Эканоміка1111

Як набываць крыптавалюты — падрабязны гайд

Які кашалёк лепш завесці, як набыць крыптавалюту, калі ў вас толькі беларуская картка, і што наконт бяспекі? Пастараліся разабрацца.

Фота: QuoteInspector.com/CC BY-ND 4.0

Што такое крыптавалюты і чаму імі карыстаюцца?

Калі вельмі проста — гэта тэхналогія электронных грошай. Галоўныя іх перавагі — гэта дэцэнтралізацыя (поўная непадкантрольнасць дзяржавам ці карпарацыям), магчымасць разлікаў у любой краіне свету і даволі вялікая ступень ананімнасці пры дастаткова акуратным карыстанні. Але перавагі ствараюць і мінусы, якія ўключаюць нестабільнасць курсаў, складанасці пры пераводзе грошай у фіятныя валюты і тэхнічную складанасць правядзення аперацыяў у сетцы.

Калі вы хочаце даведацца пра крыптавалюты болей, то існуе даволі вядомы праект Binance Academy (на рускай мове, на ўкраінскай мове) ад аднайменнай крыптабіржы, які можа адказаць на шматлікія пытанні па тэме. У гэтым артыкуле мы засяродзіліся толькі на тым, як набыць крыптавалюту.

Для пачатку, вам патрэбны крыптакашалёк. Стварыць яго можна або на якой-небудзь біржы ці сэрвісе, або захоўваць яго ўласнаручна. Яны бываюць двух відаў — «гарачыя» і «халодныя».

«Гарачыя кашалькі» (просты варыянт)

«Гарачы» — гэта гаманец, які мае доступ да інтэрнэту і вельмі часта захоўваецца на нейкім староннім сервісе ці прывязаны да яго.

Сярод «гарачых» кашалькоў ёсць два варыянты: некастадыяльныя (калі ключы доступу захоўваюцца ў вас) і кастадыяльныя (калі ключы доступу і сродкі захоўваюцца на староннім сэрвісе адначасова).

Праблема з кастадыяльнымі «гарачымі» кашалькамі ў тым, што калі біржа, як гэта нядаўна было з FTX, аб'явіць сябе банкрутам, то плакалі вашы грошы. Такія кашалькі зручнейшыя для хуткіх транзакцый ды абменаў, але для захавання грошай звычайна выкарыстоўваюць «халодныя» або «гарачыя» некастадыяльныя кашалькі.

Сярод вядомых і надзейных некастадыяльных кашалькоў — Trust Wallet і Coinomi. Калі вы хочаце таксама набываць ананімную крыптавалюту Monero, то ёсць кашалёк Cake Wallet. Таксама ёсць варыянт захоўвання грошаў унутры біржавога кастадыяльнага кашалька (пра гэта ніжэй).

Да прыкладу, вось інструкцыя па стварэнні кашалька Trust Wallet, дзе тлумачацца асноўныя моманты:

Варыянты з адкрытым зыходным кодам (складаны варыянт)

Часта такія гаманцы даюць магчымасць стварыць іх «халоднымі», то бок, цалкам прадстаўленымі ў выглядзе файла на вашым камп'ютары і не звязанымі з нейкім канкрэтным сэрвісам. Такі кашалёк не патрабуе пастаяннай сувязі з сеткай для прагляду, бо цалкам захоўваецца ў вас.

Такія кашалькі выкарыстоўваюцца для таго, каб захоўваць сродкі доўгі час, бо адсутнасць пастаяннай сувязі з інтэрнэтам дазваляе не перажываць за тое, што сродкі скрадуць ці іх забярэ сервіс. Таксама вы самі яго кантралюеце ўключна з камісіямі за транзакцыі. Мінус у тым, што калі вы згубіце файл, то згубіце і кашалёк з усімі сродкамі, то-бок, вы самі мусіце клапаціцца пра ягоную бяспеку і цэласць, таму варта быць вельмі ўважлівым з данымі для ўваходу.

Найбольш просты варыянт стварэння кашалька для біткоіна — створаны ў платформе Electrum, бо яна мае цалкам адкрыты код і толькі вы з'яўляецеся ўладальнікам кашалькоў, а біткоін прымае любы сэрвіс, які падтрымлівае аплату крыптавалютамі.

