Грамадства55

Пятрухін: Не разумею, чаму Каардынацыйная рада гаворыць ад майго імя. Гендарныя пытанні — распіл грошай

Блогера Сяргея Пятрухіна разам з Аляксандрам Кабанавым затрымалі да выбараў і асудзілі на тры гады. Пасля вызвалення ў снежні 2022 года Кабанаў з’ехаў, працягнуў весці блог і стаў часткай каманды «Белпола». Пятрухін застаўся ў Брэсце. У першым інтэрв’ю пасля эміграцыі ён распавёў «Медыязоне» пра тое, чаму вырашыў з’ехаць і як прайшлі 15 месяцаў пасля вызвалення.

«Схадзіў у чацвер на адзнаку, парэзаў салка і з'ехаў»

Да масавых затрыманняў, звязаных са справай INeedHelp, Пятрухін думаў, што «калі пасадзяць, я героем памру». У канцы студзеня яму прапанавалі зайсці ў міліцыю.

— Я падумаў, што ўсё, гамон. Таму што мне людзі таксама дапамагалі. Калі яны задняй датай гэта ўсё робяць, то што ім прыдумаць яшчэ што-небудзь і мяне падцягнуць [па гэтай справе]?

У нас у Берасці затрымалі 70 чалавек, яны там у РАУСе сядзелі. Я ўявіў, як гэты хлопец памёр 50-гадовы, на «Віцьбе», які даў данат, там проста… Калі ты ў баі загінеш, гэта іншая справа. Ну так проста, каб там цябе тапталі — гэта вельмі цяжка.

Сабраў торбу з сабой. Прыйшоў, але мяне не затрымалі. Сказалі:

— Чаго вы з торбай?
— Я думаў, на падвал.

У Пятрухіна ўзялі адбіткі пальцаў, узор ДНК і адпусцілі дадому. Стала страшна.

«Яны мяне проста могуць расціснуць. Гэта вельмі моцна ўплывае на псіхіку, калі цябе гэта знутры зжырае, ты баішся. Калі яны ў апошнія разы да мяне прыходзілі, я рэальна баяўся. Сам наганяў хвалю», — кажа блогер.

У Пятрухіна не было абмежаванняў па месцазнаходжанні, але кожны тыдзень трэба было прыходзіць адзначацца ў інспекцыю.

«Схадзіў у чацвер на адзнаку, парэзаў салка і паехаў на цягніку раніцай».

З'ехаў з Беларусі, кажа, «адносна спакойна». Ехаў з тэлефонам, каб, калі патэлефануюць з міліцыі, сказаць, што ён нібыта паехаў у Мінск.

«Я не хацеў з’язджаць, проста мне стала вельмі страшна, і я вырашыў, што лепш я з’еду, чым, не дай бог, памру ў турме».

Пасля калоніі не ўзялі ідэолагам, пайшоў на піўзавод

Брэсцкія блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў вызваліліся з калоніі ў снежні 2022 года. У канцы студзеня Кабанаў ужо быў у Польшчы, а Пятрухін вырашыў застацца ў краіне.

«Я спачатку нічога не рабіў некалькі месяцаў. З турмы я выйшаў вельмі зашуганым. Я не хачу сказаць, што я нейкі баязлівец ці хто. Я месяцы чатыры-паўгода — і нават зараз — на кожны гук рэагаваў. Я баяўся, што па мяне мянты прыйдуць, забяруць», — узгадвае ён.

Пасля калоніі ў Пятрухіна заставаўся нявыплачаны штраф — 360 базавых (10 440 рублёў). Трэба было шукаць працу. Ён хацеў уладкавацца па спецыяльнасці — настаўнікам рускай мовы і літаратуры. Пасля думаў пра ідэолага ў школе і паштальёна. Працадаўцы адмаўлялі, калі даведваліся пра судзімасць.

Удалося знайсці працу на «Брэсцкім піве». Ён уладкаваўся аператарам лініі безалкагольных напояў: трэба было стаяць у вызначаным месцы і кантраляваць, што ўсё працуе.

