Польшча спыніла выдачу гуманітарных віз, адносна якіх хадайнічаў Беларускі дом у Варшаве
З пачатку 2023 года па хадайніцтве Беларускага дома ў Варшаве 1507 чалавек атрымалі польскія гуманітарныя візы, аднак з верасня гэты працэс спыніўся, паведаміў «Позірку» кіраўнік арганізацыі Алесь Зарэмбюк.
Паводле слоў Алеся Зарэмбюка, раней у выпадку гарантый Беларускага дома ў Варшаве
гуманітарная віза выдавалася пацярпелым ад рэпрэсій беларусам на працягу двух тыдняў — паўтара месяцаў. Аднак з пачатку восені не задаволена аніводнага са 188 хадайніцтваў, пададзеных у Міністэрства замежных спраў Польшчы.
Пасля парламенцкіх выбараў, якія прайшлі ў Польшчы 15 кастрычніка, Беларускі дом у Варшаве, як сцвярджае Зарэмбюк,
атрымаў з МЗС «неафіцыйную інфармацыю» аб тым, што консульскі аддзел ведамства прыпыніў выдачу гуманітарных віз у чаканні «новых рэкамендацый». Гэтыя рэкамендацыі, верагодна, будзе даваць ужо новы польскі ўрад.
Зарэмбюк падкрэсліў, што Беларускі дом спрыяў у атрыманні візаў, зыходзячы з выразных крытэрыяў:
«Мы дапамагалі толькі пацярпелым ад рэпрэсій, чальцам іх сем’яў або тым, каму небяспечна знаходзіцца ў Беларусі. Гэта патрабавалася даказаць, падаўшы альбо дакументы, якія пацвярджаюць факт рэпрэсій, альбо фота заяўніка з пратэстаў, альбо дзве рэкамендацыі ад вядомых людзей, якія маглі б апісаць праблему і гарантаваць факты рэпрэсій.
Усяго ў 2023 годзе да нас звярнуліся 2642 чалавекі з адпаведным хадайніцтвам. Такім чынам, больш за тысячу чалавек не змаглі даказаць пагрозу з боку беларускіх уладаў або факт рэпрэсій».
Цяпер, дадаў Зарэмбюк, беларусам, якія маюць патрэбу ў гуманітарных польскіх візах, можна рэкамендаваць адно — чакаць.
Каментары