Грамадства22

«Плацяць мала, але я вельмі задаволены». Як айцішнікі працуюць на заводах у Беларусі

Айцішнікі працуюць не толькі ў ІТ-кампаніях або банках, але і на заводах. Наколькі праца там адрозніваецца ад офіснага жыцця тыповага айцішніка? Devby.io распытаў пра ўмовы працы двух чытачоў.

Ілюстрацыйнае фота

«Мой 8-гадовы досвед на FoxPro нікому не патрэбны»

— Працую праграмістам на дзяржаўным машынабудаўнічым заводзе. Мова праграмавання — вельмі старажытная, FoxPro (DOS). Займаюся ў асноўным суправаджэннем старых праграм, напісаных у 90-х гадах. Часам даюць заданне і на напісанне новых.

Працую з праграмамі для кадравага, складскога, бухгалтарскага ўліку, вытворчасці, фінансавага аддзела, зменнага планавання і г. д. Дапусцім, карыстальнік увёў або выдаліў нешта не тое, націснуў не туды — і ты сядзіш і разбіраешся, чаму абаротка або рэшткі не сыходзяцца. Або прыходзяць да цябе і кажуць: софт выдае вось такую лічбу, а мае быць (на іх думку) іншая, напэўна, праграма няправільна працуе. І вось ты сядзіш і разбіраешся, чаму так, а потым даказваеш, што праграма працуе правільна.

Не, цікавых таскаў у нас не здараецца. Уся праца заточаная на тое, каб спраўна працаваў уліковы софт. 

Працую так ужо восем гадоў. Як каледж скончыў, так і пайшоў на завод. Чаму сюды? Не ведаю, проста тэлефанаваў па аб’явах, і на заводзе сказалі, што шукаюць праграміста. Далі тэставае, я яго зрабіў, і мяне прынялі. А ў ІТ-кампаніях звычайна шукаюць маладых спецыялістаў з саракагадовым досведам.

Так, пасада ў мяне не прывілеяваная, дый заробак не айцішны, плюс-мінус 1900 BYN. Для майго горада гэта сярэдні ўзровень, а для Мінска — абы-што, а не зп. Перыядычна павышаюць на капейкі. 

Офіс у нас норм, утульны. Але бясплатныя чай-кава-пячэнькі — гэта не пра завод. Камп’ютары: у адміністрацыйным будынку нармальныя, а ў цэхах усякія, ёсць і дапатопныя. Працоўны дзень ад 7 да 16.

У нас у горадзе офісаў ІТ-кампаній няма. Я спрабую чамусьці вучыцца сам: спрабаваў рабіць сайты (але без фрэймворкаў, на чыстым PHP, JavaScript, HTML, CSS), мабільныя праграмы Java, тэлеграм-бота на Python. Але ўладкавацца ў ІТ-кампанію рэальна, напэўна, толькі джуном, бо мой васьмігадовы досвед на FoxPro нікому не патрэбны.

Зрэшты, я не скарджуся. Ёсць адзін бясспрэчны плюс: праца побач з домам. Калі б зп была большая, а камунікацыя з юзерамі софту троху прасцейшая (калі б калегі з іншых аддзелаў маглі даваць канкрэтныя заданні), то было б норм. 

З аднаго боку, праца на заводзе — школа жыцця і база для будучага рыўка: ты вучышся хутка знаходзіць рашэнне праблемы, бо тэлефануюць з усіх аддзелаў і ўсім трэба тэрмінова. Але за новымі тэхналогіямі тут ніхто не гоніцца — абы працавала. Таму сядзіш і дэградуеш, калі толькі самастойна не вучышся.

«Працай я вельмі задаволены, але зп выклікае вялікія сумневы»

— Працую ў аддзеле радыёэлектронікі на заводзе ў адным з абласных цэнтраў. Гэта прыватнае прадпрыемства харчпраму, на якім вырабляюць розныя віды плёнкі.

Я займаюся распрацоўкай праектаў розных прылад на мікракантролерах. Пішу на C. Усё трэба рабіць у сціснутыя тэрміны, таму я звычайна выкарыстоўваю гатовыя рашэнні, такія як кітайскія платы Bluepill, альбо Arduino, альбо ESP8266 NodeMCU.

