Эканоміка

«Зарабляем 20—25 тысяч еўра за месяц». Як Іван Шыла адкрыў паспяховы бізнэс за мяжой

Іван Шыла — персона вядомая. Палітычны актывіст, скандальна звольнены эсэмэмшчык — ён змяніў шмат розных амплуа. Але апошнія гады Іван — таленавіты бізнэсмен, саўладальнік клінінгавай кампаніі, якую заснаваў разам са сваім родным братам Іллёй. Некалькі гадоў таму яны запусцілі клінінг пад назвай «Чысты кіт». Усё было добра… але ў 2020 абодва браты вымушаныя былі выехаць з Беларусі. Яны стварылі аналагічны бізнэс у Польшчы. А сёння Іван і Ілля жывуць ў Берліне, рыхтуюць адкрыццё аналагічнага сэрвісу там. У вялікім інтэрв’ю Іван Шыла распавёў, як заваяваць рынак Варшавы за год працы, як сёння ставяцца да беларусаў у Польшчы і чаму 80 тысяч еўра — гэта зусім няшмат.

2020: кавід і эміграцыя

«Чысты кіт» паспяхова працаваў у Беларусі да 2020 года.

«У 2020 годзе ў нас было каля 150 тысяч рублёў месячнай выручкі, на нас працавалі каля 120 клінераў, 5-7 менеджараў. Каранавірус асабліва не дапамог, але і не абваліў працу, — расказвае Іван. — Складанымі месяцамі былі сакавік-красавік 2020 года, бо пандэмія толькі пачыналася, усе баяліся, людзі адмаўляліся ад кантактаў з іншымі, адпаведна, скасоўвалі заказы.

Некаторыя клінінг-кампаніі рэкламавалі «антывірусную ўборку», але мы такім шляхам не пайшлі — сорамна. Мы разумелі, што сітуацыя ўдарыць па бізнэсе, але заўсёды сумленна камунікавалі з кліентамі. Таму самі казалі ім, што найлепшы варыянт пакуль не кантактаваць ні з кім, у тым ліку з клінерамі, а калі хочаце нас падтрымаць, то закажыце сертыфікат на ўборку, выкарыстаеце яго пасля.

Таксама мы ўважліва адсочвалі, як дзяржава будзе дапамагаць бізнэсу падчас пандэміі. Шмат знаёмых жылі ў іншых краінах, там дзяржава дапамагала. А ў нас тады яшчэ прэм’ер Румас абяцаў, што вось-вось, і нешта будзе, што ўрад рыхтуе нейкі праект дапамогі бізнэсу, але ж мы не атрымалі нічога.

Пры гэтым уся арэнда ў Мінску традыцыйна была прывязаная да даляра і еўра. Калі валюта пачала расці, мы спрабавалі дамовіцца пра нейкія зніжкі з гаспадарамі памяшканняў, прасілі прывязаць арэнду да рубля. Адказ быў адназначны: не. Цікава, што сёння ў Мінску тыя ж людзі ўжо ідуць на саступкі, гатовыя нават прывязаць цэны да рубля, я гэта ведаю. Гэта паказчык таго, наколькі сур’ёзны крызіс.

Таксама складана было ў жніўні 2020-га, калі адключалі інтэрнэт, у нас не маглі заказваць паслугі. Але ж ужо верасень, кастрычнік аказаліся топавымі месяцамі, мы моцна выраслі, не было спаду. Чаму так — не ведаю, не магу патлумачыць. 

Што тычыцца кліентаў, то ў Беларусі, безумоўна, гэта былі тыя ж айцішнікі. Так, некаторыя з’язджалі. Але, па нашых адчуваннях, сапраўды масавая міграцыя з Беларусі пачалася толькі цяпер, з канца лютага 2022 года». 

Нягледзячы на восеньскі рост, кажа Іван, у 2020 годзе ён разумеў, што нічога добрага ў бліжэйшы час чакаць не варта. Да таго ж Шыла выказваўся ў сацсетках, да выбараў быў у ініцыятыўнай групе Бабарыкі, збіраў подпісы, нават трапіў на Акрэсціна пасля аднаго з маршаў, правёў за кратамі 6 сутак. Ажно 40 сутак сядзеў і бацька Івана, вядомы салігорскі актывіст Уладзімір Шыла.

Таму ў кастрычніку 2020-га Іван з’ехаў з Беларусі.

