілася ў Неапалі ў 1943 годзе — у той жа час, калі і ейныя гераіні.

Сюжэт наступных частак серыі — «Гісторыя новага імя», «Тыя, хто сыходзяць, і тыя, хто застаюцца», «Гісторыя пра зніклае дзіця» — дзе адна з гераінь становіцца вядомай пісьменніцай, дае падставы думаць, што «Неапалітанскі квартэт» часткова аўтабіяграфічны. Тады ўступ да першага рамана закальцоўвае не толькі гісторыю Лену і Лілы, а можа яшчэ і гісторыю самой пісьменніцы. За адным выключэннем — пісьменніца не робіць памылкі сваёй гераіні і не раскрывае сваёй асобы.

На мой суб’ектыўны густ, ад гэтага рамана застаецца адчуванне дзявочай белетрыстыкі для лёгкага чытання. Бадзёры пачатак гісторыі незвычайнага сяброўства, якая чапляе праўдзівай неадназначнасцю сапраўдных пачуццяў паміж блізкімі людзьмі, пад канец скочваецца ў самапаўтарэнне, прыпраўленае вірам кавалераў, сяброў, сваякоў і іншых персанажаў, якія круцяцца вакол Лену і Лілы. Усачыць за гэтым вірам складана, дый стэрэатыпную паўднёвую гарачнасць, страсці і сэксуальную непераборлівасць мы бачылі і ў бразільскіх серыялах. 

Варта памятаць, што якія б знакамітыя знаўцы і спецыялісты не складалі спіс найлепшых з найлепшых, ваш асабісты спіс улюбёных твораў не абавязаны яму адпавядаць.

Серыял дапаўняе раман прыгожымі італьянскімі краявідамі і модай таго часу. Кадр з серыяла

Калі вы, як і я, баіцеся засумаваць за кнігамі гэтага жанру і адчуць сябе падманутымі, то ведайце: з 2018 года выйшла тры сезоны серыяла «Мая геніяльная сяброўка», які ахоплівае не толькі сюжэт аднайменнага рамана, але і іншых кніг «Неапалітанскага квартэта» — напэўна, у кінафармаце гісторыя будзе больш сакавітай і лаканічнай, пазбаўленай хібаў літаратурнай першаасновы.

Каментары4

  • Anatol Starkou
    26.07.2024
    ТРАСЯНКА - МАЯ ГЕНІЯЛЬНАЯ СЯБРОЎКА

    Пражыўшы болей за 21 год у Штатах, часам трымаў у руках газету NYT, і магу вам сказаць, як фатограф аматар, што нават калі б хтосьці з вас напісаў пра двух беларусак раман «Мая геніяльная сяброўка», ён ніколі не папаў бы ў спіс бестселераў Ню Ёрк Таймс, як лепшы твор ці сярод лепшай сотні твораў. Як фатограф кажу вам гэта. Здымаў шмат мясцін Нью Ёрка і да мяне даляцела, што здымкі нашых фатографаў таму не ў пуле тутэйшых конкурсаў, што на нашых здымках НЕ ІХ заходняя КУЛЬТУРА. Фон не той - будынкі не тыя, вуліцы для Захаду чужыя, дый фэйсы нашы не заходнія.
    А вось гэта, на маю думку, пісала не беларуская рука, як і цалкам артыкул, які я лічу перакладам на мову: "моўнае пытанне ў рамане, вельмі падобнае да таго, што існавала ў Беларусі".
    .
    А што ўжо не існуе моўнага пытання? Няма? Ну дзякуй Богу, нарэшце гэта палітыканская брыдода тутэйшых быццам бы падрыётаў і палітыкаў здохла. Сама собой рассосалась ці хтосьці мухабойкай прыхлопнуў? Хоць дасць народу крыху часу адпачыць ад бчб моўнага палітыканскага пустазелля.
    .
    Зараз вучуся на расійскіх літаратурных курсах. ТРЭЦІ РАЗ за два мінулыя гады. Пасля першых курсаў выдаў у РФ кнігу нон-фікшн (2023) аб падзеях у Беларусі 1988-2022 гадоў. Яна мне падабаецца. Зараз пішу пра сваё жыццё, пачынаючы з 1951, калі нарадзіўся ў Мінску. Але захаплю й 1944 год, калі Красная армия вызваліла Беларусь ад Захаду і майго тату прызвалі ў яе шэрагі.
    Тры часткі будзе ў кнізе: савецкі час і гарбачоўская перабудова, так зв бчб і лукашэнкаўскі, ну і амерыканскі час. З вызвалення Беларусі ў 1944 да сённяшняна дня будзе мая кніжная гісторыя. Гэты трыадзіны час майго жыцця. Зразумела, што я не пісьменнік, а тэхнар, які пры гэтым крыху разбіраецца ў палітыцы. Але паспрабую зрабіць не паліт вучэбнік, а мастацкі твор, раман. Не для NYT буду пісаць, а для сваіх унукаў амерыканцаў. На русском языке тэкст будзе. Это второй язык моих внуков - іх матчына мова ёсць минский русский язык — язык их мамы маёй дачкі беларускі. А амерыканская мова — мова іх таты амерыканца. Адна з маіх родных моў — трасянка. Яшчэ польская і мінскі русский язык. Мову ў школе не вывучаў.
    Дум у галаве няма, што мой твор можа быць надрукаваны ў лукашэнкаўскай Беларусі. Хутчэй там пры Рыгоравічу надрукуюць кнігі фатографа Зянона Пазьняка, які ў 1988 у эстонскім часопісе Радуга на русском языке пачаў змагацца з беларускай трасянкай. Ці перамог ты трасянку, Зянон Станіслававіч?
  • Саша
    27.07.2024
    Эммм..21 век только начался.
  • Anatol Starkou
    27.07.2024
    Саша, Почти вчера. Двадцать чатыры бчб года таму назад. Як поспехі?

Памёр дзед Колі Лукашэнкі — былы вязень ГУЛАГа, асуджаны за дапамогу «бандэраўцам»2

Памёр дзед Колі Лукашэнкі — былы вязень ГУЛАГа, асуджаны за дапамогу «бандэраўцам»

Усе навіны →
Усе навіны

Легенду Веткаўскага музея, вядомага краязнаўцу асудзілі ў Гомелі — вырак выносіў былы следчы2

Расія ўпершыню выкарыстала супраць Украіны балістычную ракету новага тыпу. Што гэта можа змяніць14

Пад Мінскам на дарогу выскачыла казуля — перакуліўся МАЗ ФОТАФАКТ

У сеціве з'явілася відэа, магчыма, першага ў гісторыі прымянення новых расійскіх балістычных міжкантынентальных ракет2

Жыхар Віцебска патэлефанаваў у банк і «падарваў асабістыя якасці Лукашэнкі». Яго адправілі ў калонію2

Вазняк падтрымаў Канапацкую і запэўніў, што яна будзе дабівацца вызвалення палітвязняў21

Вось што Меркель напісала пра Трампа ў сваіх мемуарах10

Урсула фон дэр Ляен аказала першую дапамогу пасажыру на борце самалёта3

Расія ўдарыла па Дняпры балістычнай ракетай новага тыпу7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памёр дзед Колі Лукашэнкі — былы вязень ГУЛАГа, асуджаны за дапамогу «бандэраўцам»2

Памёр дзед Колі Лукашэнкі — былы вязень ГУЛАГа, асуджаны за дапамогу «бандэраўцам»

Галоўнае
Усе навіны →