Шагалаўскія колеры, шагалаўскія лініі, а натхненне — ва ўспамінах. Пісьменнік Віктар Марціновіч на аснове сваёй мастацтвазнаўчай дысертацыі напісаў кнігу «Радзіма. Марк Шагал у Віцебску». Яна поўная нечаканых фактаў і нават адкрыццяў, хоць здавалася б — што новага можна сказаць пра сусветна вядомага творцу! Мы выбралі для вас самае-самае цікавае.
Мошка Сегал
Аказваецца, Шагала звалі зусім іначай. Ды і Шагалам ён стаў ужо потым, у Парыжы. Насамрэч, прозвішча мастака было Сегал, а імя — Майсей. А бацькі звалі хлопчыка «Мошка». Цікава, што і жонка мастака, яго знакамітая натхняльніца Бэла, насамрэч была Бертай.
Шагал міфалагізаваў сваё жыццё з маладосці. У прыватнасці, падаваў у анкетах розныя даты і месца нараджэння. Пасля пераходу савецкай дзяржавы на грыгарыянскі каляндар, хоць Шагал і меўся адзначаць дзень нараджэння (25 чэрвеня) 6 ліпеня, пісаў ва ўсіх анкетах, што нарадзіўся 7.7.1887. Бо быў упэўнены, што яго шчаслівая лічба — 7.
Шагал заблытаў біёграфаў і з месцам нараджэння, напісаўшы аднойчы: «Лёзна, Віцебск» (а ў Лёзне жылі Шагалавы сваякі). Гэтая містыфікацыя жыла і квітнела, трапіла ў Вялікую савецкую энцыклапедыю і доўгі час дазваляла віцебскім чыноўнікам-антысемітам адхрышчвацца ад ушанавання памяці яўрэйскага мастака-касмапаліта. Маўляў, хто ён для нас, няхай у Лёзне з ім разбіраюцца — трэба яму помнік ці не.
Ці наш Шагал?
Так. Хаця не Шагалу патрэбна Беларусь, а Беларусі — Шагал, піша Віктар Марціновіч. Ён нарадзіўся тады, калі беларускай дзяржавы яшчэ не існавала. Працаваў у Віцебску тады, калі горад уваходзіў у РСФСР. У момант утварэння Беларусі ў цяперашніх межах Шагал ужо быў на эміграцыі, а незалежная Беларусь узнікла праз 6 гадоў пасля яго смерці. Паўнавартаснага самавызначэння Віцебска Шагал не заспеў.
Сам Шагал казаў: «Я называю сябе рускім мастаком, і мне гэта прыемна». Але якая гэта Расія: Масквы і Пецярбурга ці віцебскага яўрэйскага раёна Пескавацік?
Многія краіны спрачаюцца за сусветна вядомых творцаў. Але з Шагалам і Віцебскам унікальная сітуацыя: краіна, у якой знаходзіцца Віцебск, з’явілася ўжо пасля таго, як Шагал з’ехаў. Немагчыма паведаміць мёртваму генію, што ён не рускі, а беларус.
Але гэта наш Віцебск — яго радзіма. Нашы яўрэі, нашы козы і пеўні, нашы хаткі і платы, цэрквы і сінагогі — вобразы, якія ён маляваў усё жыццё. Дык чаму ж Шагал не наш?
Ён — частка нашай шматэтнічнай, шматрэлігійнай гісторыі, якой у тэорыі, у падручніках мы моцна ганарымся, але на справе часта не можам прыняць.
Савіцкі ненавідзеў Шагала
Да 2010-х Шагала на Беларусі не выстаўлялі, не было сваіх карцін і ў беларускіх калекцыях. Гэта цяжка ўявіць, але семдзесят гадоў беларусы папросту не маглі пабачыць карціны Шагала.
Шэрагі яго непрымірымых праціўнікаў узначальваў Міхаіл Савіцкі — аўтар знакамітых «Лічбаў на сэрцы» і «Партызанскай Мадонны». Савіцкі не любіў яўрэяў, бо, як сцвярджаў, іх было многа сярод даносчыкаў у канцлагерах. Віктар Марціновіч дапускае, што яго нелюбоў была звязана з канкурэнцыяй — хто будзе лічыцца галоўным віцебскім мастаком.
