Вайна

Расія таемна стварае ў Кітаі новыя мадэлі беспілотнікаў, у тым ліку копіі амерыканскіх БПЛА Reaper

Расія запусціла ў Кітаі праграму распрацоўкі і вытворчасці перадавых ударных беспілотнікаў вялікай далёкасці для выкарыстання ў вайне супраць Украіны, паведамляе ў сваім расследаванні Reuters, спасылаючыся на еўрапейскія крыніцы ў выведках і дакументы, якія трапілі ў распараджэнне журналістаў. Вось што вядома пра новыя расійскія дроны.

Сі Цзіньпін падчас размовы з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным падчас іх сустрэчы ў Крамлі, 20 сакавіка 2023 г. Фота: Sergei Karpukhin, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

Як даведалася агенцтва Reuters, расійскі абаронны канцэрн «Алмаз-Антэй» і яго даччынае прадпрыемства Іжэўскі электрамеханічны завод «Купал» праз пасярэдніцтва расійскай кампаніі TSK Vektor стварылі і правялі на тэрыторыі Кітаі лётныя выпрабаванні новай мадэлі ўдарнага беспілотніка «Гарпія-3».

Ва ўсіх этапах ім дапамагалі кітайскія спецыялісты і кітайская кампанія Redlepus TSK Vector Industrial, якая знаходзіцца ў горадзе Шэньчжэнь, высветліла агенцтва.

Паводле ўнутраных справаздач «Купала», якія ёсць у распараджэнні Reuters, новыя беспілотнікі «Гарпія-3» з'яўляюцца мадэрнізаванай версіяй расійскіх дронаў «Гарпія-А1» (палепшаная версія вядомых «шахедаў»). Новая мадэль можа пераадольваць адлегласць каля 2 тысяч кіламетраў і пераносіць карысную нагрузку вагай 50 кілаграмаў. Гатовыя ўзоры «Гарпій-3» і некаторых іншых мадэляў беспілотнікаў, вырабленых у Кітаі, былі дастаўлены ў Расію для далейшага тэставання з прыцягненнем кітайскіх экспертаў, сказана ў дакументах «Купала».

Гаворачы аб іншых мадэлях беспілотнікаў, ва ўнутраных расійскіх дакументах напісана, што «на працягу васьмі месяцаў праект у Кітаі будзе гатовы да вытворчасці ўдарнага БПЛА кітайскай распрацоўкі RAM 1 з карыснай нагрузкай 400 кг». Дзве крыніцы ў еўрапейскіх выведках раскрылі Reuters, што дроны RAM 1 будуць падобныя да амерыканскіх беспілотнікаў Reaper.

Крыніцы таксама падкрэсліваюсць, што пастаўка ўзораў беспілотнікаў на завод «Купала» з'яўляецца першым канкрэтным даказаным выпадкам з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, што вырабленыя ў Кітаі сістэмы ўзбраенняў у гатовым выглядзе былі дастаўленыя ў Расію.

Вядомы амерыканскі баявы беспілотнік MQ-9 Reaper. Фота: Wikimedia Commons

Акрамя таго, іншы ўнутраны дакумент раскрывае планы з удзелам расійскага TSK Vektor і кітайскай Redlepus па стварэнню сумеснага расійска-кітайскага даследчага і вытворчага цэнтра беспілотных апаратаў у кітайскай правінцыі Сіньцзян. Новы цэнтр плошчай 80 гектараў будзе здольны вырабляць да 800 беспілотнікаў у год для патрэб расійскай арміі. Тэрміны ўводу цэнтра ў эксплуатацыю ў дакуменце не ўказваліся.

Reuters адзначае, што ўсяго атрымала пяць унутраных дакументаў расійскага ВПК, уключаючы дзве справаздачы «Купала», адасланыя ў Мінабароны за першае паўгоддзе 2024 года, і два рахункі-фактуры, якія пацвярджаюць існаванне таемнага расійскага праекта ў Кітаі па вытворчасці беспілотнікаў для выкарыстання ва Украіне. Раней аб гэтай праграме нідзе не паведамлялася.

У дакументах не называліся імёны кітайскіх спецыялістаў, якія ўдзельнічалі ў таемным праекце Расіі, як і не пазначаліся дакладныя месцы размяшчэння аб'ектаў у Кітаі, звязаных з вытворчасцю расійскіх беспілотнікаў, піша Reuters.

