Глускія энергетыкі перасялілі бусла, з-за якога ў вёсцы прападала электрычнасць
У вёсцы Барысаўшчына Глускага раёна прайшла спецыяльная аперацыя «Жытло для бусла». Мясцовыя энергетыкі спецыяльна для аднаго бусла паставілі новую апору без электрычнасці, каб птушка магла размясціць на ёй сваё гняздо, піша раённая газета «Радзіма».
Раней бусел віў гняздо на апоры з правадамі, і таму ў вёсцы ўжо некалькі разоў за гэтую вясну прападала электрычнасць — галінкі падалі на правады і замыкалі іх.
Буслянку некалькі разоў разбуралі, але буслы праяўлялі настойлівасць і раз за разам яе аднаўлялі.
«Так было ўжо разоў пяць-шэсць, і кожны раз бусел зноў браўся за сваё будаўніцтва. Часцей за ўсё птушкі ў такіх выпадках знаходзяць сабе новыя месцы. А гэты — не, мабыць, надта яму тут спадабалася. Бачачы такую настойлівасць, энергетыкі пайшлі птушцы насустрач: побач з дзеючай апорай вырашылі паставіць іншую, без правадоў, але са спецыяльна зробленым каркасам, каб на ім лацвей будавалася і надзейна трымалася гняздо, нават і галіны туды перанеслі», — расказаў рэдакцыі «Радзімы» начальнік раёна электрасетак Сяргей Мышкавец.
Каментары