Больш за 2500 чалавек арыштаваныя.
У Бангладэш больш за 170 чалавек загінулі, больш за 2500 былі арыштаваныя падчас масавых студэнцкіх пратэстаў, якія ўспыхнулі на мінулым тыдні, піша Расійская служба Радыё Свабода.
Студэнты выступілі супраць сістэмы спецыяльных квот пры найманні на працу дзяржаўных служачых у краіне з вельмі высокім узроўнем беспрацоўя сярод моладзі. Пратэсты суправаджаліся самым маштабным усплёскам гвалту за ўсе 15 гадоў кіравання прэм'ер-міністра Шэйх Хасіны і яе партыі.
У панядзелак асноўная студэнцкая група, якая распачала акцыі пратэсту, абвясціла пра іх прыпыненне на 48 гадзін.
Лідар гэтай групы «Студэнты супраць дыскрымінацыі» Нахід Іслам у інтэрв'ю AFP заявіў, што актывісты не хочуць рэформаў «коштам такога маштабнага кровапраліцця».
Агенцтва Reuters паведаміла аб адносным спакоі, які на гэтым тыдні аднавіўся ў Даке і буйных гарадах Бангладэш.
У сталіцы Бангладэш у аўторак прыкметна ўзмоцненая прысутнасць вайскоўцаў, якія паставілі кантрольна-прапускныя пункты на галоўных скрыжаваннях і дарожных артэрыях горада.
На мінулым тыдні студэнты выйшлі на вуліцы з патрабаваннем адмяніць сістэму спецыяльных квот пры найманні дзяржаўных служачых у краіне, дзе, паводле афіцыйных даных, 18 мільёнаў маладых людзей з'яўляюцца беспрацоўнымі.
Каментары