«Купал», «Алмаз-Антэй», TSK Vektor, кітайскі Redlepus і Міністэрства абароны Расіі праігнаравалі просьбы журналістаў Reuters пракаментаваць іх расследаванне.

Міністэрства замежных спраў Кітая, у сваю чаргу, паведаміла агенцтву, што нічога не ведае пра сакрэтную распрацоўку расійскіх беспілотнікаў на сваёй тэрыторыі, дадаўшы, што ў краіне дзейнічаюць строгія меры кантролю за экспартам беспілотных лятальных апаратаў.

Абаронныя прадпрыемствы «Купал» і «Алмаз-Антэй», апроч іншага, актыўна абслугоўваюць беларускае Мінабароны, пастаўляючы ў нашу краіну розныя віды ўзбраенняў, асабліва сістэмы супрацьпаветранай абароны, такія як ЗРК «Тор-М2» і ракетныя комплексы «С-300».

У ліпені японская медыякарпарацыя Nikkei Asia пры дапамозе аб'яднання былых беларускіх сілавікоў «Белпол» выявіла схему паставак з Кітая ў Беларусь дэталяў для ракет і бомбаў, якія потым выкарыстоўваюцца расійскай арміяй супраць Украіны. 

Кітайскія і беларускія салдаты на сумесных вучэннях каля мяжы з Польшчай і Украінай. Фота: Мінабароны Беларусі

Паводле расследавання, 1 снежня 2023 года кітайская кампанія Green Cycle Energy атрымала ад беларускага абароннага падрадчыка «БелОМА» заказ на пастаўку 3000 кампанентаў для лазернага модуля LAD-21T. Гэты найноўшы модуль ужываецца ў бомбах і ракетах з лазерным навядзеннем.

Плацеж па дадзенай дамове быў зроблены ў юанях. У аперацыі ўдзельнічаў шанхайскі філіял расійскага дзяржаўнага банка ВТБ. 16 лютага гэтага года Green Cycle Energy і «БелОМА» падпісалі новы кантракт на суму яшчэ 5,56 мільёна юаняў (764 тысячы даляраў) на закупку ўсё тых жа кампанентаў.

Яшчэ адна кітайская кампанія Morotack Technology 1 лютага падпісала з рагачоўскім заводам «Дыяпраектар» (належыць холдынгу «БелОМА») кантракт на пастаўку 200 адзінак камплектуючых, званых «фланцамі», якія таксама важныя для сістэм навядзення. Сума здзелкі склала 114 тысяч юаняў (15,5 тысячы даляраў), аперацыю праводзілі беларускія і кітайскія банкі.

2 мая «Дыяпраектар» ізноў заказаў гэтыя дэталі ў Morotack Technology.

Акрамя таго, як паведамляе Nikkei Asia, «Дыяпраектар» 20 лютага і 20 сакавіка атрымліваў шматлікія кітайскія лазерныя кампаненты ад расійскай кампаніі Precision Laser Systems на суму амаль 500 тысяч даляраў. Далей беларускі завод перадаваў іх «Пеленгу», а той ужо перадаваў створаныя модулі навядзення і прыцэлы расійскай арміі.

У той жа час блізкі да Лукашэнкі бізнэсмен Аляксандр Шакуцін закупляе дэталі для расійскіх танкаў праз Кітай у Тайваня і Японіі.

Каментары

Украінцы выбілі расіян ад Купянска

Украінцы выбілі расіян ад Купянска

Усе навіны →
Усе навіны

Каля берагоў Егіпта затанула судна з 31 турыстам. Ці былі там беларусы, невядома

«Мокры» фасад і перапланіроўка: як цяпер выглядае кінатэатр «Масква» ў цэнтры Мінска ФОТЫ

У планах Расіі — падзяліць Украіну на тры часткі. Вось карта з сакрэтнага расійскага дакумента21

Жыхароў Гомельшчыны выклікаюць у пракуратуру, каб узяць абавязальніцтвы аб «належных паводзінах» падчас выбараў1

Улады Літвы не выключаюць тэракта на борце самалёта DHL, які ўпаў у Вільні

17-гадовая дзяўчына ў Расіі панесла есці свінням і загінула2

Сёння на таргах даляр падскочыў на чатыры капейкі

Хто прыдумаў ютуб-праграму «Гадзіннічак цікае»?3

Прапуцінскі папуліст перамог у першым туры выбараў у Румыніі, але прэзідэнтам мае стаць жанчына-ліберал1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Украінцы выбілі расіян ад Купянска

Украінцы выбілі расіян ад Купянска

Галоўнае
Усе навіны →