Добраахвотнік «Янкі»: План па сілавым вызваленні Беларусі — казачны замак. Для гэтага трэба 250 тысяч байцоў
Баец Беларускага добраахвотніцкага корпуса Ігар «Янкі» Янкоў у выпуску канала «Жыццё-маліна» паразважаў пра расійскую армію, беларускія вайсковыя фармаванні ва Украіне і планы па вызваленні Беларусі. А таксама расказаў пра свой заробак і зброю, якую заўсёды носіць з сабой.
Пра расійскую і беларускую арміі
Ігар «Янкі» Янкоў адзначае, што ў яго падраздзяленні ніколі не недаацэньвалі ворага.
«Заўсёды да справы трэба падыходзіць з халоднай галавой. Трэба разумець, што гэта Расія, а не нейкі лапік зямлі на карце. Гэта аграмадныя рэсурсы і вялікая колькасць людзей».
Янкоў згадвае, што найбольш высокі ўзровень прафесіяналізму сярод тых расійскіх вайскоўцаў, з якімі яго падраздзяленню давялося сутыкнуцца, быў у вайскоўцаў з ГРУ і ФСБ Расіі.
«На самай справе няма азначэння добрага ці дрэннага салдата. Ты ідзеш выконваць задачу. Адпаведна чалавек на тым баку — твой вораг. Ты не будзеш яго неяк ацэньваць. Ты павінен у яго выстраліць. Ацэнка прыходзіць па ўсёй задачы пасля яе выканання», — выказвае сваё меркаванне ваяр.
Адносна беларускай арміі ў Ігара няма канкрэтнага меркавання. Ён спасылаецца на байцоў свайго падраздзялення, якія праходзілі службу ў беларускай арміі. «Янкі» адзначае высокую падрыхтоўку гэтых людзей:
«Хлопцы вельмі разумныя і сапраўдныя спецыялісты ў ваеннай справе. Але гэты іх патэнцыял раскрыўся менавіта падчас вайны ва Украіне. У беларусаў няма досведу і практыкі. У іх ёсць толькі палігоны і вучэнні. Калі ты пасля іх трапляеш у сапраўдную баявую сітуацыю, то твой навык хутка падае».
На погляд Янкова, Лукашэнка цяпер спрабуе ўседзець на двух крэслах і не пусціць сваю армію на фронт, бо ўсе сілавікі зʼяўляюцца «яго асабістай крэпасцю, асабістай аховай». Але ў той жа час застаюцца камандзіры, якія прымушаюць салдат стрыгчы траву ці фарбаваць яе.
Пра Беларускі добраахвотніцкі корпус і полк Каліноўскага
Ігар «Янкі» адзначае, што Беларускі добраахвотніцкі корпус (БДК), у якім ён служыць, ствараўся для таго, каб абʼяднаць усіх хлопцаў, якія паходзяць з Беларусі і маюць баявы досвед. Корпус створаны для дапамогі ўкраінцам.
Баец падкрэслівае, што ў БДК няма пытанняў да дысцыпліны.
«У корпусе сабраліся тыя, хто ўжо мае досвед. У нас ёсць падраздзяленне «Тэрор», якое ўваходзіла ў полк Каліноўскага. Яно ў поўным складзе перайшло да нас. Гэта хлопцы з аграмадным баявым досведам».
Адносна палка Каліноўскага Янкоў заўважае, што па гэтым ваенным фармаванні «ёсць шмат пытанняў». Але ён не пагаджаецца іх агучыць, бо не хоча, каб яго словы паслужылі падставаю для канфлікту.
«Адносна байцоў, што ваююць, у мяне пытанняў няма. Яны ёсць канкрэтна да штаба, які быў. Цяпер, як я ведаю, у іх нешта змянілася».
Навошта беларусу ваяваць за Украіну і колькі трэба байцоў, каб вызваліць Беларусь
Матывацыю беларусаў ваяваць за Украіну Ігар Янкоў тлумачыць тым, што Украіна хіба адзіны саюзнік, які можа дапамагчы ў звяржэнні Лукашэнкі.