Працы, кажа Сяргей, было няшмат..

«Мы прыходзілі — працы не было. Вывучаў замежныя мовы. Прасунуўся, на мой погляд, у гішпанскай, таму што я яе на зоне вывучаў, разам з беларускай. Потым пачаў і ангельскую. Прыходзіш і восем гадзін сядзіш. Дзякуй богу ёсць Duolingo».

Пятрухін зарабляў 1000 рублёў. Пасля Новага года яго адправілі ў адпачынак за свой кошт. Для Сяргея гэта было адчувальна, бо палова заробку ішла на аліменты сыну і запазычанасці па ісках.

«Раней я займаўся святамі, вёў вяселлі, у мяне грошай было нармалёва. Нават калі я блогерам быў, людзі цанілі нашу працу, і ў нас былі ад іх грошы. Нам заўсёды дапамагалі, і калі тэхніку забіралі, людзі нам скідваліся. Яны падтрымлівалі нас рублём, таму што бачылі плён ад нашай працы. І камандзіроўкі па рэгіёне таксама дапамагалі. А калі я вярнуўся, я не мог нікому дапамагчы, не мог нідзе вылезці. І гэта таксама мяне гняло: калі ты жывеш, баішся ўвесь час, чысціш тэлефон і рот не можаш адкрыць. Баішся, што ты ідзеш з дзіцёнкам сваім, і цябе могуць забраць».

«Чакаў, што прыйдуць нашы»

«Мне вельмі было сорамна, што я не пайшоў падтрымаць Дар’ю Лосік, калі яе судзілі. Я проста ведаю, што гэтыя нелюдзі могуць усё што заўгодна сфабрыкаваць. Яны мяне зашугалі вельмі моцна», — тлумачыць Пятрухін.

Кожны тыдзень Сяргей хадзіў адзначацца ў міліцыі. Час ад часу міліцыянты прыязджалі дадому — маглі часцей, а маглі не турбаваць два тыдні. Калі Пятрухіна не было дома, яны абыходзілі суседзяў і распытвалі пра яго.

Нягледзячы на ўгаворы Аляксандра Кабанава, Сяргей не хацеў з’язджаць з Беларусі.

«Я чакаў, што прыйдуць нашы. Тады такое было натхненне ад поспехаў украінскай арміі, контрнаступу. Я лічыў, што яны ад мяне адчапіліся. І мне было адносна камфортна жыць, бачыць матулю, сям’ю, сына».

Але пасля калоніі адносіны з блізкімі пагоршыліся.

«На жаль, такога ўзаемаразумення [як раней], няма. Сыну 11 год. Калі я трапіў у турму, яму было 7, і ў нас былі цёплыя ўзаемаадносіны, ён нават і па-беларуску размаўляў. А калі я вярнуўся — гэта вельмі моцна паўплывала. Мая маці, хоць яна мяне вельмі любіць, сказала: «Навошта ты лез супраць Лукашэнкі? Не ведаеш, што з табой будзе?» Ёй 86 год. Крыўдзіцца, што яна чагосьці не разумее, я не бачу сэнсу. Яна харошая матуля».

«Стрым» з камеры і «Жыве Беларусь!» у СІЗА

«Калі мяне затрымалі, я быў на куражы. Думаў, што герой, змагаюся за краіну. Пападаеш у камеру, і там перадача: кава, лімоны — усё, як я заказваў. Вельмі борза я адказваў вертухаям. Быў такі выпадак, калі на калідоры сустрэліся з блогерам Цыгановічам, мы былі ў масках. Ён махнуў рукой, і я яму: «Жыве Беларусь». І ён: «Жыве вечна».

Хлопец які, мяне вёў, кажа: «Ну, Сярога, навошта ты пры афіцэру такую тэму?» — узгадвае Пятрухін.

Адносіны са следчымі Пятрухін называе «прышпільнымі». Адзін з іх адмаўляўся размаўляць па-беларуску.