Прылады даводзіцца рабіць для вырашэння розных праблем або для замены модуляў на лініях. Прыклады праектаў, якія давялося рэалізаваць:

  • збор розных параметраў асяроддзя або параметраў з розных модуляў ліній (збор тэмпературы, вільготнасці, высілкаў, сігналаў) — праект на ESP8266 Nodemcu; 
  • распрацоўка ўласнага модуля нажа на сервапрывадзе і яго інтэграцыя ў агульную сістэму да ПЛК (праграмаваны лагічны кантролер) — праект на STM32F103; 
  • распрацоўка ўласнага парктроніка для рампы — праект на STM32F103; 
  • распрацоўка прылады для вымярэння прапускання ультрафіялету тым ці іншым матэрыялам — праект на STM32F103. 

Акрамя сваіх нізкаўзроўневых штук, магу яшчэ рамантаваць рознае прамысловае абсталяванне і не толькі (частотнікі, модулі ПЛК, самі ПЛК, абсталяванне ў лабараторыі, роўтары, камп’ютарныя БП, блокі статыкі/антыстатыкі). Таксама ў мае абавязкі пры неабходнасці ўваходзіць праграмаванне ПЛК (лазіў толькі ў Delta, Omron, ёсць яшчэ Siemens, але туды не палез) і куча ўсякай фізічнай працы (замена награвальнікаў, пракідванне кабеляў, падключэнне новых ліній, рашэнне праблем з ужо наяўнымі лініямі). 

За ўвесь пералік паслуг плацяць ~700$ на месяц, графік — звычайная пяцідзёнка ад 8 да 17 з абедам (да гэтага год працаваў у зменах дзень/ноч). 

Гэта завод, які да таго ж працуе па міжнародных стандартах харчовай прамысловасці, таму рэгламент тут строгі: паўсюль пропускі і дзяленне на зоны, у адных можна хадзіць у сваёй вопратцы, а ў іншых трэба абавязкова насіць спецвопратку, шапачкі і набароднікі (маскі для барады). 

Працую тут ужо паўтара года — проста лепшага варыянту для старту пасля вяртання з войска для сябе не бачыў. З адукацыі я фізік-інжынер, калісьці ва ўніверы вучыўся на курсах Java, але іх не скончыў. Пад канец вучобы зацікавіўся праграмаваннем мікракантролераў і стаў вывучаць яго самастойна. У ІТ-кампанію я нават не спрабаваў уладкавацца: у нас на факультэце былі асобныя спецыяльнасці, з якіх набіралі ў IBA/EPAM, і я ў прынцыпе сумняваўся, што з маім дыпломам атрымаецца трапіць у ІТ.

Кар’ерны рост на заводзе наўрад ці магчымы: у аддзеле радыёэлектронікі мая пасада адна-адзіная, вышэй толькі начальнік, ён у нізкаўзроўневым праграмаванні і рэалізацыі падобных праектаў разбіраецца. Калегі таксама разбіраюцца, але ў кожнага тут збольшага індывідуальныя задачы: я займаюся рамонтам абсталявання і сваімі праектамі, а мой калега, напрыклад, паглыблены ў Siemens + можа выконваць праекты на іншых ПЛК па мадэрнізацыі састарэлых ліній.

Ёсць яшчэ аддзел, у якім сядзяць «высокаўзроўневыя хлопцы» + адміны. Не ведаю, на чым яны працуюць, але 1С у іх дакладна ёсць. Колькі яны зарабляюць, таксама не ведаю, але думаю, прыкладна столькі, колькі і я. 

З бонусаў — транспарт да працы, падпіска Allsports і абеды.

Тайм-трэкінгу, kpi і бонусаў у звыклым сэнсе тут няма. Але ёсць прэмія да Новага года.

Зарплата, вядома, выклікае вялікія сумневы — за такую працу можна плаціць і больш. Што праўда, за апошні год яна ў мяне расла два разы. Стартаваў я з 350$. Павышэнне звязанае з тым, што ў ходзе работы я пачаў разбірацца з прамысловай электронікай і ПЛК. Да таго ж у цэлым у аддзела была некаторая незадаволенасць наконт заробкаў.

