Сучасную калекцыю хустак і шалікаў па матывах узораў слуцкіх паясоў прыдумалі каардынатаркі культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская. Ажыццявіць гэтую задуму дапамагла мастачка Ганна Калтовіч.
Слуцкія паясы пачалі ткаць на мануфактурах у Слуцку па ўнікальнай тэхналогіі яшчэ ў XVIII стагоддзі. Адметнай рысай такіх паясоў быў раслінны арнамент. Ткачы выраблялі мудрагелістыя ўзоры валошак ці незабудак, перапляценні кветак дрэваў і сцябла з лісцем. Слуцкі пояс насілі толькі мужчыны, гэта быў элемент традыцыйнага параднага строю шляхты.
Ідэя ўвасобіць слуцкі ўзор у сучасным адзенні з’явілася ў Алены і Ніны яшчэ ў 2015 годзе. Тады Святлане Алексіевіч уручалі Нобелеўскую прэмію па літаратуры, і так супала, што ў гэты час у Алены з Нінай была запланавана паездка ў Швецыю разам з кіраўніцтвам Саюза беларускіх пісьменнікаў. І Шведская пісьменніцкая арганізацыя запрасіла прадстаўнікоў Беларусі на цырымонію ўручэння Нобелеўскай прэміі.
Пра магчымы ўдзел у імпрэзе беларускую дэлегацыю папярэдзілі яшчэ да паездкі, таму жанчыны сталі актыўна шукаць вопратку, якая б адпавядала ўрачыстасці. Традыцыйна ўсе дамы на цырымоніі апранутыя ў вечаровыя сукенкі да падлогі. Гэта само па сабе аказалася няпростай задачай для беларусак.
Да таго ж Стэфан Эрыксан, былы амбасадар Швецыі ў Беларусі і, як адзначаюць Алена з Нінай, вельмі адданы сябра беларускай культуры, ускладніў ім задачу, прапанаваўшы надаць адзенню беларускіх гасцей нацыянальныя адметнасці. І калі пытанне вечаровай сукенкі вырашылася, то з задачай ад спадара Стэфана справіцца так і не ўдалося.
«Заставаўся літаральна тыдзень да паездкі. Мы з Аленай аб’ездзілі практычна ўсе крамы, дзе прадавалася нешта нацыянальнае, каб знайсці хоць штосьці падобнае па крою да вечаровага строю. Нічога! Вось зусім нічога падобнага! Сукенка князёўны — калі ласка, народны строй — нават выбар быў. А асобныя «элементы» народнага: тыя ж вышыванкі, ці тканыя паясы, ці стужкі — ніяк не пасавалі да шаўковай сукенкі».
Праз тыдзень пошукаў жанчынам стала відавочна: замову спадара Стэфана выканаць не ўдасца.
«Мы зразумелі, што няма ў Беларусі нейкага асучасненага элемента шляхетнай вопраткі, які можна было б спалучаць з сучаснымі рэчамі, асабліва не штодзённымі.
Падчас сваіх пошукаў мы завіталі ў «Скарбніцу», дзе пабачылі, што яны робяць слуцкія паясы і вырабы паводле іх. Але гэта былі ці то паясы для мужчынскай вопраткі, ці то сувеніры. Яны вельмі прыгожыя, але нерэальна дарагія. І калі мы спрабавалі загортвацца ў іх, як у шаль, то прадавачка глядзела на нас, нібыта мы здзяйсняем нейкае святатацтва».
Але ідэя засталася. Потым яна яшчэ не раз падмацоўвалася, калі Алена з Нінай глядзелі рэпартажы з беларускіх модных паказаў. І калі вырашылі адкрыць краму з рэчамі з нацыянальнай сімволікай, каб дапамагаць дзейнасці кампаніі «Будзьма беларусамі!», узяліся і за ажыццяўленне ідэі са слуцкімі паясамі.
«І тут мы зноў сутыкнуліся з цяжкасцямі, — заўважае Алена. — Дызайнеры казалі, што ўзор не вельмі добра раскладаецца на элементы, становіцца невыразным. Але мы не здаваліся. І першым вырабам была маечка з узорам паводле Слуцкага пояса, дызайнерам якой стаў Анатоль Лазар. Можа, яна і не мела шалёнага поспеху, але і не засталася незаўважанай».
Слуцкія паясы ўсё яшчэ не давалі спаць Алене з Нінай. Яны думалі, у якіх вырабах узоры раскрыюцца лепш. Так прыйшла думка пра шалікі і хусткі. Але паўстала іншая праблема: знайсці вытворцаў, якія пагодзяцца на выпуск невялікай партыі рэчаў.