«Раней мы задумваліся пра бізнэс у іншых краінах, але з верасня 2020-га было дакладнае разуменне, што трэба рабіць гэта проста цяпер. Бо бізнэс у Беларусі — гэта зусім не актыў, ты не можаш нічога планаваць.

Былі думкі адкрыць клінінг-кампанію ў Польшчы. Мы нешта для гэтага рабілі вясной 2020 года, нешта ўлетку, але ў верасні ўжо дакладна вырашылі пераязджаць у Польшчу і працаваць там: я выйшаў з сутак і амаль адразу пайшоў рабіць візу. Таксама купілі квіткі на кастрычнік, заняліся пошукам жылля.

Пазней я вырашыў прадаць сваю частку бізнэсу. Са снежня 2020-га я да беларускага офіса дачынення больш не маю». 

2021: Варшава і Кракаў

Раней Іван ужо спрабаваў адкрыць клінінг за мяжой — у Кіеве. Але грошай гэтая спроба так і не прынесла:

«У 2019 годзе мы запусціліся, але падчас кавіду ў Кіеве быў сапраўдны лакдаун: усё зачыненае, не хадзіў транспарт. І Украіна не багатая краіна, падтрымкі бізнэсу там не было таксама. Гэта вельмі паўплывала, у Кіеве ў выніку мы так нічога і не зарабілі».

Новую спробу вырашылі ажыццявіць у Польшчы, бо Іван і яго брат Ілля раней вучыліся там, жылі некалькі гадоў, ведаюць мову, разумеюць асаблівасці краіны.

«Цяпер беларускі пашпарт, можа, і праблема, але да вайны ў Польшчы былі вельмі добрыя ўмовы, нават не звязаныя з палітыкай. З беларускім пашпартам можна было адкрыць свой бізнэс анлайн цягам тыдня, адзінае патрабаванне — мець на рахунку суму ў злотых эквівалентную 1100 еўра. 

Плюс да вайны была праграма «Poland. Business Harbour», якая дазваляла адкрыць у Польшчы аналаг беларускага ІП. Гэта было ўнікальна, бо давала магчымасць весці бізнэс без абавязковага польскага пашпарта ці дакументаў ПМЖ», — кажа Іван.

Спачатку запусціліся ў Варшаве — усё ж сталіца, шмат насельніцтва, больш кліентаў. Мудрыць з назвай не сталі, проста пераклалі на англійскую. 

Пасля дадаўся Кракаў, таксама вялікі горад, другі па насельніцтве (амаль 800 тысяч жыхароў). Там партнёрам стаў сябар Івана. 

«Першыя месяцы, шчыра скажу, мне нават здавалася, што ўсё разваліцца. Але праз некалькі месяцаў аказалася, што ўсё працуе, што ўсе нашы веды і вопыт можна прымяняць і ў іншых краінах.

У Варшаве я зразумеў, што фактычна раблю тое ж, што рабіў у Мінску — а грошай атрымліваецца ў два разы больш. Я быў проста ўражаны, калі гэта зразумеў,

— расказвае Шыла. — Беларускі бізнэс часта ўпікаюць, што ён нейкі нягеглы, але гэта нармальны бізнэс, рэальна. Па польскіх мерках беларусы вельмі стараюцца, прычым у Беларусі яшчэ і вельмі патрабавальныя кліенты. Гэта добры палігон, добрая трэніроўка для бізнэсу, бо зарабляць у Беларусі больш складана, чым у іншых краінах». 

Каб запусціць кампанію ў Варшаве, было выдаткавана каля 15 тысяч еўра, у Кракаве — каля 4 тысяч еўра. Большасць з гэтых грошай пайшлі на рэкламу ў інтэрнэце.

«Гэта вельмі невялікія грошы, бо мы яшчэ працавалі самі і бясплатна. Усё, што мы маглі рабіць самі, мы з братам рабілі, не атрымліваючы грошай на працягу некалькіх месяцаў. Прыборкай не займаліся, але наймалі людзей, самі адказвалі на пытанні кліентаў, вырашалі канфлікты з кліентамі, самі настройвалі рэкламу. Брат займаўся тэхнічнымі момантамі, а я сядзеў у офісе — абсалютна адзін на працягу першых чатырох месяцаў.

Тое ж і ў Кракаве — там першыя месяцы наш партнёр займаўся ўсім магчымым, не атрымліваючы заробку.