Не думаю, што завод плаціць супрацоўнікам на мяжы магчымасцяў: усё ж тут хапае грошай і на рэгулярную закупку новых ліній (хоць і б/у), і на кучу расходнікаў. Але падыходзіць да начальніка з размовай пра зп сэнсу не мае.

Нягледзячы на тое што плацяць мала, працай я вельмі задаволены: дазваляе вывучыць шмат усяго + плюс інструмент, які захочаш + усе неабходныя радыёдэталі закупляюцца без праблем.

Усё ж па заканчэнні кантракта планую звальняцца і шукаць нешта лепшае ў сваім профілі. Перш за ўсё хацелася б зарплату большую, а калі раптам будзе аддаленая праца, то гэта прыемны бонус. Завадскія парадкі ўсё ж стамляюць: трэба ўвесь час хадзіць у спецвопратцы, усюды камеры, выйсці папаліць можна толькі ў часе абеду. 

Лічу, што для спяцоў у нізкаўзроўневым праграмаванні праца на заводзе — гэта нядрэнна, але толькі на старце. Зрэшты, многае залежыць ад складанасці абсталявання і пастаўленых задач. Калі ўвесь час капацца ў ПЛК і лініях, то перспектыў не будзе, на прасторы СНД такое не цэніцца. Хіба што паспрабаваць у распрацоўку ўласных ліній.

У маёй галіне перспектыў, думаю, пабольш: ПЛІС (праграмаваныя лагічныя інтэгральныя схемы) ужо некалькі гадоў папулярныя, на наступным этапе буду вывучаць іх.

Каментары2

  • Адмін
    02.09.2024
    Калі на заводзе дапатопныя кампутары, на якіх функцыянуе антычная ва ўсіх сэнсах FoxPro для DOS - дык адкуль там з'явяцца грошы на годныя заробкі IT-спецыялістам?! І якія сучасныя веды можа даць праграмаванне на гэтай сістэме? У пачатку 2000х знаемы пэўны час працаваў на IBA і праграмаваў на старажытным PL/1 для суперкампутараў IBM, якія фізычна знаходзіліся ў ЗША і прынамсі фізычна яшчэ неяк адпавядалі патрабаванням часу. Тут жа нічога падобнага няма і чалавек проста марнуе свае лепшыя гады, спрабуючы зрабіць з г...а цукерку.
  • неахці
    02.09.2024
    чаму няма каментароў?

Лукашэнкаўцы ўпершыню за доўгі час паказалі Віктара Бабарыку16

Лукашэнкаўцы ўпершыню за доўгі час паказалі Віктара Бабарыку

Усе навіны →
Усе навіны

«Гэта мая вялікая перавага, што я не спрабую сілай неяк утрымаць уладу». Лукашэнка паабяцаў беларусам складаны год41

«Мяркую, Макей бы ўхваліў». Аўтар помніка кіраўніку МЗС расказаў, якія сэнсы ўклаў у яго11

Стала вядома пра вызваленне 24-гадовай настаўніцы кітайскай мовы Дар'і Хмяльніцкай18

Каб падтрымаць камандуючых на вайне, Пуцін дашле ім крыжыкі са сваімі ініцыяламі7

«Шампунь-гейт». На спаборніцтвах па скачках на лыжах з трампліна здарыўся сэксісцкі скандал12

У Беларусі прадаюць VW Passat B6 з прабегам амаль мільён кіламетраў. Але і ён можа быць не арыгінальным2

КНДР аб'явіла пра запуск свайго «Арэшніка»

Маладыя башкіры фатаграфуюцца то з нацыянальным сцягам, то з расійскім імперскім. І просяць прабачэння — ва ўсіх па чарзе10

Самы малады футбаліст у гісторыі зборнай Беларусі падпісаў кантракт з партугальскім грандам

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнкаўцы ўпершыню за доўгі час паказалі Віктара Бабарыку16

Лукашэнкаўцы ўпершыню за доўгі час паказалі Віктара Бабарыку

Галоўнае
Усе навіны →