«Я ў яго пытаўся: «Вы што, фашыст? Вы акупант? У вас жа беларускае прозвішча». І яны цярпелі. Адзін раз давёў, што лоб чырвоны стаў. Яго ажно калаціла. І яны нічога не рабілі. Такія паводзіны і такая рэакцыя натхнялі рэальна».

У СІЗА Пятрухін сядзеў з гендырэктарам «Магілёўліфтмаша» Барысам Кавалеўскім, якога затрымалі за хабар у 2 000 рублёў (у выніку яму прысудзілі 7 год калоніі).

«Сядзеў герой нашага рэпартажу, які сабе ў Пружанскім раёне паклаў асфальт, паставіў ліхтары, а ва ўсім пасёлку маленькім не было святла. Сядзеў міліцыянт — найлепшы ўчастковы 2017 года Ленінскага РАУС Юрый Грышко. Яны з сябрам прадалі кватэру алкаголікаў. Алкаголіка адправілі ў ЛТП і прадалі кватэру праз трэцюю асобу. Сядзеў з суддзёй Умаравым.

Аднойчы ў карцары Пятрухін уяўляў, што вядзе жывы эфір.

«Спяваў песні, размаўляў з гледачамі, прасіў данаціць печывам і папяросамі. Мы сядзелі ўтрох — проста ўгаралі. Супрацоўнікам падабаецца, калі чалавек вясёлы ў любых абставінах. Яны з павагай ставяцца. І да мяне збольшага нармальна».

Падчас следства Пятрухін пісаў шмат скаргаў. У магілёўскім СІЗА яго вырашылі «прыструніць» і перавесці ў камеру з больш кепскімі ўмовамі.

«Вядуць мяне наверх у жудасную камеру. Нейкі туалет, чорная падлога, зялёныя сцены, вузкая, як труна».

У камеры былі яшчэ два чалавекі, якіх перасялілі туды гадзіну таму. Адзін з іх сядзеў па хуліганстве, другі — за згвалтаванне няпоўнагадовай.

«Я зразумеў, што вельмі нядобрая сітуацыя. Я пагрукаўся ў дзверы, мяне вывелі, і я сказаў, што не буду з імі сядзець. Мне ў адказ кажуць, што я не ў гатэлі. Дзе пасадзілі, там і будзеце сядзець. Ну, я запытаўся, ці доктар не пайшоў дахаты. Адказалі: не. Пайшоў ускрыў вены, і мяне адразу закінулі ў карцар. Мне павесілі [прафілактычны ўлік], што акрамя экстрэмізму маю схільнасць да суіцыду».

У калоніі некаторыя палітычныя асуджаныя пазнавалі яго, а падчас «шмонаў» супрацоўнікі здзіўляліся, што вопіс рэчаў Пятрухіна быў на беларускай мове.

— Опа, «майткі»! А што такое «майткі»?
— Трусы.
— Ого, трэба запісаць, скажу жонцы: «Дзе твае майткі»?

За 2,5 года зняволення Пятрухін пахудзеў на 27 кілаграм.

«Наконт турмы маё назіранне: там сядзіць вельмі шмат людзей непалітычных без віны альбо ў каго віна недаказаная. Там людзі мне давяралі і мне цікава было, быццам я апынуўся ў камандзіроўцы ў гэтай сістэме зла. Сядзеў мужык: яны ўтрох пілі, ён прачнуўся — другой асобы не было, а трэці ляжыць з нажом у спіне. У яго няма слядоў крыві, а ў таго, хто адсутнічаў — была. Але пасадзілі таго, які спаў. І калі няма доказаў, за забойства даюць 10 гадоў ці 8. А калі ёсць, то 25. Людзі для іх як паліва. «Працуем і ўсіх садзім у турмы». Усе гэтыя людзі потым становяцца асацыяльнымі: вельмі цяжка выйсці і зажыць нармальным жыццём, асабліва калі прасядзелі 7-10 год».

Далей — шукаць дарогу да людзей

Знаходзячыся ў Беларусі, Пятрухін заўважыў, што ў эміграцыі з’явілася «шмат блогераў».

