У Расеі чакаецца дэфіцыт бананаў праз санкцыі супраць Эквадора. Але там знайшлі выйсце — трэба вырошчваць свае
Вынік распачатай Масквой у пачатку лютага гандлёвай вайны з Эквадорам стаў зразумелы усяго праз тыдзень. Кіраўнік Цэнтра галіновай экспертызы Рассельгасбанка Алег Князькоў паведаміў, што праз месяц у Расеі пачнецца дэфіцыт бананаў і самае разумнае ў гэтай сітуацыі — гэта пачаць вырошчваць бананы ў Расеі, напрыклад у Краснадарскім краі, піша «Агентство».
Усё пачалося з таго, што ў студзені ўрад Эквадора вырашыў перадаць ЗША для Украіны сваю старую савецкую тэхніку, а ў абмен атрымаць новую амерыканскую.
Рэакцыя Расеі не прымусіла сябе доўга чакаць: у пачатку лютага Рассельгаснагляд знайшоў у Эквадорскіх бананах шкодную муху-гарбатку і з 5 лютага прыпыніў іх экспарт.
Нешта падобнае раней Масква праварочвала не раз з самымі рознымі прадуктамі з розных краін, з якімі знаходзілася ў напружаных адносінах. Сэнс у тым, каб апанент Расеі на сваім кашальку адчуў маштаб абурэння ў Крамлі.
Таксама, верагодна, усё павінна было працаваць і ў гэты раз. Эквадор можа страціць да 754 млн даляраў за год, бо абмежаванні закрануць больш за 30% паставак Рэспублікі ў Расею, паведамлялі РИА Новости.
Каля тыдня расейская прапаганда паведамляла, што замяніць бананы з Эквадора не складзе вялікай праблемы. Складанасцяў з пастаўкамі бананаў у Расею чакаць не варта, пісаў 6 лютага ТАСС. Эквадор не адзіны вытворца бананаў у свеце: сярод іншых лідараў на рынку — Індыя і Кітай. Практычна адразу з Індыі была дастаўлена першая партыя бананаў на змену эквадорскім, перадаваў «Першы канал».
Але нягледзячы на ўсе запэўніванні прапаганды, практычна адразу бананы зніклі з паліц крам у Чэлябінску.
Цяпер жа Рассельгасбанк кажа, што праз месяц дэфіцыт стане агульнанацыянальным. Як распавёў «Газете.Ру» кіраўнік Цэнтра галіновай экспертызы дзяржаўнага Рассельгасбанка Алег Князькоў, адчувальны недахоп бананаў пачнецца прыкладна праз месяц, калі дойдуць раней адпраўленыя партыі.
Пазней да Расеі павінны дайсці бананы з Індыі, але пакуль іх пастаўкі затрымліваюць лагістычныя цяжкасці, удакладніў эксперт. Ён таксама сказаў, што з Эквадорам вядуцца перамовы аб аднаўленні паставак.
А датуль, як мяркуе Князькоў, часовы недахоп можна кампенсаваць за кошт вырошчвання бананаў у Расеі. «Паспяховы досвед па акліматызацыі трапічных раслін ужо праводзіліся ў Краснадарскім краі», — удакладняе «Газета.Ру».
Каментары