Пра грамадзяніна Шагала ў СССР згадалі позна і не дзякуючы жывапісу — проста ён выявіўся ўдалым прыкладам эміграцыі з СССР. А пра мастака Шагала радзіма ўспомніла ў 1987-м, ды нядобрым словам. У часопісе «Огонёк» выйшаў артыкул Шагалавага сябра, паэта Андрэя Вазнясенскага з прапановай стварыць у Віцебску музей мастака. Віцебскія ўлады спужаліся і пастараліся ўсяляк адхрысціцца. Інструктар камітэта КПБ даследаваў пытанне і ў выніку напісаў у характэрнай стылістыцы: «1) Прыпісваць месца нараджэння М.З. Шагал (пра мастака часта пісалі так, нібы ён жанчына. — аўт.) беспадстаўна; 2) у доме па вул. Дзяржынскага, 11 ці пражываў ён — гэта неабходна вывучаць больш грунтоўна. Як? Цяпер сказаць цяжка. Нарэшце, ці так ужо важна гэта высветліць і што гэта дасць? Падставы стварыць яго музей? Але пра што павінен быць гэты музей? Пра яго жыццё і дзейнасць? Але тады ўзнікае вельмі істотнае пытанне: ці варты гэты чалавек, каб на яе (так у тэксце. — аўт.) звяртаць увагу савецкіх людзей».
І вось тут пачаліся публікацыі, пасля якіх хочацца абмыцца ў душы. Асабліва шчыраваў, разам з мастаком Савіцкім, філосаф Уладзімір Бягун, што ездзіў з лекцыямі пра жывапіс Шагала, «абсалютна чужы і мастацтву, і нашаму народу, і беларускай культуры». «Наўрад ці можна залічыць у геніяльныя творы «цяжарную жанчыну», якая чамусьці ператвараецца ў Эйфелеву вежу, або зялёных свіней, або аслоў, якія ў дастатку прысутнічаюць на палотнах Шагала», — гэта ўжо Савіцкі з суаўтарамі. Ёсць сюжэты геніяльныя, а ёсць негеніяльныя — вось так усё проста. Нагадаем, што ніхто з Шагалавых апанентаў не меў магчымасці пабачыць яго жывапіс жыўцом. У крытыцы Шагала многа было не толькі перакручванняў, але і папросту маны, напрыклад: «У заходніх энцыклапедыях, у прыватнасці французскіх і англійскіх, творчасць Шагала ацэньваецца невысока».
Як Шагал вярнуўся на радзіму
Шагал мог бы вярнуцца ў Віцебск у чэрвені 1987-га ў выглядзе выставы рэпрадукцый. Іх выразалі з каталога выставы, якая праходзіла ў тыя дні ў Маскве. Але развесіць рэпрадукцыі ў абласной бібліятэцы за тры дні да прызначанага адкрыцця ўлады забаранілі.
Мастака легалізаваў час, піша Марціновіч. Сталі паміраць яго пераследнікі. У 1999-м Віцебск перадаў Дому-музею Шагала будынак па вуліцы Пакроўскай, у якім рос мастак. А ў 2012-м Нацыянальны мастацкі музей запусціў «Мастакоў Парыжскай школы» — упершыню была выстаўлена не літаграфія, не афорт, а карціна Марка Шагала. Упершыню на радзіму вярнуліся яго непаўторныя колеры.
Мілая гісторыя звязана з увекавечваннем дома па Бухарынскай у Віцебску. Тут жылі выкладчыкі мастацкага вучылішча, сюды з цяжкасцямі засяліўся Шагал, а пасля мусіў за 24 гадзіны вызваліць сваю кватэру пад музей. У 90-я гэты будынак маглі знесці ў любы момант, і віцебская інтэлігенцыя прыдумала павесіць на яго памятную дошку. Але вельмі баялася, што яе не ўзгодняць. І пайшлі ва-банк: вызначылі дзень і запрасілі на адкрыццё дошкі еўрапейскіх паслоў. А тыя нечакана прыехалі! Уся вуліца была застаўленая лімузінамі з дыпнумарамі. Будынак аддалі пад музей: іншага выйсця пасля такой імпрэзы проста не было.