Вясной 2021-га мы пачалі нешта зарабляць, выйшлі ў нуль. Недзе на пачатку лета вярнулі тыя 15 тысяч еўра, што ўкладвалі», — кажа Іван.

Сёння яго кліенты — звычайныя жыхары Варшавы і Кракава. Сэрвіс не арыентуецца на мігрантаў, але сярод польскіх кліентаў хапае і беларусаў:

«Часам бачыш людзей, якія калісьці заказвалі ў нас уборку ў Мінску, пасля заказвалі ў Кіеве, а цяпер яны ж заказваюць у Варшаве. І шмат мінскіх кліентаў перабіралася ў Кіеў, цяпер яны пераязджаюць у Польшчу». 

Клінер можа зарабіць 1000 еўра за месяц

Клінеры працуюць па прынцыпе, падобным да «Убера». На фіксаванай зарплаце іх не трымаюць, хочаш — бяры заказы, колькі выканаеш, столькі і заробіш. 

Палякаў сярод клінераў амаль няма, у асноўным гэта ўкраінцы, беларусы, малдаване і грузіны. 

Калі чалавек будзе працаваць штодня па 7-8 гадзін, ён можа зарабіць каля тысячы еўра, кажа Шыла. 

«Гэта 4,5-5 тысяч злотых. Для клінінгу гэта ок. Калі ты прыехаў у Варшаву без дыплома, без англійскай мовы, не ведаеш польскую, то гэта не самая кепская праца. Я разумею, што гэта не такія і вялікія грошы, не збіраюся сцвярджаць, што клінеры купаюцца ў золаце. Але гэта годная кампенсацыя за фізічную працу», — лічыць ён.

У Мінску заказ на прыборку аднапакаёвай кватэры ў «Чыстага кіта» каштуе 49 рублёў. На пачатку 2020 года гэта было каля 24 даляраў, у канцы сакавіка 2022-га — ужо толькі 16.

У Варшаве цана вышэйшая: тая ж паслуга будзе каштаваць 130 злотых, гэта каля 30 даляраў. 

«І нашы цэны ніжэйшыя, чым у канкурэнтаў, таму мы добра расцем», — адзначае Іван.

Па яго словах, знайсці работнікаў у Варшаве было прасцей чым у Мінску, бо ў Польшчы шмат працоўных мігрантаў. У Беларусі ж іх фактычна няма. 

«Цяпер нам і шукаць не трэба — у наш офіс стаіць чарга людзей, якім патрэбная праца. Мы нават не можам задаволіць усе заяўкі, проста не маем столькі заказаў», — кажа Іван.

Запусціць бізнэс у Берліне абыдзецца ў 80 тысяч еўра мінімум

Пасля Польшчы браты Шылы вырашылі скарыць Германію. Цяпер яны займаюцца адкрыццём кампаніі ў Берліне, нават пераехалі туды жыць.

Старт у Германіі больш складаны.

«Адкрыць банкаўскі рахунак у Германіі няпроста.

Тут у банкаў хапае кліентаў, ніхто не будзе за цябе змагацца, як у Варшаве. І калі ты прыходзіш з беларускім пашпартам, каб адкрыць у Германіі даччыную кампанію польскай фірмы, то рэакцыя такая: «Што??? Можа, ёсць хоць які нямецкі дакумент? Няма? Тады соры». Пашпарты шмат якіх краін тут можна верыфікаваць анлайн, але беларускі — не. У банках глядзяць на цябе крыва. 

І ў выніку адзін з банкаў адкрыў рахунак, але ўзяў з нас тысячу еўра толькі праз нашы беларускія пашпарты, патлумачыўшы, што трэба правесці дадатковую праверку. І гэта яшчэ было да вайны! Сёння, напэўна, нам бы проста адмовілі,

— кажа Іван. — І тэрміны тут зусім іншыя ў параўнанні з Польшчай. Больш бюракратыі, больш дакументаў, больш папераў, усё трохі складаней — нават не таму, што мы беларусы, а таму, што тут так гэта робіцца. Мы чакаем каля двух месяцаў проста рэгістрацыю. Анансавалася 6-8 тыдняў, але ўсё нешта правяраюць».

Акрамя таго, нешта накшталт франшызы працуе ў Рызе. Партнёры там мясцовыя, Іван і Ілля даюць сайт, наладжаную сістэму для заказаў, за гэта бяруць працэнт. 

Бізнэс прыносіць 20-25 тысяч еўра ў месяц

Пакуль не запусціўся бізнэс у Германіі, грошы братам Шылам прыносіць Польшча. 

