Здароўе

Бустарныя вакцыны: што гэта такое, ці рабіць іх супраць COVID-19 і чаму вакол іх разгарнулася сусветная спрэчка

Пакуль у Беларусі поўны курс вакцынацыі ад кавіду прайшло крыху больш за 15% насельніцтва, багатыя краіны сутыкаюцца з іншай дылемай: рабіць ці не дадатковыя, бустарныя дозы. З аднаго боку, стала відавочна, што толькі вакцынацыяй пандэмію не перамагчы, бо з цягам часу эфектыўнасць зробленай прышчэпкі паніжаецца. З іншага боку, ёсць сумневы ў карысці бустарнай вакцыны супраць цяжкіх выпадкаў кавіду. А яшчэ пытанне, ці маральна марнаваць вакцыны на бустарныя ў багатых краінах, пакуль шмат дзе ў свеце не могуць атрымаць нават першай дозы. Разбіраемся, што пра гэта думаюць палітыкі, навукоўцы і дактары.

Чаму ўвогуле загаварылі пра бустарныя вакцыны?

Свет сустрэў з’яўленне першых вакцын ад каранавіруса з энтузіязмам, многія краіны ўздыхнулі з палёгкай і знялі каранавірусныя абмежаванні. Але зусім хутка стала відавочна, што адной толькі вакцынацыяй пандэмію не перамагчы.

Даследаванне ў Вялікабрытаніі паказала, што абарона пасля двух ін'екцый вакцыны Pfizer знізілася да 88% за адзін месяц пасля вакцынацыі і да 74% за пяць-шэсць месяцаў.

Вакцыны выклікаюць выпрацоўку спецыфічных антыцел, якія абараняюць наш арганізм ад хваробы. Але эфектыўнасць вакцын з часам зніжаецца, а ў арганізме памяншаецца колькасць антыцел. Бустарны ўкол істотна павялічвае колькасць антыцел.

Даныя даследавання Pfizer паказваюць, што бустарныя прышчэпкі аднаўляюць эфектыўнасць вакцыны да 95%. Падобныя даследаванні былі і ў іншых вытворцаў вакцын. Дадатковы ўкол Johnson & Johnson праз два месяцы забяспечыў 94% эфектыўнасці супраць COVID-19. Бустар Johnson & Johnson, зроблены праз 6 месяцаў, павялічвае колькасць антыцелаў у 12 разоў.

Пажылыя ізраільцяне, якія атрымалі трэцюю дозу вакцыны супраць кавіду, са значна меншай імавернасцю атрымаюць станоўчы вынік тэсту на SARS-CoV-2, чым тыя, у каго было толькі два ўколы. 

Даныя паказваюць, што трэцяя доза вакцыны Pfizer зніжае паказчыкі шпіталізацыі асоб, старэйшых за 60 гадоў, у дзесяць разоў.

Мутацыя віруса таксама негатыўна ўплывае на здольнасць арганізма абараніць сябе. Розныя варыянты каранавіруса маюць розныя мутацыі, што азначае, што вакцына, якая добра працуе супраць аднаго варыянту, можа быць не вельмі эфектыўнай супраць іншага.

Даследаванні паказваюць, што праз 6 месяцаў пасля вакцынацыі цітры антыцел супраць першапачатковага штаму кавіду заставаліся на высокім узроўні, большым, чым гэта нават неабходна для абароны ад хваробы. А вось калі браць антыцелы ад новых штамаў, якія ўзніклі пасля стварэння вакцыны, іх і праўда станавілася істотна менш з цягам часу.

Але калі разглядаць памяншэнне здольнасці арганізма абараняць сябе ад кавіду, пакуль што незразумела, колькі на гэта ўплывае мутацыя, а колькі — змяншэнне колькасці антыцел. 

Навукоўцы першапачаткова падлічылі, што 70% людзей павінны быць вакцынаваны, каб дасягнуць статкавага імунітэту. Але паколькі варыянт Дэльта больш заразны, верагодна, цяпер ад 85% да 90% людзей маюць патрэбу ў вакцынацыі.

Таксама многія дактары выступаюць за бустары, таму што яны дазволяць зменшыць перадачу інфекцыі дзецям, якія яшчэ слаба вакцынаваныя, нават у багатых краінах. 

Зараз бустарны ўкол робяць вакцынай з такім самім складам, што і першыя дзве дозы. Але гэта можа змяніцца: вытворцы вывучаюць цяперашнія мутацыі ў параўнанні з першапачатковым варыянтам віруса, каб стварыць адаптаваны варыянт вакцыны.

Пабочныя эфекты ад бустарнай вакцыны такія самыя, як і ад першых дзвюх доз: галаўны боль, стомленасць, тэмпература, боль у мышцах.

