Велагоншчык Васіль Кірыенка: Беларуская мова — мёртвая, мне цікавей ведаць мову баскаў
«З колерам! З гонарам! З роварам!» — менскі велакарнавал «Viva, Ровар!» пройдзе 30 красавіка пад беларускамоўным слоганам. У той жа час «фронтмэнам» мерапрыемства стаў велагоншчык Васіль Кірыенка, які лічыць, што беларуская мова мёртвая і на ёй ніхто не размаўляе.
Арганізатары велакарнавалу — Менскае роварнае таварыства і велаклюб «Менск» пры падтрымцы Менгарвыканкаму, а таксама Міністэрства спорту і турызму. Яны абяцаюць сабраць беспрэцэдэнтную колькасьць удзельнікаў — як мінімум удвая больш, чым леташні велапарад, на які выехалі блізу 3 тысяч аматараў двухколавага транспарту. Да 10 кілямэтраў супраць леташніх пяці павялічыцца дыстанцыя сьвяточнага велазаезду па праспэкце Пераможцаў.
«Беларускі стыль забрэндзіраваны ўжо ў самой назьве, што лішні раз падкрэсьлівае яго нацыянальную адметнасьць», — сказаў намесьнік міністра спорту і турызму Аляксандар Дубкоўскі, прэзэнтуючы праграму сьвята «Viva, Ровар!».
Часы, калі менскія раварысты ведалі адзін аднаго ў твар, прайшлі
Кіраўніца Менскага роварнага таварыства Анастасія Янчэўская дадае, што пра падобную імпрэзу велааматары марылі апошнія пяць гадоў, але толькі цяпер мары ўвасабляюцца ў рэальнасьць. Па яе словах, яшчэ ня так даўно менскія раварысты ведалі адзін аднаго ў твар і віталіся пры сустрэчы на ходніках ці ўзбочыне дарогі. Але езьдзіць па горадзе было нязручна. «Лічылі «пятымі кропкамі» ўсе бардзюры на сваім шляху», — кажа раварыстка. І вось нарэшце справа пачала зрушвацца.
Паводле зьвестак упраўленьня спорту і турызму Менгарвыканкаму, сёньня ў сталіцы 137 кілямэтраў пешаходна-роварных шляхоў, пракладзеныя 32 кілямэтры адасобленых веладарожак, пачалі паступова паніжаць бардзюры. І хоць паводле маштабаў гэта не параўнаць з традыцыйна гасьціннымі для раварыстаў эўрапейскімі краінамі, прагрэс ёсьць.
Адмысловым госьцем імпрэзы, якая мае паспрыяць папулярызацыі ровара ў штодзённым жыцьці, стаў адзін з самых славутых беларускіх прафэсійных велагоншчыкаў, чэмпіён сьвету па веласпорце, трыюмфатар першых Эўрапейскіх гульняў, пераможца леташняга этапу топавай «шматдзёнкі» «Джыра д’Італія» Васіль Кірыенка. На менскі велакарнавал спартовец паабяцаў прывезьці з роднай Рэчыцы трох дзетак, хоць малодшая, ягонымі словамі, яшчэ нават не дастае да пэдаляў:
«Я папярэдне пазнаёміўся са сцэнарам і бачу, што нарэшце і ў нас паступова набіраюцца замежнага досьведу — пачынаючы ад спрошчанай рэгістрацыі для звычайных людзей і заканчваючы канцэртнай праграмай. Асабіста мяне прываблівае, што імпрэза адпачатку заплянаваная не ў спартовым фармаце, а як культурніцкая, забаўляльная. Бо барацьба за сэкунды ўжо крыху надакучае. А калі выйдзе яскравае, запамінальнае сьвята, толку будзе куды больш. Шчыра запрашаю на карнавал прыйсьці разам зь дзецьмі».
«Беларуская мова — мёртвая, на ёй ніхто не размаўляе»
А вось нацыянальны кантэкст велапараду для беларускага гоншчыка брытанскай каманды Sky Procycling цікавасьці не ўяўляе. Адрозна ад шэрагу спартоўцаў, якія апошнім часам прыязна выказваліся на адрас і беларускай мовы, і гістарычнай сымболікі, Васіль Кірыенка не хавае, што ня бачыць у беларусізацыі аніякай карысьці. Сам ён валодае гішпанскай, італьянскай і на побытавым узроўні ангельскай. А вось беларуская ў сьпісе моўных прыярытэтаў ня значыцца.