Просты дапаможнік па Electrum ёсць тут. А вось відэаінструкцыя (па-руску):

Калі вы хочаце абраць іншую крыптавалюту ці іншы кашалёк, то вось дзе можна пашукаць інфармацыю. Да прыкладу, на афіцыйным сайце біткоін ёсць параўнанне сэрвісаў для стварэння кашалькоў, на афіцыйным сайце Ethereum ёсць параўнанне для гэтай крыптавалюты — трэба абіраць варыянты «Open-source» і «Self-custodial» для Ethereum і пункт «Control» для біткойна, калі вы хочаце стварыць «халодны» кашалёк. Самы папулярны з бясплатных Ethereum-кашалькоў з адкрытым кодам, які можа быць халодным — MyEtherWallet, а для самай абароненай і ананімнай крыптавалюты Monero — Monero GUI Wallet.

Некаторыя з сервісаў па стварэнні кашалькоў (напрыклад, Electrum) могуць быць як «гарачымі» некастадыяльнымі, гэтак і халоднымі (то бок, падтрымліваюць дзве опцыі стварэння). Галоўнае, што адрознівае пералічаныя вышэй сервісы — гэта адкрыты код і поўны кантроль над сродкамі.

Таксама існуюць варыянты «халодных» кашалькоў у выглядзе гатовых прыладаў. Каштуюць яны даражэй, але з-за даволі складанай сістэмы захоўвання яны дастаткова надзейныя.

Як набыць крыптавалюту

Купля крыптавалюты з-за мяжы ці замежнай карткай

У Еўропе і іншых краінах ёсць процьма спосабаў набыць крыптавалюты — да прыкладу ў афлайн-абменніках ці ў крыптаматах.

А таксама на біржах. Сярод вядомых біржаў, якія не патрабуюць вашых даных пры параўнальна невялікіх сумах — ByBit (частковая ідэнтыфікацыя ўводзіцца з 15 снежня) і Poloniex. Вось даволі падрабязная інструкцыя па карыстанні біржай ByBit:

А каб абраць біржу ці сервіс, які пасуе менавіта вам і не патрабуе ідэнтыфікацыі асобы, скарыстайцеся сервісам KYCNot, які агрэгіруе такія сервісы і біржы.

Купля крыптавалюты з Беларусі банкаўскай карткай

Для куплі крыптавалюты з беларускай ці расійскай падсанкцыйнай карткі вы можаце скарыстацца агрэгатарам bestchange.com. Гэты сэрвіс міжнародны і прапануе вельмі шмат розных варыянтаў, большасць з якіх не патрабуюць верыфікацыі асобы. Там жа можна паглядзець, якая мінімальная сума для куплі валюты, а сэрвісы, калі іх адкрыць, падказваюць, якія даныя яны ад вас запросяць.

Па транзакцыі з вашай карткі будзе параўнальна цяжка адназначна зразумець, што менавіта вы куплялі, бо плацяжы праводзяцца праз папулярныя сэрвісы, якімі карыстаюцца тысячы людзей. Хаця, канешне, у параўнанні з купляннем крыптавалют з замежнай карткі, гэта нашмат ніжэйшы ўзровень бяспекі.

Абмен крыптавалют

Для таго, каб абмяняць адну крыптавалюту на іншую, метады тыя ж. Вы можаце або мяняць іх на вышэйпералічаных біржах, або на «маркетплэйсах» кшталту LocalBitcoins ці LocalMonero, або на агрэгатарах кшталту BestChange. Таксама спіс правераных абменнікаў ёсць на KYCNot.

На біржах абмен ідзе амаль без камісіі (0.1 ці 0.01%, на ByBit цяпер увогуле без камісіі), а на сайтах кшталту LocalBitcoins ці LocalMonero за кожную транзакцыю можа брацца камісія або будзе не такі выгадны курс.

Бяспека крыптавалютных кашалькоў і карыстання крыптавалютамі

У выпадку з крыптавалютамі ёсць небяспекі: страта пароля ці памылковая транзакцыя, інтэрнэт-махляры і спецслужбы.

Пароль да вашага кашалька ў любым выпадку мусіць быць надзейным. Захоўваць яго можна ў менеджары пароляў або ў вашых знаёмых, якім вы давяраеце. А кожны з сэрвісаў звычайна таксама прапануе нейкую опцыю дадатковай аховы акаўнта, якой варта скарыстацца. Але калі вы згубіце яго, то вы згубіце і грошы.