«Яны хоць гавораць усё што яны хочуць, але ці даходзіць яно да людзей, ці цікава ім гэта? Я асаблівай цікавасці не заўважаў. Калі [мы] прыйшлі з турмы, усе гэтыя сферы былі заняты. І Кабанаву прыйшлося ўсё з нуля пачынаць. Тое, што мы здымалі раней, такога кантэнту не магло быць. А займацца новым — гэта заўсёды цяжка. Шукаць, зноў прабіваць дарогу да людзей. Я не быў у захапленні ні ад каго», — кажа ён.

Пятрухін адзначае, што ў Беларусі яму і яго сваякам былі нецікавыя навіны пра тое, што адбываецца ў беларускім дэмакратычным руху за мяжой.

«Навіны пра Каардынацыйную раду ніякай цікавасці не выклікаюць. Я іх не ведаю, чаму яны гавораць ад майго імені — я не разумею. Яны падымаюць гендарныя пытанні. Гэта выглядае ў маім разуменні распілам грошай. Мне вельмі не спадабалася, што Кавалькова моцна пракалолася, і сядзіць працуе. Гэта проста ўсё як у нас было, так і ідзе. Хто выклікае ў мяне павагу — Павел Латушка. Ён размаўляе на мове, заўсёды прыгожа будуе свае прамовы, падымае пытанні пра тое, каб Лукашэнку прыцягнулі да Гаагі».

«Я, шчыра кажучы, не ведаю, што далей. Не магу сказаць, што задаволены, што з’ехаў. Я пастараюся з Кабанавым зрабіць нешта годнае, каб канал быў цікавы».

Каментары5

  • Ясненька
    15.02.2024
    адбіткі пальцаў, узор ДНК узялі, каб потым навесіць на яго які-небудзь тэракт (які здзейсне само кдб-фсб ці які-небудзь Карпянкоў).
  • Сымон
    15.02.2024
    Влад, можа Латушка надта эмацыйны і пафасны, але ж ён працуе, і ў адказ рэжым рэагуе і вельмі нярвова. А Кавалькова займаецца невядома чым, а ў медыях з'яўляецца выключна ў якасці фігуранта скандалаў.
  • Так
    15.02.2024
    Дзякуй, што напісалі аб гэтым. Сапраўды трагічны цырк, вынішчаецца беларуская культура, праводзіцца татальная расеізацыя, працягваюцца масавыя рэпрэсіі, а часта неамарксістаў аб'мяркоўваюць "гендарныя" ці дакладней жаночыя квоты у КР.

Прапаганда ганарыцца, што ВУП хутка расце, а беларусы сталі жыць нашмат багацей. Але ёсць нюансы

Прапаганда ганарыцца, што ВУП хутка расце, а беларусы сталі жыць нашмат багацей. Але ёсць нюансы

Усе навіны →
Усе навіны

Расія ўдарыла па Дняпры балістычнай ракетай новага тыпу7

Выйшаў доўгачаканы працяг культавай украінскай гульні S.T.A.L.K.E.R. У Расіі геймераў прыстрашваюць не гульнявой, а рэальнай зонай за дзяржздраду4

Стрыжак расказаў, чаму Верамейчык не змог легалізавацца ў Еўрасаюзе45

Cambridge Dictionary назваў слова 2024 года

У ЗША заклікаюць панізіць гандлёвы статус Кітая да ўзроўню Беларусі1

У Тайландзе жанчына метадычна забіла цыянідам 14 сяброў 

Навукоўцы знайшлі спосаб зрабіць памідоры саладзейшымі1

Расія наносіць масіраваны ракетны ўдар па Украіне4

У Германіі памёр навуковец Міхаіл Ерамец. Ён нарадзіўся ў Пінску1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Прапаганда ганарыцца, што ВУП хутка расце, а беларусы сталі жыць нашмат багацей. Але ёсць нюансы

Прапаганда ганарыцца, што ВУП хутка расце, а беларусы сталі жыць нашмат багацей. Але ёсць нюансы

Галоўнае
Усе навіны →