Дык што, калі патрэбныя бустары, значыць вакцына неэфектыўная? 

Не, гэта проста азначае, што ваша імунная сістэма з часам пачне губляць сваю здольнасць абараняцца ад кавіду. Але гэта не значыць, што першапачатковая вакцына не спрацавала ці была неэфектыўнай. Бустары — нармальная з’ява, не толькі ў кавідных вакцынах.

Некаторыя дактары мяркуюць, што называць трэцюю дозу вакцыны бустарнай некарэктна. У вакцыналогіі добра вядома, што пры выкарыстанні падобных вакцын часта неабходна рабіць апошнюю дозу праз 4-6 месяцаў пасля першай (ці першых), каб сфарміраваць імунны адказ. Многія вакцыны, якія ўводзяцца ў дзяцінстве, робяцца паслядоўнасцю з трох доз, з прамежкам некалькі месяцаў паміж другой і трэцяй дозамі. Цалкам магчыма, што нешта падобнае неабходна і для кавідных вакцын.

І карэктна гэта называць не «бустарнай», а трэцяй дозай. У людзей ад слова «бустарны» ствараецца няправільнае ўражанне, што першыя дозы вакцын былі неэфектыўнымі, хаця гэта зусім не так.

Дадатковыя дозы вакцын — нармальная з’ява ў вакцыналогіі, яны ніяк не кажуць пра неэфектыўнасць вакцыны. Напрыклад, дарослыя павінны атрымліваць вакцыну супраць слупняку кожныя дзесяць гадоў. Рэкамендуецца штогод рабіць іншыя прышчэпкі, напрыклад, ад грыпу.

Для некаторых вакцын можа спатрэбіцца дзве дозы, напрыклад супраць адру, эпідэмічнага паратыту і краснухі. Дзеці звычайна атрымліваюць першую дозу ва ўзросце 12-15 месяцаў, а другую (і апошнюю) дозу — ва ўзросце 4-6 гадоў.

А што там у ЗША?

Нядаўна прэзідэнт ЗША Байдэн зрабіў заяву аб тым, што краіна плануе дазволіць бустарныя ўколы, але пакуль што незразумела, калі чыноўнікі аховы здароўя ўхваляць такі крок для шырокай грамадскасці. Профільныя ведамствы рэкамендавалі зрабіць трэці ўкол вакцыны толькі для людзей з аслабленым імунітэтам і старых. Упраўленне па кантролі за прадуктамі і лекамі ЗША рэкамендавала бустарныя вакцыны таксама людзям, старэйшым за 65 гадоў, а маладзейшым і здаровым — не.

З улікам таго, што крыху больш за палову ўсяго насельніцтва ЗША цалкам вакцынавана, эксперты ў галіне аховы здароўя заявілі, што бустарныя прышчэпкі не з'яўляюцца добрай ідэяй для спынення пандэміі.

Даследаванні паказваюць, што людзі, чыя імунная сістэма падаўленая, выпрацоўваюць мала ці ўвогуле не выпрацоўваюць антыцелаў пасля атрымання вакцыны COVID-19, і што бустары дапамагаюць ім выпрацоўваць больш. Пажылыя людзі таксама выйгралі б ад бустараў, таму што вакцыны не працуюць так добра ў старых людзей, як у маладых.

Пакуль што пануе нявызначанасць, але ў ЗША ўжо паспелі ўвесці 2 мільёны бустарных доз.

ЗША перадалі бяднейшым краінам каля 160 мільёна доз вакцыны.

А што ў суседзяў?

Еўрапейскае агенцтва па лекавых сродках заявіла 2 верасня, што няма вострай неабходнасці ў правядзенні бустарных прышчэпак для насельніцтва, падкрэсліўшы, што прыярытэтам цяпер павінна быць вакцынацыя адной траціны еўрапейцаў, якія не цалкам вакцынаваны.

Але ўводзіць трэцюю дозу ці не — застаецца прэрагатывай мясцовых уладаў. Першай краінай у ЕС, якая дазволіла рабіць трэція дозы, — праз чатыры месяцы пасля другой прышчэпкі — стала Венгрыя.

У Літве праводзіць масавую рэвакцынацыю ад каранавіруса цяпер палічылі немэтазгодным, вырашыўшы прышчапіць бустарнай дозай толькі пацыентаў з групы рызыкі: асоб, старэйшых за 65 гадоў; пацыентаў і работнікаў хоспісаў і аддзяленняў паліятыўнага догляду; медработнікаў; людзей з аслабленым імунітэтам.

Падобная сітуацыя і ў Латвіі — трэцюю дозу атрымаюць людзі, старэйшыя за 65 гадоў.