Таксама, калі робіце транзакцыю, вельмі ўважліва сачыце за адрасам, на які вы накіроўваеце грошы і не спампоўвайце сабе на камп'ютар ці смартфон абы-якія праграмы для карыстання крыптавалютамі.

Якім жа чынам знаходзілі тых, хто данаціў крыптавалютамі ў Байсол ці палку Каліноўскага ўнутры Беларусі і карыстаўся надзейнымі сервісамі? Вельмі проста — прыходзілі да іх дадому, знаходзілі іх крыптавалютныя кашалькі ці акаўнты на біржах і глядзелі, на якія адрасы яны пераводзілі грошы. Гэта лёгка, бо крыптавалютныя кашалькі ўсіх арганізацый вядомыя і апублікаваныя ў інтэрнэце.

Таму дзеля вашай бяспекі ў такім выпадку варта пастаянна захоўваць файл вашага крыптакашалька ці пароль ад яго не на вашых уласных прыладах, а на прыладах сяброў за мяжой, па аналогіі з фота. Таксама дзеля бяспекі выдаляйце праграмы крыптавалютных біржаў, калі вы імі скарысталіся і чысціце гісторыю спампаваных праграмаў (гайд для Android, гайд для iOS).

Важна ведаць, што самі крыптавалютныя аперацыі пабудаваныя так, што любую з іх можна адсачыць (акрамя крыптавалюты Monero). Для ўскладнення сачэння выкарыстоўваюцца г.зв. мікшары, якія бяруць адсотак з кожнай аперацыі і ствараюць вельмі шмат аперацыяў, каб «затуманіць» рэальнага атрымальніка валюты. Але гэта працуе толькі на вялікіх сумах, таму варта быць асцярожным — калі вы карыстаецеся адным і тым жа кашальком увесь час, гэта можа вас выдаць.

Для дадатковага ўзроўню бяспекі, вы можаце выдаляць і пераствараць вашы кашалькі ці акаўнты пасля кожнай куплі або продажу чагосьці, перад гэтым патраціўшы з іх усе грошы — такім чынам вы створыце дадатковы ўзровень бяспекі.

Мы забыліся пра нешта ці нечага не ўлічылі? Можаце палепшыць нашы парады? Калі ласка, пішыце нам: на e-mail ([email protected] ці [email protected]), у Telegram (кантактны акаўнт — nn_editor, пасля гісторыю чату можна выдаліць) або ў каментары пад гэтым артыкулам.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары11

  • Віталь
    10.12.2022
    Усё проста: робіце акаўнт на біржы: https://exmo.com/?ref=12512
    і там праз картку купляеце крыпту. Не ўскладняйце. 
  • гарант
    10.12.2022
    Electrum не "халодны" кашалёк, а "тонкі" кашалёк, які не запампоўвае ўсе транзакцыі блакчэйна. А "халодны" кашалёк, ці так званы апаратны, гэта прыблуда накшталт флэшкі с маленькмі дысплэем, дзе захоўваюцца вашыя манеты. Такая прыблуда каштуе ў Беларусі 300-400 рублёў  і называецца Ledger, даволі вядомая фірма.
  • Дзед
    10.12.2022
    "Гайд".... Чаму не "тлумачэньне"..?

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны32

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны

Усе навіны →
Усе навіны

Выйшаў доўгачаканы працяг культавай украінскай гульні S.T.A.L.K.E.R. У Расіі геймераў прыстрашваюць не гульнявой, а рэальнай зонай за дзяржздраду4

Стрыжак расказаў, чаму Верамейчык не змог легалізавацца ў Еўрасаюзе45

Cambridge Dictionary назваў слова 2024 года

У ЗША заклікаюць панізіць гандлёвы статус Кітая да ўзроўню Беларусі1

У Тайландзе жанчына метадычна забіла цыянідам 14 сяброў 

Навукоўцы знайшлі спосаб зрабіць памідоры саладзейшымі1

Расія наносіць масіраваны ракетны ўдар па Украіне4

У Германіі памёр навуковец Міхаіл Ерамец. Ён нарадзіўся ў Пінску1

У Гродне і раёне ўведзены рэжым контртэрарыстычнай аперацыі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны32

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны

Галоўнае
Усе навіны →