Пакуль доля афіцыйных пастаўшчыкоў у агульным аб'ёме ўвозу электракараў у краіну невялікая, але развіццё інфраструктуры і зніжэнне цэн на новыя мадэлі дазваляюць разлічваць на рост гэтага рынку.
У 2022 годзе беларускімі дылерскімі цэнтрамі было прададзена 55 новых электрамабіляў, што на 28% больш, чым год таму. Прычым гэты сегмент афіцыйнага аўтарынку стаў адзіным, дзе быў зафіксаваны рост продажу, паведамляе Office Life.
Такія звесткі агучыў дырэктар УП «БАА-Кансалт» Дзмітрый Ярота падчас прэс-канферэнцыі Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі, на якой падводзіліся вынікі працы аўтамабільнай галіны краіны за 2022 год.
Лідарам продажу пакуль з'яўляецца Geely Geometry C, якую імпартуе СЗАТ «БелДжы». У топ-3 таксама ўваходзяць Audi e-tron і Porsche Taycan.
Як растлумачыў генеральны дырэктар кампаніі «БелДжы» Генадзь Свідзерскі, пакуль асвойваць уласную вытворчасць электрамабіля ў Беларусі немэтазгодна, так як гэта запатрабуе значных выдаткаў і негатыўна адаб'ецца на кошце.
Пры гэтым ён высока ацаніў перспектывы развіцця гэтага рынку, бо ў Беларусі для гэтага ёсць усе перадумовы. Перш за ўсё гэта развітая сетка заправак, якая пастаянна пашыраецца (цяпер іх ужо больш за 600), а таксама даволі якасныя дарогі і невялікія адлегласці паміж населенымі пунктамі.
Да гэтага часу доля афіцыйных дылераў у агульным аб'ёме імпарту электракараў у краіну была невялікая. Летам 2022 года міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч паведамляў, што колькасць электрамабіляў у Беларусі перавысіла 10 тысяч.
Каментары