Пры запуску ў Варшаве было каля 40 заказаў на месяц. Цяпер каля 90 заказаў штодня толькі ў Варшаве, каля 40 — у Кракаве. На кампанію працуюць 165 клінераў у Варшаве, 65 у Кракаве, плюс менеджары — агулам каля 250 чалавек. 

«У Варшаве мы самая буйная клінінгавая кампанія, якая прыбірае кватэры. Ёсць клінінгавыя кампаніі, якія прыбіраюць пасля будаўніцтва, там бывае і па пары тысяч работнікаў. Але калі казаць пра прыборку кватэр, то самыя буйныя — гэта мы.

Цяпер на польскі рынак прыйшла швейцарская кампанія, якая мае вялікія грошы, якая адкрывае філіялы па ўсёй Еўропе. Гэта пагроза для нас, уся Варшава ў іх рэкламе, але пакуль нават яны не большыя за нас. 

З тых, хто быў да нас ці адкрываўся разам з намі, мы выраслі найбольш», — падкрэслівае Шыла.

Па яго словах, кампанія сёння зарабляе ў Польшчы каля 20-25 тысяч еўра на месяц:

«І гэта мы працуем тут трошкі больш за год. Для разумення — гэтыя лічбы ў 2-2,5 раза большыя за тыя, якія мы зараблялі ў Беларусі, прапрацаваўшы там некалькі гадоў. Але амаль усё, што мы цяпер зарабляем, мы адкладваем на бізнэс у Берліне.

Нам трэба зарабіць тысяч 80 еўра, каб там нармальна запусціцца. І 80 тысяч еўра — гэта мінімум, гэта зноў прыйдзецца эканоміць, шмат рабіць самім. З гэтай сумы каля 70% пойдзе на рэкламу на старце, з часам, канечне, на рэкламу выдаткі будуць меншыя».

Спачатку была боязь, што ў Германіі будзе складана знайсці работнікаў, прызнае Іван, але цяпер стала зразумела, што вакансіі будуць закрытыя бежанцамі з Украіны.

Што змянілася, калі пачалася вайна

Клінінг братоў Шылаў — гэта польская кампанія, яны афіцыйна зарэгістраваныя ў Польшчы і плацяць там падаткі. 

«Але ў Польшчы можна паглядзець, хто валодае кампаніяй, якое ва ўладальнікаў грамадзянства.

І нам часам пішуць каментарыі: «Не заказвайце ў гэтай кампаніі, гэта беларусы, яны плацяць падаткі Лукашэнку і падтрымліваюць дыктатуру». Мы тлумачым, што гэта не так.

Плюс мы падтрымліваем і людзей, і ініцыятывы, Напрыклад, у Кіеве засталіся некаторыя клінеры, якія працавалі на нас. І цяпер мы стараемся іх падтрымліваць грашыма. Часам у працоўным чаце бачыш, як людзі рыхтуюць кактэйлі Молатава, плятуць ваенныя сеткі, ды і проста падбадзёрваюць адно аднаго… І мы разумеем, што наша кампанія ім нічым не абавязаная, але ў гэтай сітуацыі правільны крок — дапамагчы ім хаця б матэрыяльна.

Тым кіеўскім клінерам, якія з’ехалі ў Польшчу, мы даём працу тут, у Варшаве.

Таксама мы бясплатна прыбіраем палякам кватэры, куды людзі засяляюць бежанцаў, мы пераводзім грошы ЗСУ. Я не лічу, што мы проста сабе беларусы і гэта не наша вайна. Мы ў тым ліку нясём адказнасць за яе», — мяркуе Іван.

Таксама ў Польшчы змянілася стаўленне да рускамоўных і беларусаў, адзначае Іван:

«Варшава цяпер запоўненая ўкраінцамі, яны проста паўсюль. Палякі ж, калі чуюць рускую мову, могуць падыйсці і спытаць, адкуль ты. На вуліцы такога не будзе, але я прыязджаў нядаўна ў Варшаву, зайшоў з сябрамі ў бар. І там падышлі, пацікавіліся, я тлумачыў сваю пазіцыю, што не падтрымліваю вайну. Як правіла, усё ў такіх выпадках заканчваецца добра, пасля ўсе братаюцца са словамі «Пуцін — х*йло!», але такіх выпадкаў у бары можа быць з дзясятак за вечар.