Збольшага цяпер Васіль Кірыенка жыве ў Гішпаніі, дзе трэніруецца паміж адказнымі стартамі. Можа, таму, як сказаў ён у размове з карэспандэнтам Свабоды, для яго нашмат большую цікавасьць уяўляе фэномэн мовы Краіны Баскаў, што побач зь ягонай Памплонай:
«У мяне супярэчлівае стаўленьне да беларускай мовы… Справа ў тым, што большую частку часу я знаходжуся ў Гішпаніі, акурат на мяжы з Краінай Баскаў. Яна афіцыйна не існуе як адміністрацыйная адзінка, але жыхары лічаць інакш: усяляк адмяжоўваюцца ад гішпанскай апекі, гавораць на сваёй мове. Дык вось мне цікавей было б ведаць іхнюю мову эўскера, чым сваю, беларускую. Чаму? Таму што, прабачце, можа каго пакрыўджу, але беларуская мова — не жывая; гэта мёртвая мова, на якой практычна ніхто не размаўляе. Яе, як лічу, у прымусовым парадку навязваюць, прыкладам, прымушаюць вывучаць маю дачку. Я, па вялікім рахунку, супраць гэтага. І калі мяне запытаюць — ці трэба так рабіць — адкажу: канечне, не! Я некалі таксама вывучаў мову, нават пяцёркі меў, але пасьля школы яна мне нідзе не прыдалася! Хіба з палякамі кантактаваў, бо па-беларуску разумеюць, а больш гэтае веданьне ніякай практычнай карысьці не дало. Спрабаваць ажывіць нежывое — лішняе».
Праводжу паралель паміж статусамі краін-сатэлітаў: баскі жывуць у каляніяльным цені Мадрыду, беларусы нават пасьля абвяшчэньня незалежнасьці адчуваюць дыханьне Масквы. Паводле Васіля Кірыенкі, параўнаньне не зусім карэктнае, бо нават у складзе Гішпаніі баскі захоўваюць нашмат большую адметнасьць, чым сувэрэнныя беларусы:
«У баскаў з самавызначэньнем, ідэнтыфікацыяй усё нармальна нават з улікам цяперашняга статусу. Адрозна, скажам, ад беларусаў. У іх невялікая тэрыторыя пражываньня — гэта поўнач Гішпаніі і рэгіён на паўднёвым захадзе Францыі. Але больш за 2 мільёны чалавек хай не пастаянна, але размаўляюць на эўскера, прынамсі ведаюць сваю мову. Нават у маёй камандзе ёсьць прыклад такога чалавека — Мікель Ланда Міена. Ён усюды падкрэсьлівае, што баск па нацыянальнасьці. У кожнага з нас на форму, на ровар наносіцца апазнавальны знак, які сьведчыць пра нацыянальнасьць. Дык вось у Мікеля — сьцяжок Краіны Баскаў, ён прынцыпова ня ставіць гішпанскі. Пастаянна размаўляе на сваёй мове. Канечне, свабодна валодае гішпанскай — я зь ім гавару па-гішпанску — аднак па тэлефоне з жонкай, бацькамі, сябрамі кантактуе выключна на эўскера. Гэтыя людзі — патрыёты, для якіх родная мова, культура мае рэальную каштоўнасьць».
Ці сасьпеюць беларусы да ўласнай «эўскера»?
Такога шчырага і зацікаўленага стаўленьня да гісторыі, культуры, традыцыяў, як у баскаў, Васіль Кірыенка ў беларусах не адчувае. А таму, на яго погляд, і ня трэба нешта навязваць сілком — на яго думку, прымусіць быць кімсьці немагчыма:
«У тых мясьцінах абсалютна інакш разьвівалася культура, людзі паважаюць традыцыі, звычаі сваіх продкаў — не на публіку, а сэрцам, душой. Дарэчы, яны нават зьнешне адрозныя ад гішпанцаў — па колеры скуры, па анатамічных прыкметах. Прынамсі, калі нейкі час зь імі пакантактуеш, гэта адразу кідаецца ў вочы. У іх ёсьць свае прыклады для гонару ў спорце, нацыянальныя віды. Напрыклад, пелота — своеасаблівы правобраз сквошу, калі мяч па чарзе адбіваюць ад сьцяны. Гэтая гульня там вельмі разьвітая і папулярная, нават праходзіць усясьветнае першынства па басцкай пелоце. Вельмі шмат ладзіцца розных сьвятаў, шэсьцяў, не аднойчы быў таго сьведкам. З размахам праходзяць вясельлі: надзвычай цікава назіраць, як перад маладымі высьцілаюць асфальт скошанай травой, а потым гэтак жа дружна пасьля ўсё прыбіраюць да першаснага выгляду. Ня так, як у нас: калі пагулялі, то потым ужо ні прайсьці ні праехаць…»
* * *
Васіль Кірыенка нарадзіўся ў 1981 годзе ў Рэчыцы на Гомельшчыне, выхаванец мясцовага дзіцячага юнацкага клюбу фізычнай падрыхтоўкі. Адзін зь нямногіх веласіпэдыстаў, які спаборнічае і на шашы, і на трэку. У 2008-м стаў чэмпіёнам сьвету па велатрэку, затым адзначыўся на знакамітай супэршматдзёнцы «Джыра д’Італія», дзе выйграў адзін з этапаў і двойчы стаў другім. Па выніках спаборніцтваў заняў 2-е месца ў горным разьдзеле. У 2011-м і 2015-м італьянскія этапы скарыліся беларусу чарговым разам. Апроч таго, выйграваў этапы «Вуэльта Гішпаніі», «Туру Краіны Баскаў» ды шэраг іншых на самых прэстыжных шматдзёнках. Летась стаў чэмпіёнам сьвету ў індывідуальнай гонцы ў ЗША, а таксама выйграў першыя Эўрапейскія гульні ў Азэрбайджане.
Каментары