У Польшчы рэвакцынацыя будзе тычыцца медыцынскіх работнікаў і людзей, старэйшых за 50 гадоў. Згаданыя групы атрымаюць яе праз шэсць месяцаў пасля апошняй дозы.

Ва Украіне і Расіі рэвакцынацыі пакуль што няма — занадта малая колькасць людзей прайшла вакцынацыю дзвюма дозамі.

Аргументы супраць бустарных вакцын

Крытыкі мяркуюць, што багатым краінам варта сфакусавацца на тым, каб давакцынаваць яшчэ не вакцынаваных грамадзян (у тым ліку дзяцей), пераканаць кавід-дысідэнтаў, а таксама дапамагчы з вакцынамі бедным краінам, а не марнаваць іх на бустары.

Да таго ж, дактарам элементарна бракуе даных, якія дазволілі б ацаніць эфектыўнасць бустараў у барацьбе з цяжкімі выпадкамі хваробы і пандэміяй. З цягам часу істотна эфектыўнасць вакцыны змяншаецца толькі супраць лёгкіх выпадкаў, супраць цяжкіх яна застаецца вельмі высокай.

Супраць бустарных доз выступае і СААЗ. Арганізацыя заклікае ўвесці мараторый на бустарныя вакцыны для ўсіх, акрамя старых і людзей з кепскім імунітэтам, пакуль кожная краіна свету не вакцынавала хаця б 40% свайго насельніцтва. Пакуль што малаімаверна, каб мэта СААЗ была выкананая да канца 2021 года. У свеце няма ніводнай беднай краіны, якая вакцынавала б больш за 8% свайго насельніцтва.

«Калі некаторыя краіны могуць дазволіць сабе рабіць бустарныя прышчэпкі, а іншыя не правялі яшчэ першага і другога этапу вакцынацыі, гэта маральна няправільна», — сказаў кіраўнік арганізацыі Гебрэесус.

Найгоршая сітуацыя з вакцынацыяй зараз у краінах Афрыкі: там вакцынавана толькі каля 3,5% дарослага насельніцтва. 

Гэта больш, чым проста этычная праблема. Урады, вядома, нясуць адказнасць у першую чаргу за абарону сваіх уласных грамадзян, і менавіта гэта імкнуцца зрабіць багатыя краіны. Напрыклад, брытанскі прэм’ер Борыс Джонсан заявіў, што бустарныя ўколы для пажылых і хворых брытанцаў зараз у прыярытэце адносна адправак вакцын у бедныя краіны. Але ёсць больш шырокія наступствы пры правядзенні бустарных прышчэпак да таго, як большая частка астатняга свету будзе вакцынаваная.

Калі выкарыстоўваць наяўныя вакцыны як бустарныя замест таго, каб адпраўляць іх у бедныя краіны, у тых слабаразвітых краінах кавід і далей будзе распаўсюджвацца і муціраваць, прыносячы новыя штамы ўжо ў краіны першага свету, і ад гэтых новых штамаў вакцыны могуць быць ужо неэфектыўнымі. Багатыя краіны паўтараюць ранейшыя памылкі, не думаючы пра глабальнае вымярэнне.

Крытыкі бустарных вакцын параўноўваюць іх з выратавальнымі камізэлькамі для тых, у каго ўжо гэтыя камізэлькі ёсць, пакуль іншыя людзі тонуць. 75% усіх уведзеных вакцын прыходзіцца на 10 краін.

Хаця вытворцы вакцын істотна нарасцілі свае магутнасці, у свеце пакуль што недастаткова вакцын для кожнага чалавека, і бустары выглядаюць марнатраўствам. Задаволіць попыт фармацэўтычныя заводы змогуць не раней за 2023 год. З часам такой дылемы (аддаць вакцыны бедным краінам ці адправіць іх на бустарныя дозы) не будзе, але пакуль што яна застаецца актуальнай. 

Колькасць антыцелаў і праўда змяншаецца з часам у вакцынаваных — гэта даведзена навукоўцамі з Брытаніі і Ізраіля — але колькасць антыцелаў не з’яўляецца адзіным фактарам, ад якога залежыць, ці захварэе чалавек. Імунная сістэма нашмат больш складаная.

Некаторыя даследаванні паказваюць, што імунны адказ клетак застаецца моцным яшчэ вельмі доўга, гэта азначае, што вакцыны будуць абараняць вас ад цяжкіх выпадкаў хваробы нават з нізкім узроўнем антыцел. Нізкая колькасць антыцел зусім не азначае, што вы захварэеце.

Няма ніякіх пераканаўчых доказаў таго, што зніжэнне імунітэту ў вакцынаваных людзей прыводзіць да значнага росту колькасці шпіталізацыі або смерцяў ад кавіду.

