Чалы на стрыме з Ціханоўскай падказаў беларусам пытанне, роўнае па значнасці ўкраінскаму «Чый Крым?»
Сёння Святлана Ціханоўская была ў гасцях на стрыме ў Сяргея Чалага. Суразмоўцы сярод іншага ўздымалі пытанні стасункаў паміж украінцамі і беларусамі і імклівага іх пагаршэння.
Чалы папрасіў Ціханоўскую распавесці гісторыю, якую яму распавёў знаёмы, як на адной з сустрэч Зяленскі «ледзь не бегаў» ад Святланы Георгіеўны.
Ціханоўская сказала, што разумела Зяленскага, што чалавек не хоча афіцыйна з ёй сустракацца, таму што, відаць, для яго былі рызыкі, «напэўна, ужо тады былі нейкія перадумовы, што ваенныя дзеянні могуць пачацца».
Але ёй было вельмі важна на гэтым агульным мерапрыемстве падысці і падзякаваць.
«Я ведала, колькі беларусаў зʼехала ва Украіну і што іх прынялі з распасцёртымі абдымкамі, і мне было важна падысці і сказаць: «Дзякуй за дапамогу беларусам». Я сказала, што мне не патрэбна фатаграфія, проста вялікі вам дзякуй. І ўсё. І пайшла. Не тое, каб ён прама бегаў ад мяне. Я яго разумела. Я за ім не ганялася».
Сяргей Чалы адказаў, што цяпер думае над гэтым «хітрым пераключэннем рэгістраў» з маральнага — «мы вядзем барацьбу сусветнага дабра з сусветным злом, усе нам павінны дапамагаць» на «рэал палітык».
І ён распавёў свой лайфхак на мараль і рэал палітык.
Ва ўкраінцаў ёсць такое любімае пытанне — лакмусавая паперка, якая распавядае пра суразмоўцу ‒ чалавек адказвае ў рэчышчы рэал палітык, узважвання выдаткаў або ён адказвае па каштоўнасцям.
«Украінцы пытаюцца: чый Крым? І, вядома, можна адказаць, што ён украінскі, і дадаць нешта накшталт, але мы разумеем, хто яго кантралюе, па факце ён расійскі і г. д.
У мяне ёсць абсалютна люстраное пытанне для ўкраінцаў: хто прэзідэнт Беларусі?
Чаму я два гэтыя пытанні стаўлю побач? Таму што яны пра адно і тое ж», — сказаў Чалы.
Каментары