«У Беларусі шмат дзяржаўных прадпрыемстваў, але такое адчуванне, што ім грошы непатрэбныя. Калі ты не замаўляеш вагон прадукцыі, з табой проста не размаўляюць. Але пры вялікіх аб'ёмах закупак трэба мець склады, буйную сетку рэалізацыі. Ніхто не хоча працаваць з малым бізнэсам. Мы сталі шукаць невялікіх вытворцаў ці тых, хто гатовы займацца дробнымі партыямі.
Такія ёсць ва Украіне і Польшчы, яны нават гатовыя дасылаць узоры сваіх тканін — калі ласка, толькі замаўляйце. Ім не трэба ўзгадняць узоры з галоўнымі тэхнолагамі. Гэта ўсё было для нас прывабна, але пры пастаўках з-за мяжы ўзнікала пытанне сертыфікацыі, атрымання розных папер, дазволаў, мытаў. Пры невялікіх партыях гэта нявыгадна. Урэшце мы знайшлі фірму ў Беларусі, якая пагадзілася зрабіць невялікую партыю».
Знайшлася тут і дызайнерка: Ганна Калтовіч па-мастацку ўвасобіла слуцкія ўзоры ў хустках.
«Каб максімальна дакладна адмаляваць слуцкія ўзоры, я шукала іх элементы ў кнігах, — расказала нам Ганна. — Калі на старонцы выява была дрэннай якасці, я шукала адпаведную ёй у інтэрнэце. І наадварот. Таму элементы на нашых шаліках і хустках супадаюць з арыгінальнымі максімальна дакладна. У тым ліку і ў колерах».
Ганна распавядае, што адмалёўка аднаго шаліка займала ў дзяўчыны каля чатырох дзён. Адмалёўка хусткі — каля двух. Шмат часу займала праца з друкам.
«Калі нашы хусткі-шалікі паводле слуцкіх паясоў і карцін Язэпа Драздовіча спадабаюцца пакупнікам, мы будзем і далей вырабляць падобныя рэчы, — кажа Ніна Шыдлоўская. — Мы хочам, каб як мага шырэйшае кола людзей празнала пра існаванне гэтых скарбаў нашай культуры. Дарэчы, мы зрабілі эксклюзіўную партыю сарафанаў і летніх спаднічак якраз па матывах слуцкіх паясоў».
Алена з Нінай адзначаюць, што ў сучаснасць такая вопратка ўпісваецца лёгка: канцэпцыю калісьці падказала госця са Швецыі. Яна распавяла, як шведы змаглі зрабіць сучаснымі традыцыйныя рэчы. Уся справа ў абавязковым спалучэнні трох складнікаў: сувязяў з традыцыямі, сучаснага дызайну і якаснага матэрыялу.
«Тая ж IKEA таму прыклад: ты бярэш сучасную рэч і раптоўна разумееш, што нешта падобнае ты бачыў у сваёй бабулі. Скандынаўскі дызайн — ён увесь традыцыйны і ў той жа час сучасны і якасны».
Алена і Ніна звяртаюць увагу, што калі яны пачыналі кампанію «Будзьма!», то стварылі па тым жа прынцыпе лагатып, які застаецца і па сёння. Гэта своеасаблівае ўвасабленне матываў традыцыйнай вышыўкі праз сучасныя пікселі.
«Тады, ужо амаль 12 гадоў таму, мы паспрабавалі прадставіць свой візуальны нацыянальна арыентаваны прадукт, які б не дзяліў людзей па палітычных поглядах, а наадварот — аб’ядноўваў у сваёй любові да беларускага, — згадвае Ніна. — У нас гэта атрымалася. Пазней з'явіліся многія іншыя брэнды, якія гэтаксама пераасэнсоўвалі традыцыі. І мы гэтаму вельмі радыя. Бо заўжды казалі, што наша культура і гісторыя — бясконцая скарбніца для натхнення, для стварэння брэндынгу кампаній і нэймінгу прадуктаў».
Хусткі і шалікі жанчыны абралі не проста так. Алена адзначае, што мода на такія аксэсуары была і будзе заўжды.
«Хустка — гэта тое, што можа аздобіць любую сукенку, дадаць ёй патрэбны акцэнт. Не абавязкова мець шмат сукенак у гардэробе — дастаткова мяняць аксэсуары, і кожны раз вобраз будзе іншым».
Многія рэчы застаюцца ў трэндзе стагоддзямі. А пра некаторыя варта нагадаць — тады яны атрымаюць новае дыханне.
«Мы вельмі спадзяёмся, што не толькі вышыванка, але і слуцкія паясы, і іншыя скарбы нашай культуры пойдуць у шырокі ўжытак, будуць крыніцай ідэй і для бізнэсу, і для грамадскіх арганізацый», — падсумоўваюць Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская.
Каментары