Пуцін унёс у Дзярждуму законапраект аб усеагульным стратэгічным партнёрстве з КНДР
Асобны пункт закона дазваляе паўночнакарэйскім войскам прыняць непасрэдны ўдзел у вайне ва Украіне.
Расійскі лідар Уладзімір Пуцін унёс у Дзярждуму законапраект аб ратыфікацыі дамовы аб усебаковым стратэгічным партнёрстве паміж Расіяй і Паўночнай Карэяй, якая была падпісаная яшчэ ў чэрвені гэтага года падчас візіту Пуціна ў КНДР, піша «Інтэрфакс».
У праекце закона, апроч іншага, пазначаецца, што ў выпадку парушэнняў суверэнітэтаў Расіі ці КНДР, уключаючы стан вайны, краіны павінны аказваць адна адной усеагульную вайсковую дапамогу.
Пункт 4 дамовы адзначае, што калі адзін з бакоў пагаднення падвергнецца ўзброенаму нападу з боку якой-небудзь дзяржавы або некалькіх дзяржаў і такім чынам акажацца ў стане вайны, то другі бок неадкладна акажа вайсковую і іншую дапамогу ўсімі сродкамі, якія ёсць у ягоным распараджэнні, у адпаведнасці з артыкулам 51 Статута ААН (самаабарона) і згодна з заканадаўствам Расійскай Федэрацыі і Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі, перадае «Інтэрфакс».
Акрамя таго, у законапраекце напісана, што бакі пагаднення павінны на пастаяннай аснове падтрымліваць і развіваць адносіны ўсебаковага стратэгічнага партнёрства, якія базуюцца на прынцыпах узаемнай павагі дзяржаўнага суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці, неўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы, роўнасці і іншых прынцыпах міжнароднага права, якія датычацца сяброўскіх адносін і супрацоўніцтва паміж дзяржавамі.
Нагадаем, што, па інфармацыі афіцыйных асоб Украіны і Паўднёвай Карэі, на тэрыторыі Расіі цяпер трэніруюцца «некалькі тысяч» паўночнакарэйскіх пехацінцаў, якія потым да канца года адправяцца на лінію фронту ва Украіне. Пры гэтым некаторыя афіцэры і салдаты КНДР ужо знаходзяцца ва Украіне.
Першыя паведамленні пра планы КНДР накіраваць уласныя войскі ва Украіну на дапамогу Расіі з'явіліся яшчэ ў ліпені гэтага года. Тады паведамлялася, што лідар КНДР Кім Чэн Ын плануе перакінуць у акупаваныя вобласці Украіны будаўнічыя і інжынерныя войскі.
Тым часам крыніцы ў заходніх разведках раскрылі, што Паўночная Карэя перадала Расіі каля 3 мільёнаў снарадаў за год, што складае палову ад усіх выкарыстаных Расіяй боепрыпасаў ва Украіне ў гэтым годзе.
Каментары
На крайни случай можно запускать китайское, пушечное мясо, как корейское. С вооружением и оборудованием так и делают.