Першая няўдача
Дом на Бухарынскай быў сведкам не толькі Шагалавага натхнення, але і гора, прыніжэння і слёз. Хоць адразу пасля рэвалюцыі мастакі-авангардысты атрымалі зялёнае святло. Шагал, напрыклад, стаў упаўнаважаным па справах мастацтва ў Віцебскай губерні. У Віцебску Шагала паважалі як начальніка: здымалі капялюш, падыходзілі павітацца за руку. Захапляліся сваім, віцебчуком, які ўзняўся так высока. Але твораў яго не разумелі, нясмела пасмейваліся.
Першая няўдача ў родным горадзе — святкаванне першай гадавіны рэвалюцыі. Шагал сабраў усіх майстроў па шыльдах і вітрынах, «і ўсе майстры — барадатыя як адзін — і ўсе падмайстры сталі перамалёўваць маіх коз і кароў». Клоўны, анёлы, яўрэі з зялёнымі тварамі, каровы і папугаі незвычайных колераў — такімі сюжэтамі мастак і яго вучні аздаблялі горад у гонар 7 Лістапада. А народ з гэтага дзівіўся і дзічыўся.
«Асабліва прыгожы афарбаваны горад пад покрывам ночы», — напісала адна з газет. Відаць, таму, што ў цемры экстравагантнай аздобы не было відаць. Пакуль Шагал быў начальнікам, газеты стрымана хвалілі яго творы, спрабуючы адшукаць у іх хоць нейкую логіку. А потым перасталі.
Віцебск паглынаў яго, а Шагал, па мяккасардэчнасці ці з пачуцця ўласнай годнасці, нічога з тым не рабіў. Вось яму, дырэктару, плацяць у два разы менш за выкладчыка. Скаргамі і прашэннямі ён звяртае ўвагу на гэту сітуацыю. Вось «за 24 гадзіны» дырэктара высяляюць з кватэры ў будынку для работнікаў вучылішча: неабходна ж вызваліць памяшканне пад музей!
Вось з шафы з карцінамі прападаюць палотны дырэктара. Так знікла карціна з унікальным сюжэтам: галава, выпуклае вока, частка чэрапа адсутнічае, і ў звілінах відаць казу, стог сена і агароджу. Нічога падобнага Шагал ніколі больш не стварыў. З гэтай карцінай ён прыходзіў да настаўніка, Юдаля Пэна, і той ушчуваў, што вока непрапарцыйна вялікае, а Шагал апраўдваўся, што вочны яблык у чалавека насамрэч большы, чым бачны з-пад павек… Але карціна прапала. Адзін з вучняў прызнаецца: сапраўды, цягалі з шафы палотны выкладчыкаў, бо сваіх не было.
Пасля знікнення карцін раз’юшаны Шагал павесіў аб’яву: «У выпадку незнаходжання будуць прынятыя найстражэйшыя меры аж да расстрэлу» (аб’ява абсалютна ў духу часу — у газетах тады, напрыклад, рэгулярна друкавалі імёны расстраляных за адмову выходзіць на капанне акопаў). З уздыхам выкладчык вучылішча Аляксандр Ром зняў гэтую абвестку. Відаць, пагроза падалася непераканаўчай. Можна ўявіць, як адрэагаваў Шагал: спярша прапалі палотны, а пасля сышла на нішто і адзіная спроба загаварыць камандным голасам, адстаяць сябе.
З тым, каб адстаяць сябе, у Шагала ўвогуле былі праблемы. У аўтабіяграфіі ён малюе сябе энергічным чыноўнікам у касаваротцы, з партфелем пад пахай. Піша, што яго заўжды акружалі вучні і паплечнікі. Аднак на справе ён быў самотны, мусіў пастаянна змагацца за выжыванне сваё і школы.
Пірагі vs селядзец
Тым больш іроніяй лёсу выглядае тое, што ў Віцебску Шагал у 1914-м аказаўся выпадкова. Атрымаўшы стыпендыю, ужо тры гады жыў і працаваў у Парыжы. Але вось нарэшце прыехаў да нявесты, бо прыйшоў час або жаніцца, або разысціся.
