Кіраўнік дзяржавы, наведваючы ў сераду Мазырскі раён Гомельскай вобласці, зрабіў шэраг гучных заяваў.
Расія пачынае ўсведамляць памылковасць спробаў націску на Беларусь.
Такое меркаванне выказаў у сераду, 14 красавіка, кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні журналістаў падчас наведвання Мазырскага раёна Гомельскай вобласці.
«Мяркую, Расія разумее, што была дапушчана жорсткая памылка — распачатыя спробы націску на Беларусь. Гэта бесперспектыўна,— падкрэсліў беларускі лідэр. — І ўпэўнены, прэзідэнт Расіі сёння гэта вельмі выразна пачынае ўсведамляць».
Паводле словаў Аляксандра Лукашэнкі, яго найбліжэйшая сустрэча з Дзмітрыем Мядзведзевым, хутчэй за ўсё, адбудзецца цягам траўня.
«Мы з Дзмітрыем Анатольевічам нядаўна некалькі разоў размаўлялі па тэлефоне, і ён проста сказаў: час нам сустрэцца, пагутарыць, накапіліся многія пытанні, часам штучныя, якія мы ў стане вырашыць. Я цалкам падтрымаў яго пункт гледжання. І зараз кіраўнікі прэзідэнцкіх адміністрацый прапрацоўваюць аптымальныя тэрміны сустрэчы. Яна, магчыма, адбудзецца напярэдадні нефармальнага саміту СНД у Маскве 8 мая, можа быць, у канцы мая або пачатку чэрвеня, як мы звычайна сустракаліся ў Сочы», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Падчас сустрэчы са сваім расейскім калегам Лукашэнка мае намер абмеркаваць перспектывы ўдзелу расійскага капіталу ў акцыянаванні беларускіх прадпрыемстваў. Акрамя таго, будуць разглядацца стратэгічныя пытанні развіцця Мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі. «Я хачу дакладна разумець, што менавіта Расія і Казахстан хочуць ад Мытнага саюза і што ў такім выпадку будзе ад яго мець наша краіна, — адзначыў беларускі лідэр. —
Калі гэта будуць суцэльныя выключэнні, пошліны па нафце, газе і гэтак далей, то ў Беларусі напалову знізіцца цікавасць да такога саюзу».
Акрамя гэтага Аляксандр Лукашэнка мае намер абмеркаваць з Дзмітрыем Мядзведзевым пытанні доступу прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў на рынак РФ. «У прынцыпе, ужо зусім зразумела, што блакаванне нашых тавараў на расійскім рынку прывяло да вельмі негатыўных вынікаў для саміх расіянаў», — заўважыў ён.
Ён зноў падкрэсліў, што
палітыка блакавання з боку Расіі цалкам бесперспектыўная:
Беларусь даказала, што яна ў стане выходзіць на іншыя, альтэрнатыўныя рынкі. «Нам няма ніякага сэнсу сварыцца з Расіяй. Мы ні да каго не заляцаемся.
Але калі нас пачынаюць штурхаць і штурхаць у спіну — мы шукаем шчасця ў іншых кропках планеты»,
— адзначыў Лукашэнка. Беларусь у стане сысці ад энергетычнай залежнасці ад Расеі па нафце і газу. «Нашы нядаўнія дамоўленасці з Венесуэлай — таму сведчанне», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
«Галоўнае, каб надыходзячая сустрэча з прэзідэнтам Расіі дала канкрэтныя вынікі, — сказаў беларускі лідэр. —
Што гэта такое, калі расійскі бок уводзіць пошліну на ўвоз нафтапрадуктаў у Беларусь?
Другое пытанне: чаму для нас ўвялі пошліну на нафту, а Казахстану — краіне, у якой ёсць лішкі нафты, — не ўвялі?
Чаму да беларусаў такое стаўленне?
Мяркую, прэзідэнт Расіі і сам разумее, што гэта ўжо занадта абуральны прыклад».
«Настаў час вельмі сур’ёзна пагаварыць пра перспектывы нашых адносінаў з Расіяй?» — рэзюмаваў беларускі лідэр.
* * *
Таксама Лукашэнка сёння заявіў, што
Беларусь гатова пайсці на продаж часткі акцыяў любога прадпрыемства, але за добрую цану і без ціску з боку.
«Цяпер крызіс і кошты на ўласнасць упалі. Таму я і не збіраюся нічога прадаваць. Навошта? Нашы прадпрыемствы эфектыўна працуюць, прыносячы вялізныя грошы для краіны.
Але калі нехта хоча купіць — плаціце грошы, і добрыя, забясплатна нічога прадавацца не будзе,
каб потым нас у гэтым не папракнуў народ», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
«Хочаце — плаціце, а мы падумаем, па якім кошце вам прадаць», — дадаў ён.
***
Аляксандр Лукашэнка распавёў аб тым, што па прадстаўленай яму інфармацыі аказалася, што асобныя празаходнія апазіцыйныя журналісты, атрымліваючы гранты з Захаду, адначасова працавалі на Маскву.
«Мне прадставілі такую іх цытату з зваротаў да Расіі: «Не верце Лукашэнку, патрабуйце ад яго, каб ён выйшаў з «Усходняга партнёрства». Толькі тады, калі ён дасць на гэта абяцанне, працягвайце з ім нармальны дыялог», — прывёў прыклад кіраўнік Беларусі.
«Уяўляеце, празаходнія журналісты, якія жывуць на заходнія гранты, рэкамендуюць Расіі настойваць на выхадзе Беларусі з еўрапейскага інтэграцыйнага праекту!», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
***
Лукашэнка: Нядаўнія падзеі ў Бішкеку — антыканстытуцыйны дзяржаўны пераварот
Пра гэта заявіў у сераду Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні журналістаў падчас рабочай паездкі па Гомельскай вобласці.
«Я мяркую, што палітыка, па-першае, амерыканцаў, а па‑другое, расейцаў у дачыненні да гэтых падзеяў вельмі дрэнная і недальнабачная, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Яны павінны былі заявіць пра непрымальнасць падобных дзеянняў кыргызскай апазіцыі».
Каментары