Грамадства2727

Памятаеце вайну з Беларускім моладзевым хабам у Варшаве? Даведаліся, што там адбываецца цяпер

«У Варшаве захапілі Беларускі моладзевы хаб», «адбыўся рэйдарскі захоп» — такія паведамленні азмрочылі настрой многіх беларусаў мінулым летам. У выніку хаб пераехаў на іншы адрас, а па старым з'явілася прастора «Робім разам». Расказваем, што цяпер адбываецца ў абодвух месцах.

Кароткая храналогія канфлікту

Летам мінулага года кіраўніцтва Моладзевага хаба імгненна змянілася: новым старшынём арганізацыі замест Алеся Лапко стаў заснавальнік «Белага легіёна» Сяргей Бульба. У рэестры гэта замацавалі 26 ліпеня, а ўжо 2 жніўня Бульба разам з паліцыяй прыйшоў па адрасе хаба — Канстытуцыі 6, і памяняў там замкі. Старая каманда засталася ні пры справах.

Юрыдычна гэта стала магчымым дзякуючы таму, што хаб вырас на фундаменце нядзейснай арганізацыі «Дом Еўропы і Азіі», яе проста пераназвалі. Да гэтага рашэння прыйшлі, каб не чакаць рэгістрацыі новай арганізацыі з усёй спадарожнай бюракратыяй. Са старой асацыяцыі ў склад новай перайшлі Андрэй Ракевіч і Анастасія Баравікова, яны разам са Стасяй Гліннік у выніку былі ў чальцах назіральнай рады. Партнёрам праекта стаў фонд Linking Media.

Усё ішло добра, пакуль у выніку серыі ўнутраных канфліктаў Баравікова і Ракевіч без удзелу трэцяга чальца назіральнай рады не памянялі старога кіраўніка, Лапко, на новага — Бульбу. Разам з юрыдычнай асобай новаму кіраўніцтву адышлі ўсе рэсурсы: дамова арэнды муніцыпальнага памяшкання ў цэнтры горада, сродкі на рахунках, тэхніка. Па словах Лапко, усё адбылося без нейкага папярэджання, гвалтоўна, без хаця б афіцыйнага ліста. Па словах Бульбы, ён быў пакліканы як «антыкрызісны менеджар», каб захаваць хаб і навесці там парадак, найперш — юрыдычны.

У гісторыі пасля было шмат узаемных абвінавачванняў і пагроз судамі. А што з пляцоўкамі цяпер? Распыталі галоўных удзельнікаў канфлікту.

Бульба: «Некалькі сур’ёзных каналаў абяцалі нам падтрымку, але схаваліся»

Па старым адрасе, дзе значыўся вядомы Беларускі моладзевы хаб, цяпер дзейнічае прастора «Робім разам». З апошніх мерапрыемстваў там — курсы польскай мовы, ёга, выстава, прысвечаная валанцёрам і добраахвотнікам ва Украіне.

Сяргей Бульба кажа, што над мерапрыемствамі на пляцоўцы працуе каля 15 чалавек, улічваючы валанцёраў, і адзначае адчувальныя страты ад таго, што пасля змены кіраўніцтва для часткі людзей прастора стала таксічнай.

Сяргей Бульба. Фота: «Наша Ніва»

«Гэта было запушчана па дэмакратычнай супольнасці, што вось не хадзіце сюды, інакш будуць наступствы. Была разгорнутая супраць мяне сапраўдная інфармацыйна-псіхалагічная спецаперацыя. А за што? Я паўтараю: надзорчая рада сваім рашэннем, двума галасамі супраць аднаго, памяняла дырэктара і запрасіла новага, дзе тут рэйдарскі захоп? Лапко заявіў, што не можа ўтрымліваць хаб, бо няма грошай, але ж харошы чалавек Лявончык дапамагае (маецца на ўвазе фонд Linking Media. — «НН»), то давайце мы ў абход надзорчай рады і ўсіх астатніх перапішам памяшканне на Лявончыка. То-бок, нам прыйшлося спыняць перадачу, абсалютна незаконную, бо гэтае рашэнне мусіла прымацца іх агульным сходам, а не толькі Лапко.

І мы прыйшлі сюды разам з паліцыяй і колькі часу тут знаходзімся? Са жніўня. І што? Нас нехта прыйшоў выгнаць? Гэта ЕС, гэта не Беларусь, ці Расія з Украінай. Тут ёсць законы і яны працуюць. А частка людзей не можа скласці два плюс два, заяўляе, што мы ні нагой сюды не пойдзем.

Для сябе я вынес, што мы не мелі інфармацыйнага інструмента данясення, нам была абяцаная падтрымка ад некалькіх сур’ёзных каналаў, але ў пэўны момант яны схаваліся. І аказаўся «Інфапойнт» супраць мяне. Хаця я тут ні пры чым. Я запрошаны чалавек з боку, якога паклікалі выправіць сітуацыю».

У чым жа сітуацыя выпраўляецца канцэптуальна?

«Мы выходзім за рамкі чыста беларускасці. Стратэгічна больш хацелі б адпавядаць інтэграцыйным працэсам — Беларусь-Польшча-Украіна-Літва. Фактычна наша міжморская ідэя, ВКЛ, гэта наш рэгіён гістарычны, і мы якраз мусім займацца аднаўленнем гэтага праекта»,

— каментуе Бульба і дадае, што стаміўся ад імітацыі дзейнасці НДА, якія не спрыяюць пераменам.