Збіраліся вярнуцца ў Парыж разам — і тут вайна. Расійскага грамадзяніна за мяжу не пусцілі. Шагал успрыняў гэта як катастрофу. Там кафэ, багемнае жыццё — тут гудзе муха і пыліцца фікус. Калі б швагер не прыстроіў яго ў Ваенна-прамысловы камітэт у Петраградзе, Шагал з вялікай верагоднасцю стаў бы гарматным мясам. Родны бацька «адмазаць» яго ад службы яўна не здолеў бы.
Сацыяльную розніцу між сабой і нявестай Шагал смакаваў: «У іх тры разы на тыдзень пірагі з яблыкамі, тварагом ці макам, а ў нас штодня селядзец з цыбуляй». Але ўласны бедны свет падаваўся яму куды больш паэтычным.
Праз талент і пасады Шагал нібыта наблізіўся да ўзроўню жончынай сям’і. Але рэвалюцыя ўсё змяніла. На пасаду Шагала не зважалі, калі прыйшлі да цесця з цешчай — уласнікаў ювелірнай крамы — забіраць тавары. Забраўшы ўсё ўдзень, ноччу нечакана вярнуліся — шукаць прыхаванае ў доме. Цесць за вячэрай узяў лыжку і не змог данесці да рота — выпала з рук. Цешчу арыштавалі.
Чортаў Малевіч
Стаўшы дырэктарам вучылішча, Шагал запрасіў у Віцебск Эль Лісіцкага, свайго таварыша па школе Пэна. Да таго часу Лазар Лісіцкі паспеў вывучыцца ў Рызе на архітэктара і яшчэ не быў іконай супрэматызму, а захапляўся яўрэйскай спадчынай, маляваў сінагогі, збіраў фальклор… Лісіцкі і запрасіў у Віцебск знаёмага наватара Казіміра Малевіча.
Казімір Малевіч стаў фатальнай асобай у жыцці і кар’еры Шагала. Прыехаў, пазіцыянуючы сябе зоркай, і неўзабаве ёю стаў. Хоць тэарэтыкам быў слабым — яго работу з канцэпцыяй супрэматызму ў сталіцах друкаваць не пагаджаліся. А ў Віцебску ён зрабіўся гуру. Хоць быў дэмагог дэмагогам. Разважаючы пра кніжку Артура Шапенгаўэра «Свет як воля і ўяўленне», Малевіч адзначае: «Канечне, я яе не чытаў, але загаловак на вітрыне прачытаў, надта над ім не разважаў, але трошкі разважыў, што мір (у вітрыне ляжала расійскае выданне «Мир как воля и представление». — аўт.) бывае толькі там, дзе няма волі і ўяўлення, — дзе ж гэтыя двое ёсць, там міру не бывае, там барацьба ўяўленняў».
Яшчэ характэрны штрых. Малевіч піша ў лісце да знаёмага: «У Віцебску мяне сустракалі як зорку, і нават у газеце напісалі: «Прыехаў вядомы знакаміты мастак-футурыст, які пабіў рэкорд у мастацтве супрэматызмам», «Першы раз у Віцебску вядомы чэмпіён свету»». Віктар Марціновіч вывучыў усе газеты, дзе маглі быць згадкі пра прыезд Малевіча. Знайшоў толькі адну — такую: «Цягніком з Масквы прыбыў мастак Малевіч». Гэткім жа сціплым аказаўся анонс лекцыі: «Секцыя выяўленчага мастацтва губаддзела наркамадукацыі, ідучы насустрач інтарэсам шырокіх мас насельніцтва да пытанняў мастацтва, вырашыла зладзіць шэраг лекцый, які пачынаецца лекцыяй мастака Малевіча на тэму «Найноўшыя сістэмы ў мастацтве»». Ніякага табе «вядомага чэмпіёна свету».
Паўтарыць стыль Шагала было немагчыма — можна было хіба толькі натхняцца яго работамі, яго падыходам — і шукаць сябе. А паўтараць Малевіча было вельмі лёгка. І майстар гэта заахвочваў. Ужо праз два месяцы навучання яго вучні станавіліся супрэматыстамі — ён абвяшчаў іх гатовымі мастакамі. І ў другую гадавіну рэвалюцыі горад ужо ўпрыгожваў не Шагал, а Малевіч і яго адэпты.