Таксама навукоўцы і дактары адзначаюць, што вакцынаваныя людзі, якім не рабілі «бустар», усё адно хварэюць у разы менш, чым невакцынаваныя. Напрыклад, паводле даследавання ў Лос-Анджэлесе, невакцыніраваныя людзі па-ранейшаму амаль у 5 разоў часцей заражаліся і ў 29 разоў часцей былі шпіталізаваныя, чым вакцынаваныя дзвюма дозамі без бустараў. 

Калі б абароненасць вакцынаваных людзей без бустара набліжалася б да абароненасці невакцынаваных, тады б аргументы за трэцюю дозу былі б больш пераканаўчымі, але гэта не так.

Да таго ж, у навукоўцаў пакуль што вельмі мала даных пра ўплыў бустарных вакцын на моладзь і людзей сярэдняга веку. Вытворцы вакцын імкнуцца экстрапаляваць вынікі сваіх даследаванняў эфектыўнасці бустараў са старых людзей на моладзь, але гэта не зусім карэктна.

Ёсць імавернасць, што патэнцыйная небяспека для моладзі ад бустарных вакцын можа быць большай, чым нязначная атрыманая карысць.

Некаторыя дактары і навукоўцы скардзяцца, што рашэнне наконт бустарных вакцын прымаецца палітыкамі валюнтарысцкі, без навуковага і эканамічнага абгрунтавання і публічнай дыскусіі. 

Як вымяраць эфектыўнасць вакцынацыі?

Дэбаты вакол неабходнасці бустарных вакцын шмат у чым залежаць ад таго, які ўзровень рызыкі лічыць прымальным для грамадства.

Для адных людзей эфектыўнасць вакцынацыі вызначаецца ў змяншэнні колькасці цяжкіх хворых і смерцяў, для іншых — у агульным змяншэнні колькасці новых выпадкаў.

«Цяперашнія запасы вакцын маглі б выратаваць больш жыццяў, калі б яны выкарыстоўваліся ў раней невакцынаваных папуляцыях, чым калі б яны выкарыстоўваліся ў якасці бустараў у вакцынаваных папуляцыях», — пішуць аўтары артыкула ў часопісе Lancet.

Гэта складанае пытанне, якое патрабуе пастаянных сумесных намаганняў даследчыкаў вакцын, імунолагаў, эпідэміёлагаў.

У даследаваннях часта акцэнтуюць увагу на зніжэнні эфектыўнасці абароны ад хваробы, але часта ігнаруюць, што вакцынаваныя пераносяць хваробу ў лягчэйшай форме.

Пра гэта часта забываюць, але эфектыўнасць вакцыны супраць COVID-19 пераўзыходзіць першапачатковыя чаканні. 95% абароны — проста фантастычная лічба для Moderna і Pfizer, калі ўлічваць, што пры распрацоўцы вакцын спадзяваліся на 70%, і нават 50% было б добрым вынікам. Каранавірус муціруе, а вакцыны дагэтуль застаюцца эфектыўным сродкам. 

Гэта цалкам нармальна, што эфектыўнасць вакцыны з часам зніжаецца.

Вакцыны ад дыфтэрыі, слупняку кожныя 10 гадоў патрабуюць рэвакцынацыі, але гэта ніяк не кажа, што яны кепскія, правальныя ці неэфектыўныя.

Каментары

Украінскія эксперты разабраліся, з чаго зрабілі расійскі «Арэшнік»1

Украінскія эксперты разабраліся, з чаго зрабілі расійскі «Арэшнік»

Усе навіны →
Усе навіны

Дубль Аляксея Протаса забяспечыў «Вашынгтону» перамогу над «Лос-Анджэлесам»

СМІ расказалі пра даўгі беларускага блогера Улада Бумагі па расійскіх падатках2

Трамп пагражае вярнуць Панамскі канал пад кантроль ЗША. Панама выключае такую магчымасць7

Аргенцінскі падлетак напісаў план забойстваў па-беларуску і прынёс у школу зброю9

Брытанскі блогер, які змагаўся за беларускі ДНЖ і хадзіў да Кубракова, усё ж выехаў з Беларусі. Выпусцілі не з першай спробы16

Шрайбман адказвае, ці могуць перамовы па Украіне прайсці ў Беларусі11

Трамп заявіў, што чакае сустрэчы з Пуціным, каб хутчэй скончыць вайну ва Украіне15

Блогер паказаў, як выглядае найгоршая шаурма ў Мінску3

На вакзале ў Варшаве памёр беларус22

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Украінскія эксперты разабраліся, з чаго зрабілі расійскі «Арэшнік»1

Украінскія эксперты разабраліся, з чаго зрабілі расійскі «Арэшнік»

Галоўнае
Усе навіны →