«Хоць для мяне гэта і нейкія казачныя замкі аб тым, што нешта некалі будзе. Гэта атрыманне баявога досведу ў выпадку, калі нешта ў Беларусі адбудзецца. І гэта дапамога нашым братам», — выказвае сваё меркаванне баец.
Янкоў адзначае, што цяпер на тэрыторыі Беларусі немагчымы ніякія дыверсіі з тэрыторыі Украіны. «Гэтая тэрыторыя знаходзіцца пад забаронаю, хоць з яе і ляцяць ракеты. Таму мулька аб тым, што яны зараз зойдуць з пікапамі і кулямётамі, зʼяўляецца лухтою».
На погляд байца, для таго, каб заход добраахвотных беларускіх фармаванняў на тэрыторыю Беларусі быў паспяховым, неабходна істотная колькасць людзей, якія прыедуць спачатку ва Украіну, пройдуць там навучанне і набудуць досвед. Такіх людзей, на погляд «Янкі», трэба каля 250 тысяч.
Планы пра паход на Беларусь баец называе пакуль «казачным замкам».
«Цяпер мы тут змагаемся з расійскімі войскамі. Неабходна тут забраць назад усе тэрыторыі. Нешта зрабіць з іх тэрыторыяй, каб прадухіліць на будучае агрэсію. Таму цяпер я ваюю за Украіну», — тлумачыць сваю пазіцыю Ігар Янкоў.
Чаму «Янкі» ходзіць пастаянна са зброяй
Сябе Янкоў называе «малпай са зброяй», бо лічыць, што яго баявыя навыкі недастаткова добрыя. Баец ніколі не расстаецца з пісталетам «Глок 17».
«Гэта мая табельная зброя. Цяпер ідзе вайна. Мы разумеем, у якой краіне жывём і як працуюць усялякія спецслужбы і гэтак далей. У нейкім моманце ты павінен сябе зберагчы ад небяспекі».
Калі баец спіць, то пісталет знаходзіцца побач. «Мне так спакайней. Каб не пісталет, то я, магчыма, з глузду зʼехаў бы», — кажа «Янкі».
Колькі зарабляе беларус на вайне
«Янкі» адзначае, што ў сярэднім баец БДК зарабляе каля тысячы даляраў. Ёсць баявыя і прэміяльныя выплаты.
Байцы групы, у якую ўваходзіць Янкоў, паміж сабою дамовіліся, што кожны месяц пакідаюць сабе пэўную суму, а ўсё астатняе аддаюць на супольныя патрэбы. Сродкі ідуць на рамонт і запраўку машын, аплату жытла, набыццё правізіі. На гэта ідзе прыкладна палова заробку.
«У нас ёсць машыны, якія мы самі рамантуем. І запраўка большасці машын адбываецца за наш кошт», — распавядае Янкоў.
Баец пагаджаецца, што яго заробак невялікі, але ён не ваюе дзеля грошай. «Я не думаю, што ва Украіне ёсць людзі, якія прыйшлі сюды ваяваць за грошы».
Ігар згадвае, што да вайны яго заробак складаў тую ж тысячу даляраў. Толькі цяпер яго могуць яшчэ і забіць. Да гэтага ён ставіцца па-філасофску:
«Калі забʼюць, то атрымліваецца, што не пашанцавала. Будзе суперпрыемнае здзіўленне, калі мы дойдзем жывымі да канца».
Ваяр мяркуе, што вайна можа цягнуцца больш за 10 гадоў.
Чытайце яшчэ:
У гучнай аперацыі на тэрыторыі Расіі, магчыма, удзельнічаў беларускі добраахвотнік «Янкі»
У КДБ расказалі, дзе рыхтуюць добраахвотнікаў для вызвалення Беларусі
Каментары