Расійскі гарнізон на востраве Змяіны разгромлены. Масква назвала эвакуацыю яго рэштак «крокам добрай волі»
Шэрагам удараў па востраве ўкраінскай авіяцыі і беспілотнікаў былі знішчаныя расійскія ЗРК, і Змяіны застаўся без абароны з паветра.
Украінскае камандаванне паведаміла, што расіяне адышлі ад вострава Змяіны. Пазней гэта пацвердзіла і Міністэрства абароны Расіі.
Паведамляецца, што ад вострава адышлі пяць суднаў. Сам востраў пакрыты дымам пажарышчаў.
Сёння ж украінскае аператыўнае камандаванне «Поўдзень» заявіла, што ўкраінскія абаронцы знішчылі на востраве Змяіны апошні зенітна-ракетны комплекс «Панцыр-С1», гэта значыць, расіяне засталіся без абароны з паветра.
Акрамя таго, украінцы сцвярджаюць, што расейская армія страціла дзве гаўбіцы «Мста-Б» і самаходную — «Мста-З», тры адзінкі браняванай і аўтамабільнай тэхнікі, а таксама палявы склад паліўна-змазачных матэрыялаў.
Нагадаем, першы гарматна-ракетны комплекс «Панцыр-С1» на Змяіным украінцы знішчылі тыдзень таму.
Змяіны востраў — невялікая выспа за 50 кіламетраў ад паўднёвага берага Украіны ў Чорным моры.
24 лютага 2022 у першы дзень расейскага ўварвання ва Украіну Дзяржаўная прыгранічная служба Украіны каля 18:00 па мясцовым часе заявіла, што востраў з пасля абеду атакуюць расійскія вайсковыя караблі. Ракетны крэйсер «Масква» і патрульны карабель «Васілій Быкаў» пры падтрымцы штурмавых верталётаў абстрэльвалі выспу са сваіх палубных гармат.
Калі расійскі ваенны карабель звярнуўся да ўкраінскіх памежнікаў на выспе і зажадаў, каб яны здаліся, яны адказалі вядомай усім зараз нецэнзурнай фразай пра рускі ваенны карабель.
13 красавіка ракетны крэйсер «Масква», які браў удзел у штурме вострава Змяіны, затануў пасля ўкраінскай атакі.
Мінабароны Расіі пазней у чацвер пацвердзіла адыход са Змяінага і назвала гэта «крокам добрай волі»
Раней такім «крокам добрай волі» было названае адступленне расійскай арміі з поўначы Украіны.
Каментары