На Адзіным партале электронных паслуг цяпер можна знайсці ўсю інфармацыю не толькі пра пустуючыя ў Беларусі хаты — пачала працаваць і база ўжываных аўтамабіляў.
Называецца новая паслуга «Прадастаўленне звестак з электроннага пашпарта транспартнага сродку». Атрымаць звесткі могуць як дзяржаўныя органы і юрыдычныя асобы, так і індывідуальныя прадпрымальнікі ды фізічныя асобы.
Ад цяпер любы ахвотны можа высветліць (увёўшы VIN-нумар аўтамабіля) не толькі год вытворчасці ці адценне колеру, але таксама прабег машыны, праходжанне ёй дзяржтэхагляду, ці не лічыцца машына ў вышуку і ці не закладзеная ў банку. Кошт гэтай паслугі невялікі — усяго толькі 84 капейкі.
Нагадаем, што з 22 студзеня ў Беларусі змяніліся правілы куплі-продажу патрыманых машын. Галоўная мэта ўнясення змен — пазбавіцца ад перакупшчыкаў, так як па новых правілах са здзелак знікнуць рахунак-даведкі і забаронена разлічвацца наяўнымі пры здзелцы з юрыдычнай асобай.
База, запушчаная і даступная ўсім, як мяркуецца, не дазволіць несумленным прадаўцам уводзіць пакупнікоў у зман.
Каментары