Прапагандыстка АНТ Наталля Стэльмах змяніла імя на Наці Рышна і зарабляе ў Мексіцы на шаманах і наркатычных грыбах
Раней Наталля Стэльмах вяла на АНТ рубрыку «Двое из Дворца», дзе з захапленнем распавядала пра будні Лукашэнкі. Але ў Мексіцы экс-прапагандыстка знайшла больш цікавы занятак, звязаны з наркатычнымі грыбамі і дзіўнымі жабамі.
Наталля была адной з зорак лукашэнкаўскага пулу. На АНТ яна працавала больш за 10 гадоў, ёй было прыемна здымаць прапагандысцкія ролікі і круціцца ў колах наменклатуры.
Яна спрабавала рамантызаваць гэтых людзей у сваёй праграме «Двое из Дворца», казала Лукашэнку: «Грамадства чакае, калі вы ўжо прызнаеце Крым».
Наталля аддана рыхтавала рэпартажы з выбараў-2020 і рэферэндуму ў 2022 годзе. Але ж у хуткім часе пасля яго раптам звольнілася і разам са сваім партнёрам пераехала ў Мексіку.
У новай краіне дзяўчына заснавала кампанію, якая займаецца «рэтрытамі будучыні» — справай даволі экзатычнай (у Беларусі б за такі бізнэс далі шмат гадоў турмы). Наталля прапаноўвае ахвотным за грошы схадзіць да «дасведчанага шамана», каб пад яго кіраўніцтвам спажываць наркатычныя грыбы (у іх ёсць псілацыбін), а таксама наркатычнае рэчыва, якое здабываюць з жаб Буфа Альварыус.
Дарэчы, на сайце Наталлі пазначана, што разабрацца ў нюансах мексіканскіх законаў аб наркотыках даволі складана, бо іх шмат, і бывае, што яны супярэчаць адзін аднаму на дзяржаўным, рэгіянальным і муніцыпальным узроўнях.
Патэнцыяльным кліентам раяць ведаць аб тым, што ў Мексіцы афіцыйна грыбы, якія змяшчаюць псілацыбін, з'яўляюцца незаконнымі. Але ж сцвярджаецца, што існуюць рэлігійныя выключэнні: «Таму ўлады не могуць пераследваць вас за выкарыстанне псілацыбінавых грыбоў у традыцыйных духоўных практыках або цырымоніях».
Патэнцыйным удзельнікам абяцаюць глыбокую ўнутраную трансфармацыю, вызваленне ад эмацыйных блокаў і траўм, а таксама ачышчэнне ад назапашанага стрэсу і напружання.
Як цікава склаўся лёс. Тэарэтычна Наталля магла б цяпер запісваць прымусовыя відэа з былымі ўдзельнікамі пратэстаў. Але замест гэтага робіць інтэрв’ю з удзельнікамі рэтрыту, якія распавядаюць пра свае прыгоды ў сне і наяве пасля ўжывання наркатычных рэчываў.
Цяпер Наталля Стэльмах называе сабе Наці Рышна. Вось што пра яе мінулае пішуць на сайце, дзе маладая жанчына разам з мужам рэкламуе паслугі іх гест-хаўсу:
— Наці вельмі рада вітаць вас у сваёй прасторы! На сваім досведзе яна прыйшла да разумення таго, што лячэнне магчыма толькі ў атмасферы поўнага даверу. Яна родам з Усходняй Еўропы, дзе матэрыяльны дабрабыт у большасці выпадкаў цэніцца значна больш, чым духоўнае развіццё. У той час яна мела паспяховую кар'еру тэлежурналіста. Ёй было 33 гады, калі яна адчула кліч медыцыны і адправілася ў Мексіку на цырымонію Аяуаскі, нават не ведаючы да канца, што гэта такое, але адчуваючы падсвядомую цягу да яе.
Муж Наталлі прадстаўляецца як Нік Рышна. Пра яго паведамляецца, што мужчына быў псіхолагам, але адчуваў, што адной толькі навукі недастаткова, каб па-сапраўднаму вылечыць чалавечыя душы. Таму праз некалькі гадоў пошукаў ён адчуў пакліканне стаць шаманам.
Якраз цяпер Нік і Наці рэкламуюць духоўны рэтрыт для пар:
— Падчас гэтага рэтрыту вы зможаце значна гарманізаваць вашы адносіны ўсяго за адзін уік-энд. Мы ствараем спрыяльную атмасферу, у якой кожны з партнёраў можа распазнаць асаблівасці і натуральныя ролі адно аднаго. Пасля гэтага ў вас з’явіцца больш матывацыі для змены свайго характару, і вам будзе прасцей паправіць сябе. Таму трансфармацыя адбудзецца значна хутчэй, чым гэта было магчыма раней.
Удзел у такім рэтрыце каштуе для пары 1515 еўра. У кошт уваходзіць пражыванне 2 дні і 3 ночы ў гест-хаўсе, вегетарыянскае харчаванне і, канечне, цырымоніі з наркатычнымі грыбамі і Bufo alvarius.
Кіраўніца інтэрнэт-праектаў АНТ распавяла, чаму раптоўна звольнілася ў 2022 годзе і як з'ехала ў Аўстралію
Рэжысёрка канцэртаў для Лукашэнкі святкавала Новы год і Раство ў Вялікабрытаніі — шмат ФОТА
«Ну кайф жа!» Каментатарка «Беларусь 5» Дарына Запольская адпачывае ў Францыі ФОТА
«Берлін узяты». Закаханыя журналісты БТ адпачываюць у Германіі ФОТЫ
Каментары
страшна падумаць, дзе апынемся мы з грышай маім... мо на Луне ?