Шагалу заставалася ўсё меней месца, яго таленту даставалася ўсё менш увагі. Ён адчуваў сябе зусім незапатрабаваным. І з’ехаў у Маскву — афармляць спектаклі і працаваць у школе-калоніі для беспрытульнікаў.
Цвяток радзімы васілька
Пасля ад’езду ў 1920-м Шагал больш ніколі не вярнуўся ў Віцебск. Хоць мог, і ў 1973-м, у час прыезду ў Маскву і Ленінград, блізкія гарэлі жаданнем яго туды адвезці. Але мастак спаслаўся на… прастуду. Сур’ёзна?! Што гэта за прычына такая, каб не наведаць родны дом?!
Насамрэч, мастак проста вельмі баяўся пабачыць, як усё змянілася. Баяўся разбурыць успамін. Віцебск быў гатовы разбурыць фантазію пра сябе, як аднойчы ўжо зрабіў, смеючыся, а потым ганьбячы свайго мастака, дырэктара мастацкага вучылішча.
І Шагал не паехаў.
У той прыезд яго гатэльны нумар быў завалены кветкамі, піша сябар мастака Андрэй Вазнясенскі. Але Марк (і тут, хутчэй, нават Мойша) нечакана разрыдаўся над букецікам васількоў. «Гэта быў колер яго віцебскага дзяцінства, убогая і чароўная кветка, чый водсвет ён расплюхаў па вітражах усяго свету — ад Токіа да Метраполітэн».
***
Шагал і жанчыны
Жывучы ў Францыі, мастак доўга не мог вывучыць французскай мовы, а вывучыўшы, да канца жыцця пісаў з жахлівымі памылкамі. У 1931 годзе, пражыўшы ў Парыжы агулам больш за дзесяць гадоў, ён яшчэ не змог вычытаць французскі пераклад аўтабіяграфіі «Маё жыццё», які зрабіла жонка. А Бэла Шагал ладна падчысціла мужаў тэкст. Параўнайце адзін і той жа кавалак з французскага перакладу і рускамоўнага арыгінала.
Пераклад: «Калі пашанцуе, прыйдзе Сандрар і накорміць мяне абедам. Увайсці проста так да мяне нельга. Трэба пачакаць, пакуль я прывяду сябе да ладу, апрануся — я працаваў голы».
Арыгінал: «Раніца — можна выйсці і купіць свежых круасанаў. Але я засынаў. Праз нейкі час прыходзіла прыбіральшчыца, ці то прыбрацца ў студыі (так, гэта вельмі неабходна, толькі, калі ласка, не чапайце нічога на стале!), ці то проста, каб падняцца да мяне. Я люблю французскую кроў. У сваім імкненні разгадаць сакрэт французскага жывапісу, у сваім жаданні яго пераўзысці мне трэба пакаштаваць французскай плоці. Усім, хто прыходзіў да мяне ў студыю, даводзілася чакаць за дзвярыма. Прыкладна паўгадзіны — мінімальны час, неабходны мне, каб навесці парадак і апрануцца. Я заўжды працаваў голы… У прынцыпе не выношу вопраткі. Лішні цяжар».
З 1941 па 1948 год Шагал жыў у ЗША, але так і не вывучыў англійскую, а навіны даведваўся з газет на ідыш.
І яшчэ красамоўная дэталь. Валянціна, трэцяя жонка (калі другой лічыць Віржынію Хагард, з якой Шагал не быў распісаны, але меў сына), вымушала яго выходзіць з вобразу яўрэйскага мастака. Напрыклад, пасля жаніцьбы (1952 год) з яго карцін знікаюць рабіны. Жонка таксама дамаглася, каб пры людзях Шагал гаварыў па-французску. Сябры ўспаміналі казусы: калі ішлі з Маркам па вуліцы, гаварылі між сабой на ідыш, а як толькі паўз іх праходзіў француз, Шагал адразу пераходзіў на французскую.
