Спорт

«Пазнаёміла дзяцей са светам армейскага спорту». Дзе цяпер легендарная вяслярка Кацярына Карстэн

Шматгадовая ікона беларускага спорту, першая двухразовая алімпійская чэмпіёнка незалежнай Беларусі, шасцікратная чэмпіёнка свету — усё гэта пра Кацярыну Карстэн. Чым цяпер жыве славутая вяслярка?

Фота: Naomi Baker / Getty Images

Ураджэнка вёскі Асечана Крупскага раёна на Міншчыне, Кацярына (тады яшчэ Хадатовіч) пачала браць медалі яшчэ пры СССР. У 1990-м Каця стала чэмпіёнкай свету сярод юніёрак, а ў 1991-м узяла першы медаль на дарослым чэмпіянаце свету — бронзу ў двойцы.

Вяслярка ўдзельнічала ў сямі Алімпіядах (з 1992 па 2016 гады) і прывезла адтуль два золаты, адно срэбра і дзве бронзы. У яе 16 медалёў з чэмпіянатаў свету, чатыры медалі з чэмпіянатаў Еўропы, грамата ад расійскага прэзідэнта і пяць дзяржаўных беларускіх узнагародаў. А яшчэ — мянушка «Кацярына Вялікая», што ўвабрала ў сябе і дасягненні беларускі, і яе ўпарты характар.

У 2019-м, калі Карстэн было 47, яна завяршыла спартовую кар'еру — паўплываў пералом рэбраў. Спартсменка так і не здолела трапіць на сваю восьмую Алімпіяду, пасля якой планавала адысці на спачынак.

На той час Кацярына жыла і трэніравалася ў Германіі, куды пераехала яшчэ ў 1997-м. Там у 1998-м яна выйшла замуж за немца Вільфрыда, у іх нарадзілася дачка Аляксандра. Але пасля заканчэння кар'еры Карстэн вырашыла, што час вяртацца на Радзіму.

Тады, у 2019-м, Вільфрыд не рашыўся ехаць за ёй у Беларусь — як тлумачыла Кацярына ў інтэрв'ю, мусіў сачыць за здароўем, а гэта яму было больш звыкла рабіць у Германіі. Дачка Аляксандра таксама знайшла сябе на Захадзе — на радзіме бацькі яна атрымлівала адукацыю і працавала ў медыядызайне, у тым ліку пасупрацоўнічала з футбольным клубам «Баер» з Леверкузена.

Што да самой вясляркі, пасля заканчэння кар'еры яна адчувала сябе разгублена. Карстэн трывожылася, што яе чакае далей: «Столькі аддаць спорту, не ведаючы, што там наперадзе без спорту. Боязна. І я не разумела, што можна рабіць без спорту. Хочацца сесці і тую ж адзіночку павеславаць».

Сістэма дзяржаўнага спорту, аднак, падхапіла Кацярыну. У кастрычніку 2020-га жанчына ўвайшла ў раду федэрацыі веславання. Раней Карстэн прызнавалася, што не бачыць сябе трэнерам — маўляў, характар не той, але ў верасні 2021-га пайшла працаваць з дзецьмі 13-14 гадоў. Акрамя гэтага, чэмпіёнка курыруе працу са спартовым рэзервам і ўваходзіць у камісію спартсменаў беларускага НАК.

Восенню 2020-га пра Карстэн загаварылі зноў, але не са спартовых прычын. Легендарная вяслярка адной з першых падпісала адкрыты зварот праўладных спартсменаў. Былы трэнер зборнай па веславанні Валерый Гайдук тлумачыў журналістам, што наўрад ці Кацярына зрабіла гэта свядома: «Ёй сказалі падпісаць, яна і падпісала. Яна такая. Ёй скажы «Ідзі!», яна і пойдзе. Неканфліктная жанчына. Ёй так зручна. Яна так і зрабіла».

Фота: championat.com

Але ж гэты ліст — далёка не першы выпадак, калі Карстэн праяўляе блізкасць да ўлады. Напрыклад, яшчэ ў чэрвені 2020-га жанчына расказвала, што ў Беларусі «вельмі шмат робіцца і для жыцця, і для спорту»: «Так, ёсць моманты, якія варта было б выправіць і палепшыць. Але ўсё зламаць і спрабаваць пабудаваць нанава — шлях у нікуды».

А гэта ўжо 2022 год, юбілей Кацярыны. Беларуска з усмешкай атрымлівае ганаровую грамату з рук кіраўніка НАК Віктара Лукашэнкі:

Фота: mlyn.by

Яна і дагэтуль прыходзіць на праўладныя імпрэзы — напрыклад, 6 мая 2023 Карстэн разам з іншымі алімпійцамі, у тым ліку вядомымі праўладнымі спартсменамі Максімам Недасекавым і Настассяй Мірончык-Івановай, удзельнічала ва ўскладанні кветак да стэлы «Мінск — горад-герой». А некалькі дзён таму на сустрэчы ў Мінску Кацярына «пазнаёміла дзяцей з сацыяльных устаноў са светам армейскага спорту» — правяла размінку і адказала на пытанні. Праўладныя медыя часам клічуць да сябе славутую беларуску, але выказвацца пра палітыку яна не спяшаецца, або ў яе пра гэта не пытаюцца.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Найлепшы футбаліст Беларусі — віцябчук з афрыканскімі каранямі. Хто такі Макс Эбонг

У БАТЭ — найгоршыя вынікі за гісторыю. Топ-5 прычын правалу

Ведаеце, хто абганяе «Барселону» ў чэмпіянаце Іспаніі? Заштатны клуб з двума ўкраінцамі ў складзе

Каментары

Жыхарцы Магілёва пагражаюць крыміналкай за тое, што зняла ранішнюю чаргу ў рэгістратуру3

Жыхарцы Магілёва пагражаюць крыміналкай за тое, што зняла ранішнюю чаргу ў рэгістратуру

Усе навіны →
Усе навіны

У Пінску закрылі буйны махлярскі кол-цэнтр. Пацярпелых — амаль 50 тысяч чалавек4

Перад прыездам Лукашэнкі ў Пакістан там забаранілі агульнанацыянальны марш апазіцыі. Тысячы затрыманых5

Пачынаецца суд над святаром Генрыхам Акалатовічам. Яму пагражае да 15 гадоў

Матацыкліст зачапіў тварам дрот, нацягнуты паміж дрэў у лесе пад Гродна6

Фізічныя практыкаванні дапамагаюць аднавіць нервовыя клеткі. Вось як гэта ўдалося даказаць1

У Вільні грузавы «Боінг» упаў на двухпавярховы жылы дом і загарэўся. Ёсць загінулыя3

8 нагод наведаць самы маленькі горад Беларусі5

У Турцыі пасля пасадкі загарэўся расійскі пасажырскі Sukhoi Superjet 100. Каторы раз такое з гэтым самалётам2

Качалоўская: На «Міс Сусвет» я зразумела, што такое жаночая жорсткасць. А ў прыбіральню нас вадзілі ахоўнікі10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Жыхарцы Магілёва пагражаюць крыміналкай за тое, што зняла ранішнюю чаргу ў рэгістратуру3

Жыхарцы Магілёва пагражаюць крыміналкай за тое, што зняла ранішнюю чаргу ў рэгістратуру

Галоўнае
Усе навіны →