Згушчонка — клей, пёры і стразы — упрыгожванне. Палітвязні робяць паштоўкі сваімі рукамі, каб парадаваць блізкіх
У СІЗА і калоніі нельга купіць неабходнае, каб зрабіць прыгожую паштоўку. Даводзіцца вымудрацца: напрыклад, рабіць фарбы з вады і алоўкаў, склейваць паштоўкі мылам, кісялём або згушчонкай, а ўпрыгожваць — стразамі з футболкі або пёркамі. «Медыязона» спытала, што яшчэ прыдумлялі былыя палітзняволеныя, каб здзівіць блізкіх.
Газета «Веснік СІЗА», бел-чырвона-белыя банты на Дзень Волі і згушчонка замест клею
Першую паштоўку з СІЗА Алана Гебрэмарыям адправіла маме на Новы год. Гэта быў малюнак: сагнутая далонь, а над ёй намаляванае сэрца. «У нас тады былі праблемы ў камунікацыі, таму што яна не чакала майго такога раптоўнага трапляння ў турму. У той момант для мяне важна было яе павіншаваць і наладзіць кантакт».
Палітвязні імкнуліся падтрымаць не толькі родных, але і сваіх сукамернікаў. У СІЗА Алана Гебрэмарыям з сукамерніцамі рыхтавала падарунак на дзень народзінаў Дар’і Чульцовай — газету «Веснік СІЗА». Паперу спецыяльна састарвалі — вымочвалі ў гарбаце і сушылі. На старонках газеты дзяўчаты апісалі падзеі, якія адбыліся з імі ў камеры, і пажаданні імянінніцы. Адна з сукамерніц намалявала меню СІЗА-1 са смешнымі назвамі страў. Алана Гебрэмарыям у гэтай газеце намалявала мора, бел-чырвона-белы паруснік з надпісам victory і Дар’ю, якая сядзіць на беразе.
Яшчэ адным запамінальным святам у СІЗА стаў Дзень Волі. З сурвэтак дзяўчаты зрабілі бел-чырвона-белыя банты, развесілі белыя і чырвоныя ручнікі так, каб атрымаўся бел-чырвона-белы ўзор, упрыгожылі камеру рэчамі, што зрабілі сваімі рукамі. Потым яны намалявалі тое, што тады адбывалася ў камеры.
У СІЗА забаронена захоўваць у камеры клей, таму паштоўкі асуджаныя склейваюць мылам, кісялём або згушчонкай. З трох варыянтаў выйграе згушчонка — на ёй усе ўпрыгожанні для паштоўкі трымаюцца найлепей. З фарбамі таксама праблема — перадаваць іх нельга. Былая палітзняволеная Лера (імя змененае) знайшла выйсце: яна рабіла фарбы з алоўкаў, змешваючы іх з вадой.
Нажніцы ў СІЗА выдае дзяжурны кантралёр (але часам можа і не выдаць). Ася Булыбенка аднойчы ў СІЗА ўбачыла, як іншая асуджаная ўпрыгожвала паштоўку сарванымі з адзення стразамі, прыляпляючы іх на згушчонку.
Рукавічка з сінтэпону і аб’ёмныя паштоўкі з пёраў і сушаных кветак
Калі падчас навагодніх святаў Дар’я Чульцова адказвала на лісты, яна ці ўкладвала ў кожны канверт самаробную сняжынку, ці хаця б малявала яе на канверце. Так яна хацела падняць настрой адрасатам і паказаць, што задумваецца нават пра дробязі, калі піша лісты.
У СІЗА ў Дар’і было больш сіл і часу на маляванне. У калоніі ўсю энергію адымала праца на фабрыцы і дзяжурства ў атрадзе. Тым не менш, у калоніі Чульцова зрабіла ў падарунак сястры рукавічку з прэсаванага сінтэпону. Кавалачкі матэрыялу яна ўзяла на фабрыцы, а нажніцы — маўляў, трэба было зашыць шкарпэтку або выразаць нешта для клуба.
Дар’я выразала рукавічку за вялікім сталом, у перапынках паміж маляваннем насценгазеты. Гэты падарунак яе сястра павесіла на халадзільнік і не здымае дагэтуль.
Паштоўкі Леры, зробленыя з дапамогай швейнай машынкі. Фота: асабісты архіў
У ПК-4 у Гомелі клей-аловак ці клей ПВА можна купіць у краме, але на рукі яго не аддаюць: ад прадаўца ён трапляе да начальніцы атрада. Начальніца выдае клей на час.
Былая палітзняволеная Ася Булыбенка ўпрыгожвала свае паштоўкі пер’ем і засушанымі кветкамі, якія збірала на тэрыторыі калоніі. Асі здавалася, што аплікацыя адбірае менш часу, чым маляванне. З кожным разам дзяўчыне хацелася зрабіць паштоўку яшчэ больш арыгінальнай. Самыя асаблівыя паштоўкі — для мамы: пасля працяглага спаткання, на Дзень маці і на дзень народзінаў самой Асі.
Самая складаная паштоўка — з засушанага восеньскага лісця, якое Ася спрабавала заламінаваць скотчам. Самая прыгожая — з пёраў, выразаных з газеты цытат і фотаздымкаў, падабраных па тоне. Яшчэ адна любімая серыя — маленькія кветачкі, заламінаваныя на фабрыцы з дапамогай стужкі для праклейвання дажджавікоў.
Калі больш асуджаных сталі карыстацца стужкай, на ўчастку ўсталявалі камеру, і матэрыялы для паштовак скончыліся. «Гэта была цэлая трагедыя», — кажа Ася.
