У Беларусі прадаюць VW Passat B6 з прабегам амаль мільён кіламетраў. Але і ён можа быць не арыгінальным
Звычайна перад продажам прабег аўтамабіля змяняюць у меншы бок, таму ўбачыць аб'яву ад продажы легкавіка з касмічным прабегам няпроста.
Рэдкая камплектацыя і касмічны прабег
На аўкцыённай пляцоўцы beltorgi.by выстаўлены на таргі Volkswagen Passat B6 2006 года выпуску. Апошняя стартавая цана была 14 800 рублёў з ПДВ (каля $4250), але паколькі ахвотных набыць аўто не знайшлося, то цана будзе зніжана і машына зноў трапіць на таргі.
Пад капотам у гэтага Passat рэдкі для такой мадэлі бензінавы рухавік аб'ёмам 3,2 літра. З амаль 700 B6 выстаўленых на продаж у Беларусі толькі 8 маюць такі рухавік.
Але сярод іншых гэтую машыну вылучае не толькі рухавік, але і ўказаны прабег у 970 тысяч кіламетраў. Каб столькі наездзіць, машына мусіла кожны год праязджаць больш чым па 50 тысяч кіламетраў.
Такое ў прынцыпе магчыма, але ў адным з тг-каналаў, дзе аўтары звярнулі ўвагу на аўто, некаторыя карыстальнікі пачалі выказваць меркаванне, што прабег у машыны можа быць не арыгінальны, а зменены. Прычым у бок павелічэння.
Карыстальнікі выказваюць меркаванне, што прабег у аўто мог быць штучным чынам павялічаны, паколькі машына належала арганізацыі (уласнікам пазначаны ААТ «Спецмантажбуд №180).
Наколькі гэта адпавядае рэчаіснасці, сказаць складана, але версія мае права на існаванне. Як бы дзіўна гэта ні гучала, але прабег у аўто карэктуюць не толькі ў меншы бок.
Як павялічваюць прабег?
Для накруткі прабегу існуе спецыяльнае абсталяванне, якое падключаецца да OBD-раз'ёму. Падобныя прылады прадаюцца на розных маркетплэйсах. У залежнасці ад мадэлі цана вагаецца ад 20 да 45 даляраў за дэвайс.
Навошта павялічваць прабег?
Накрутку прабегу практыкуюць кіроўцы ў карпаратыўных аўтапарках. Логіка простая: чым больш кіламетраў пройдзе машына, тым больш аліва, паліва і візітаў на СТА ёй спатрэбіцца. Кампанія выдзяляе на гэта сродкі, а накручаныя «лішкі» адпраўляюцца ў кішэню кіроўцы ці іншай зацікаўленай асобы.
Таксама большы знос спрыяе змяншэнню астаткавага кошту аўто, што ў выніку можа быць выгадна ўласніку бізнэсу, які праз нібыта высокі прабег можа прадаць на паперы машыну за мізэрную цану, каб сэканоміць на падатках.
Таму, як ні дзіўна — прабегі ў аўто не толькі адмотваюць, але і накручваюць.
Каментары
Попробуйте в течении дня посетить два строящихся объекта, если один рядом Борисова и второй в Несвиж.
За неделю легко 1.500км вылетает.