***
Шагал займаўся ў студыі Юдаля Пэна прынамсі пяць гадоў — з 14 да 19. Па ўласным прызнанні, плаціў за навучанне толькі першыя два месяцы. «Адзіны з вучняў Пэна, я прыахвоціўся да фіялетавых тонаў. Пэн быў так уражаны маёй дзёрзкасцю, што з таго часу я наведваў яго школу бясплатна».
Марк Шагал так уразіў настаўніка сваім талентам, што той намаляваў яго партрэт — таксама шэдэўр.
***
Мадэрніст par excellence размаляваў святая святых класіцызму — Парыжскую оперу Гарнье.
Плафон плошчай 220 квадратных метраў быў скончаны, калі майстру было 77 гадоў. Калі Андрэ Мальро, пісьменнік і міністр культуры ва ўрадзе Шарля дэ Голя, замовіў роспіс столі Шагалу, многія французскія газеты адгукнуліся знішчальнай крытыкай. Шагала лічылі чужынцам, няздольным упісацца ў парыжскі стыль. Мальро абвінавачвалі ў пагоні за модай. Але калі роспіс быў адкрыты, крытыкі змоўклі.
Плафон складаецца з пяці сектараў, у кожным — оперныя і балетныя творы ды кампазітары, якія натхнялі мастака. Сіні сектар — «Барыс Гадуноў» Мусаргскага і «Чароўная флейта» Моцарта, жоўты — «Лебядзінае возера» Чайкоўскага і «Жызэль» Адана, чырвоны — «Жар-птушка» Стравінскага і «Дафніс і Хлоя» Равэля, зялёны — «Рамэа і Джульета» Берліёза ды «Трышчан і Іжота» Вагнера, белы — «Пелелас і Мелізанда», опера Дэбюсі. У цэнтры — творы Бізэ, Бетховена, Вердзі, Глюка.
***
Адносіны Марка Шагала з яўрэйскасцю былі складаныя. Яго хавалі не па яўрэйскай традыцыі, але выпадковы госць пахавання падышоў да труны і згаварыў кадыш — іўдзейскую малітву па памерлых.
***
Чаму Шагал геній
Першае — колер. «Такое адчуванне, што раней ты глядзеў на графіку, і толькі ўбачыўшы Шагала, нарэшце адчуў, што такое колер», — піша Марціновіч.
Работы пазнаеш, убачыўшы нават краем вока. Яго каларыстыка выразна вылучаецца з усіх мастакоў свайго пакалення, хоць усе яны пісалі аднымі і тымі ж фарбамі. Чамусьці адзіны з усіх сучаснікаў ён пісаў з такой інтэнсіўнасцю колераў. І абвастраў эфект спалучэннем, здавалася б, неспалучальных колераў.
Яшчэ адзін сакрэт у тым, што Шагал пісаў вялікія ўчасткі чыстымі колерамі, не змешваў фарбы.
Сваім вучням даваў практыкаванне: маеце тры колеры — чырвоны, жоўты, сіні — і мусіце намаляваць натуршчыцу. «Як я магу, — у роспачы пісаў адзін з вучняў, — я да такога не здольны!»
Пабла Пікаса казаў, што ёсць два чалавекі, якія разумеюць, што такое колер: Матыс і Шагал.
Яшчэ адно — лінія. Такую немагчыма паўтарыць. Варыяцыі «пад Шагала» немажлівыя. Такую казу, як у Шагала, мог намаляваць толькі ён сам.
І яшчэ адно — унікальны стыль, назву якому пакуль ніхто не змог падабраць. Гэта сумесь сімвалізму, кубізму, экспрэсіянізму, магічнага рэалізму, сюжэтнага сюррэалізму і непаўторных аўтарскіх прыёмаў.
***
***
«Мой дзядзька, Зюся, цырульнік, адзін на ўсё Лёзна. Ён мог бы працаваць і ў Парыжы. Вусікі, манеры, погляд. Але ён жыў у Лёзне. Быў там адзінай зоркай, — не без гумару ўспамінаў мастак.
— Зорка красавалася над акном і над дзвярыма яго ўстановы. На шыльдзе — чалавек з сурвэткай на шыі і намыленымі шчокамі, побач другі — з брытвай, вось-вось яго зарэжа.
