«Без расіян рынак, можна сказаць, вымер. За месяц прадалі чатыры машыны замест трыццаці»
Пагутарылі з перагоншчыкамі і іншымі гульцамі аўтабізнэсу пра тое, што адбываецца на аўтамабільным рынку Беларусі.
Тлустыя часы засталіся ў мінулым
Цягам больш чым двух гадоў Беларусь з'яўлялася хабам для аўто з Еўропы і ЗША. Ільвіная доля свежапрыгнаных машын перапрадавалася ў Расію, што спрыяла імкліваму развіццю аўтаперагоннага бізнэсу.
Цяпер жа выглядае, што залатыя часы скончыліся. Мужчына, які займаецца прыгонам аўто з Еўропы на продаж, прызнаўся, што апошнія месяцы продажы ідуць вельмі дрэнна.
«Апошні раз добры попыт на аўто быў перад падняццем утыльзбору ў Расіі ў кастрычніку 2024 года. Можна сказаць, гэта быў апошні рывок, калі яны імкнуліся выграбці машыны з Беларусі. Цяпер расіянам выгадна купляць у Беларусі толькі тыя варыянты, у якіх з моманту размытнёўкі прайшло больш за 12 месяцаў, бо ўтыльзбор на такія аўто капеечны», — тлумачыць перагон.
Праз гэтыя змены прадаўцы свежапрыгнаных машын могуць разлічваць толькі на ўнутраны рынак.
«Беларускі рынак маленькі і не такі багаты, як расійскі, таму прадаваць машыны стала вельмі цяжка, тым больш ахвотных займацца прыгонам пакуль асабліва менш не стала.
У мяне звычайна было па 3-4 машыны ў абароце. З часам сфармавалася база з расійскіх перакупаў, якія, бывала, адразу па прыгоне забіралі тыя машыны. Як Еўрасаюз зраўняў санкцыі для Беларусі і Расіі, давялося перайсці толькі на машыны з аб'ёмам рухавіка да 1,9 літра. Іх рускія таксама куплялі, хоць дэльта была ўжо не такая і вялікая», — прызнаецца перагоншчык.
Па яго словах, пасля апошняй хвалі попыту з боку расіян ён прыгнаў усяго тры машыны, дзве з якіх дагэтуль вісяць у продажы.
«Рынак аказаўся моцна перанасычаным, бо ахвотных прыганяць аўто засталося шмат, а колькасць пакупнікоў моцна скарацілася».
Суразмоўца адзначае, што многія з тых, для каго аўтабізнэс не быў асноўнай крыніцай даходу, распрадаюць машыны і пакідаюць яго.
За месяц прадалі чатыры машыны замест трыццаці
Уласнік аўтакаміса, дзе раней большую частку машын складалі свежапрыгнаныя аўто з Еўропы, таксама адзначае, што рынак стаіць.
«Раней мы ў сярэднім закрывалі па 25-30 здзелак за месяц. Пазней скаціліся да 15, а за снежань было прададзена ўсяго чатыры машыны. І толькі адна з іх была без прабегу па Беларусі», — скардзіцца прадпрымальнік.
Мужчына кажа, што на падзенне попыту паўплывала не толькі адсутнасць расіян, але і курсавыя ваганні.
«У нас больш за палову машын набываюць у крэдыт або лізінг, а нестабільны курс валюты прымушае людзей задумацца, ці змогуць яны плаціць за машыну, калі даляр, напрыклад, будзе па 4 рублі, а заробак застанецца на ранейшым узроўні.
Іншы фактар таксама звязаны з курсам даляра. Людзі, якія маюць адразу ўсю суму на куплю аўто, грошы ў рублях не трымаюць. Таму частка патэнцыйных пакупнікоў, скарыстаўшыся момантам, магла пераключыцца на куплю новых машын, дзе цэны зафіксаваныя ў рублях», — тлумачыць уласнік аўтакаміса.
Некаторыя працягваюць працаваць на расійскі рынак. Як?
Пры гэтым казаць пра тое, што аўтаперагонны бізнэс цалкам памрэ, не выпадае. Але выжыць у новых умовах атрымаецца не ва ўсіх.
«Цяпер добра зарабляюць толькі тыя, хто знайшоў выхад на продаж машын у самой Расіі, — расказвае перавозчык машын з Еўропы. — Некаторыя намагаюцца прывозіць машыны на замову пад уласніка, які будзе плаціць капеечны ўтызбор, хоць і будзе вымушаны ездзіць на аўто не менш за 12 месяцаў.
Непадсанкцыйныя аўто едуць праз Беларусь, але размытняюць іх на пакупніка ў Расіі, а не як раней на льготніка ў Беларусі.
Падсанкцыйныя машыны, якія вязуць на замову для расіян, у Беларусь нават не трапляюць, бо іх вязуць або гоняць праз Турцыю».
Бізнэс не для кожнага
Пры гэтым ёсць яшчэ адна катэгорыя машын, якія хоць і вязуць з Еўропы праз Турцыю, але ўсё адно размытняюць у Беларусі.
Гэта дарагія машыны, з моманту выпуску якіх не прайшло тры гады. Такія аўто расіянам выгадна размытняць на льготнікаў у Беларусі, а потым плаціць камерцыйны ўтыльзбор у Расіі і атрымліваць машыну без абмежавання па продажы.
Тым не менш, па словах перагоншчыка, у гэтай тэме працуюць адзінкі ў параўнанні з тым, што было год ці два таму.
«На мінскай мытні хапае вельмі дарагіх машын, але 99% з іх у Беларусі толькі размытняюцца. У нас попыт на аўто коштам ад $100 тысяч нізкі, а больш танныя варыянты па такой схеме ўвозіць вялікага сэнсу няма. Таму на гэтым зарабляць толькі тыя, у каго атрымалася знайсці сур'ёзных партнёраў у Расіі, якія займаюцца менавіта прэміяльным сегментам.
Наш рынак у ранейшым разуменні, можна сказаць, вымер без расіян. Асноўная маса перагонаў вымушана працаваць толькі на мясцовы рынак, а гэта не вельмі перспектыўна нават у параўнанні з 2021 годам, калі расіяне хоць і не так масава, але ўсё адно ездзілі па свежыя аўто ў Беларусь, бо ў нас быў 140-ы ўказ, а размытненыя па льгоце аўто без абмежаванняў прадаваліся ў Расію.
Каментары