«У нейкі момант мне пачало здавацца, што я нічым не магу моцна парадаваць маму, — кажа Ася. — Хоць я разумела, што кожны ліст — гэта шчасце, але мне хацелася здзівіць яе. Памятаю, як я апускала канверт, і ў мяне пачынаўся зваротны адлік да яе рэакцыі. Я ўяўляла, як яна гэтую паштоўку адкрывае, як кранае пёркі, кветачкі. Здавалася, што дзякуючы гэтым паштоўкам я падтрымліваю больш цесную сувязь, магу неяк перадаць сваё светаадчуванне і паказаць, што тут таксама ёсць прыгажосць».
Паштоўкі і канверты на швейнай машынцы
У калоніі Лера рабіла паштоўкі з дапамогай швейнай машынкі. Першую паштоўку яна змайстравала да Новага года для сваёй малодшай сястры. Дзяўчына праносіла шчыльную паперу на фабрыку і ў вольны час злучала яе з плотарнай крафтавай паперай. У выніку атрымлівалася гульня адценняў, на якіх і будаваліся ідэі паштовак.
З аркушаў аднаго колеру Лера выразала фігуры, затым прашывала іх на швейнай машынцы і швом мацавала да аркуша іншага колеру. Рабіць усё трэба было акуратна, бо правілы ўнутранага распарадку забараняюць выкарыстоўваць абсталяванне або матэрыялы на фабрыцы ў невытворчых мэтах. Але Лера кажа, што ёй шанцавала. Паштоўкі яна адпраўляла родным.
Адна з улюбёных паштовак Леры па задумцы давала магчымасць адчуць сябе палітвязнем. Дзяўчына выразала з паперы лічбы 2022, а ў нулі цалкам выразала нутро. У адтуліну яна паклала паперу ў форме кратаў. Паштоўку можна было прыкласці да вока і паглядзець скрозь краты.
Пасля Новага года Лера рабіла канверты. Іх яна таксама сшывала з дапамогай машынкі.
«Мне гэта вельмі падабалася і прыносіла задавальненне. Калі ты робіш нешта сваімі рукамі, у цябе атрымліваецца нейкая ілюзія кантролю над сітуацыяй. Ты ў калоніі нічога не можаш кантраляваць: ні сваё жыццё, ні свой час, ні свой расклад. Ты залежыш ад усяго на свеце і ні на што не можаш паўплываць. Калі ты спрабуеш прыдумаць нейкую ідэю ў сябе ў галаве, потым спрабуеш яе рэалізаваць, потым рэалізоўваеш, то гэта як бы сімуляцыя рэальнага жыцця. Гэта вельмі шмат сіл дае».
Канцылярскі нож з алоўка і паштоўкі з налепкамі
Ілля Трахтэнберг рабіў паштоўкі сваімі рукамі адзін раз — для бацькоў. Для дзвюх паштовак спатрэбілася выразаць з шчыльнай паперы елку і навагоднюю цацку — шарык. Шчыльную паперу для малявання Іллю перадавалі ў перадачах, а канцылярскі ножык ён замяніў лязом ад аднаразовай брытвы і алоўкам.
«Я калупаўся дзесьці чатыры гадзіны, каб зрабіць гэты ножык. Распалавініў аловак, каб туды загнаць гэтае лязо і потым зафіксаваў ніткамі. Памятаю, мне было патрэбна, каб лязо няшмат выходзіла з алоўка, так яно не гнулася. Таму я вельмі доўга рабіў гэту канструкцыю», — кажа Ілля.
Акрамя таго, Ілля адпраўляў блізкім тыя паштоўкі, якія яму перадавалі або дасылалі ў лістах. Самыя прыгожыя ён калекцыянаваў.
«Я ўяўляў пачуцці блізкіх, калі яны атрымліваюць паштоўкі і адкрываюць. Ад гэтага было вельмі добра. Я не магу да іх прыехаць, штосьці падараваць… Я магу толькі даслаць штосьці. Гэта вельмі каштоўна, бо як яшчэ можна радаваць бацькоў ці сяброў?»
Дзмітрый Фурманаў не рабіў паштоўкі сваімі рукамі, але для сваёй дзяўчыны — а цяпер ужо жонкі — выбіраў самыя лепшыя і незвычайныя з тых, што яму перадавалі. Паштоўкі ён упрыгожваў налепкамі. Больш за ўсё Дзмітрыю запомніліся аб’ёмныя 3D-паштоўкі.
Былы палітвязень стараўся адказваць усім, хто яму пісаў, і для гэтага даводзілася маляваць нешта больш простае на лістах ці ўжо гатовых паштоўках.
«Праблема ў гэтых паштоўках і лістах, дзе ёсць малюнкі, што яны не [заўсёды] даходзяць. Вельмі шкада часу, што ахвяруе чалавек ці палітвязень, які піша на волю. Праз гэту праблему людзі няшмат потым хочуць маляваць, нават проста пісаць. Таму што ведаюць, што ліст ці паштоўка могуць не дайсці».
«Прыйшлі ў «стакан» тармасіць яго, а ён ужо халодны». Некалькі жыццёвых гісторый ад зняволенага на «сутках»
«Адседзеў незразумела навошта». Падлетак, якога затрымалі праз 2 гады пасля пратэстаў, расказаў сваю гісторыю
Алег Кулеша: «Спыняцца нельга. Бо ў беларускіх вязніцах і сёння, і заўтра людзі ўстануць ранкам і будуць грэбці снег»
Каментары