Дзядзька стрыг і галіў мяне бязлітасна і любоўна і ганарыўся мною (адзін з усёй радні!) перад суседзямі і нават перад Госпадам, які не абышоў блаславеннем і нашу глухмень», — пісаў Шагал ва ўспамінах.
Шагал выявіў цырульню свайго дзядзькі ў Лёзне. Як і ўсе карціны Шагала, гэта поўная мілых бытавых дэталяў: на сценах — узоры стрыжак, на этажэрцы акуратна раскладзеныя шчоткі, памазкі, парфума, пад люстэркам — падстаўка для ног. На ўзроўні вачэй кліента таблічка «Абоненты платятъ вперед», гэта значыць «Пастаянныя кліенты плацяць наперад».
«Калі я напісаў яго партрэт і падарыў яму, — успамінаў Шагал, — ён зірнуў на палатно, потым у люстэрка, падумаў і сказаў: «Ну не, пакінь сабе!»»
***
Гэта карціна стала водгукам на Крыштальную ноч — серыю яўрэйскіх пагромаў у Германіі ў ноч з 9 на 10 лістапада 1938 года.
Злева — бальшавікі, гарыць вёска, справа нацысты паляць сінагогу. У верхнім правым кутку чамусьці выяўлены сцягі, у тым ліку Літвы, — думка пра антысеміцкія настроі ва Усходняй Еўропе? Яўрэі ўцякаюць са сваімі рэчамі хто куды, нехта ратуецца на караблі (гэткім будзе і шлях самога Шагала, які перабярэцца з акупаванай Францыі ў ЗША).
На Ісусе — талес, малітоўнае адзенне іўдзеяў.
Унізе ў зялёным — прарок Ілья, вечны вандроўнік. У небе героі старазапаветнай гісторыі дзівяцца і плачуць над тым, што робіцца на зямлі.
Шагал маляваў не толькі закаханых ды коз. На несправядлівасць, уціск ён адгукаўся таксама.
Гэтую карціну вельмі любіць папа Францыск.
***
Карова з парасонам. 1946 год.
У 1944 годзе ад віруснай інфекцыі памерла жонка мастака Бэла Шагал. Гэта здарылася ў Нью-Ёрку, дзе сям’я жыла ў час вайны. Пасля гэтага мастак год не мог маляваць.
У такой роспачы ён і сустрэў 30-гадовую Вірджынію Хагард. У іх нарадзіўся сын Давід — назвалі так у гонар Маркавага брата. Марк быў шчаслівы — многа маляваў і гуляў з сынам, на ўзбярэжжы яны рабілі рысункі на камянях і закідвалі іх у мора — стваралі «музей для медуз».
У гэты перыяд і была напісаная пяшчотная і іранічная «Карова з парасонам».
Класічны і мілы Шагалаў прыём — замяніць чалавека жывёлай: каза грае на віяланчэлі, у рыбы свечка ў плаўніку…
А тут белая карова з сіняй галавой гуляе па дахах беларускага мястэчка. Тым часам цяля падсілкоўваецца малаком. У капытцы карова трымае парасон, закрываючыся ад яркага сонца. Хвост каровы пераходзіць у закаханую пару — нявесту з жаніхом. Магчыма, аптымістычная карова — гэта вобраз іх поўнага спадзяванняў кахання, іх мараў пра будучыню? У той жа час чырвань фону не дае нам адкінуць трывожныя думкі.
***
Цяжка ўявіць, што аўтар — не юнак, а 93-гадовы стары, які выявіў на карціне ўсё, што любіць. Віцебск — справа, над ім свеціць месяц, там ноч, там сны. Парыж — злева, «другі Віцебск», над якім свеціць сонца
(бачым Эйфелеву вежу, якой мастак захапляўся ўсё жыццё, Сену, Нотр-Дам). Бэла і хатняя ўтульнасць, фарбы ды пэндзлі, вясёлая кампанія (хтосьці ад шырыні пачуццяў аж стаў хадзіць на руках). А ў небе — усё намаляванае, і ненамаляванае, і страчанае незваротна.
Каментары