Таксама ведаю ад сваіх знаёмых: беларусам у Польшчы могуць прабіць колы ў машыне, іх могуць не абслуговаўць у кавярні. Ды нават майго бацьку, які жыве ў Польшчы з дакументам бежанца, не засялілі ані ў адзін гатэль у Любліне. Усе адмовілі, убачыўшы ў дакументах, што ён беларус. 

Была гісторыя, калі да нас прыйшлі ўладкоўвацца клінерамі маці і дачка, абедзве беларускі. Яны расказалі, што да таго прыбіралі офісы ў Варшаве — і іх звольнілі, бо яны беларускі. А яны звычайныя небагатыя людзі, відавочна, што не бенефіцыяры лукашэнкаўскага рэжыму.

Ці ў нас працуе жанчына з беларускім пашпартам, якая да таго жыла ў Кіеве, яе муж там застаўся ваяваць. І цяпер у яе таксама праблемы, бо некаторыя кліенты не хочуць, каб у іх прыбіраліся клінеры з беларускім пашпартам. Нават калі ім тлумачыш, што не ўсё так проста, кліенты ўпіраюцца: не, я не хачу, каб у мяне прыбірала беларуска, бо я падтрымліваю Украіну!

Можа, пасля палякі зразумеюць, што гэта не вельмі правільныя рэчы. Бо так, Беларусь вінаватая, але кожны канкрэтны выпадак трэба разглядаць асобна. 

У Берліне такога няма, можа, праз тое, што народ перажыў сваю калектыўную траўму, цяпер яны не хочуць гнабіць іншых. А можа і праз тое, што ад Германіі гэтая вайна ўсё ж далей, чым ад Польшчы».

Нядаўна Іван напісаў у Фэйсбуку: «Да 2020 я жыў у нейкім такім ідэальным свеце, дзе тваё жыццё (асабістае, кар'ера, нават грамадства вакол) можа толькі паляпшацца, а ўсё што ні робіцца — тое і сапраўды да лепшага. Пасля былі сумневы, цяпер я ў ах*** і здранцвенні».

Негледзячы на ўсе поспехі ў бізнэсе, у такім жа стане ён і па сёння.

«Я ўсё не магу паверыць да канца, што гэта сапраўды вайна. У мяне ва Украіне шмат знаёмых, мае сваякі цяпер ваююць там, абараняюць сваю краіну. І для мяне ўсё гэта проста шок».

«На вайне было спакайней, чым у сённяшняй Беларусі». Як уцякачка з Мінска адкрыла бізнэс у Кіеве — і згубіла ўсё 

«Світары раскупілі за дзень». Беларуская дызайнерка расказала пра бізнэс у Вільні і ўкраінскую калекцыю

Каментары

Жыхарцы Магілёва пагражаюць крыміналкай за тое, што зняла ранішнюю чаргу ў рэгістратуру3

Жыхарцы Магілёва пагражаюць крыміналкай за тое, што зняла ранішнюю чаргу ў рэгістратуру

Усе навіны →
Усе навіны

У Пінску закрылі буйны махлярскі кол-цэнтр. Пацярпелых — амаль 50 тысяч чалавек4

Перад прыездам Лукашэнкі ў Пакістан там забаранілі агульнанацыянальны марш апазіцыі. Тысячы затрыманых5

Пачынаецца суд над святаром Генрыхам Акалатовічам. Яму пагражае да 15 гадоў

Матацыкліст зачапіў тварам дрот, нацягнуты паміж дрэў у лесе пад Гродна6

Фізічныя практыкаванні дапамагаюць аднавіць нервовыя клеткі. Вось як гэта ўдалося даказаць1

У Вільні грузавы «Боінг» упаў на двухпавярховы жылы дом і загарэўся. Ёсць загінулыя3

8 нагод наведаць самы маленькі горад Беларусі5

У Турцыі пасля пасадкі загарэўся расійскі пасажырскі Sukhoi Superjet 100. Каторы раз такое з гэтым самалётам2

Качалоўская: На «Міс Сусвет» я зразумела, што такое жаночая жорсткасць. А ў прыбіральню нас вадзілі ахоўнікі10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Жыхарцы Магілёва пагражаюць крыміналкай за тое, што зняла ранішнюю чаргу ў рэгістратуру3

Жыхарцы Магілёва пагражаюць крыміналкай за тое, што зняла ранішнюю чаргу ў рэгістратуру

Галоўнае
Усе навіны →