«Я бачу, што для таго, каб былі перамены, трэба ідэалагічная піраміда (для гэтага ў тым ліку ў нас плануецца школа менеджараў) і акцыі прамога дзеяння менавіта ў Беларусі. Такія рэчы не афішуюцца. Пра гэта не гаворыцца, і з гэтым мы пакуль маем праблемы, бо патрэбныя грошы. А ўсе грошы пражралі і прафукалі бяздарна НДАшныя шоблы».

Што тычыцца грошай на існаванне пляцоўкі, Бульба сцвярджае, што пакуль яны жывуць «за свае».

«Ну, і багата што не афішуецца. Я шчыра, што на «Белсаце» зарабіў да пачатку канфлікту — усё сюды ўжо ўсадзіў. Але плануем, канечне, звяртацца ў фонды. Рыхтуем выставу Алеся Пушкіна, запланаваную на 24 сакавіка, запусцілі збор на спонсарскую падтрымку».

Праўда, гэтае існаванне «за свае грошы» аспрэчвае Аляксандр Лапко:

«На рахунках арганізацыі заставалася больш за 120 тысяч злотых у розных валютах (амаль 100 тысяч беларускіх рублёў. — «НН») і яшчэ даляталі хвасты з праектаў, якія мы скончылі, а донары выплочвалі грошы пасля прыняцця справаздачы. Наколькі я ведаю, адразу пасля захопу і атрымання доступу да рахункаў арганізацыі, Бульба пачаў выдаткоўваць сродкі так, як сам лічыў патрэбным — заробкі сваім людзям, выдаткі на арэнду памяшкання, аплата камунальных паслуг, электрычнасці, аховы і сігналізацыі, інтэрнэту. Знешне падаецца, звычайная нармальная дзейнасць кіраўніка арганізацыі, але д'ябал хаваецца ў дробязях.

Па-першае, усё рабілася несвоечасова: з усімі службамі дамовы заключаў я і мае даныя ў іх захаваліся, то менавіта мне тэлефанавалі з пытаннямі пра неаплату. І другая нядробязь: сродкі на рахунках не былі прызначаныя да пакрыцця выдаткаў на ўтрыманне памяшкання. Гэта былі грошы на праекты, якія ў выніку засталіся без аплаты, на што я ўжо паўплываць афіцыйна не магу. Калі Бульба ўзяў на сябе адказнасць за арганізацыю, то хай цягне гэтую ношу да канца».

Лапко: «Мы цяпер робім шмат меншых івэнтаў, часам непублічных»

Аляксандр Лапко цяпер працуе на новай пляцоўцы. Праўда, новай толькі геаграфічнай прапіскай. Канцэпт Беларускага моладзевага хаба застаецца ранейшым.

Аляксандр Лапко. Фота: фэйсбук

Цяпер у іх камандзе задзейнічаныя шэсць чалавек. Ёсць шэраг ініцыятываў, якія працуюць у хабе на пастаяннай аснове, напрыклад: Беларуская музычная школа, клуб «Што? Дзе? Калі?», моладзевая Суполка, нэтворкінг-супольнасць «Клубень», «Спеўныя сходы» з Сяржуком Доўгушавым, чытанкі польскіх кніг «Czytam z Tobą», «Лісты палітвязням», Музычнае кола.

«Праз іншы фармат дома на Дажынковай, 6А мы робім шмат меншых івэнтаў, часам непублічных, на гэтае ёсць запыт у розных арганізацый і малых груп. Ну і далей хочацца больш засяродзіцца на падтрымцы іншых ініцыятываў і маладых НДА, якія толькі пачынаюць дзейнасць у Польшчы. У гэтым мы бачым магчымасць дапамагчы як мага большай колькасці людзей», — адзначае Аляксандр.

Мужчына таксама прызнаецца, што з моманту канфлікту не бачыўся з Бульбам, бо той, па яго словах, ігнаруе ўсялякія спробы камунікацыі, і не наведваў стары адрас хаба:

«Пасля захопу я не хадзіў на Канстытуцыі 6, мне гэта маральна цяжка. Я тры гады жыцця ўклаў у арганізацыю і прастору, сядзеў на працы і да двух, трох ночы, таму што трэба было нешта рабіць, мяне хаб заўсёды адухаўляў. Але ўрон ад захопу хаба атрымаў не толькі я ці наша каманда, але і ўсе беларусы ў Варшаве і нават шырэй.

Праз тое, што шмат сілаў было кінута на аднаўленне працэсаў ужо ў новай арганізацыі, на новым месцы, шмат якія планы былі паламаныя. Некаторыя былі фактычна на фінальным этапе, а вынік мог бы шмат каго ўразіць. Беларусы Варшавы дакладна б мелі яшчэ некалькі культурніцка-адукацыйных цэнтраў, магчыма, пытанне памяшкання для тэатра вырашылася б хутчэй. Цяпер жа варшаўскія і польскія ўлады вельмі асцярожна ставяцца наогул да беларусаў, ніхто не хоча трапіць у цьмяную сітуацыю».

Асцярожней да праектаў ставяцца цяпер і донары:

«Няхай мы амаль без перапынку працягнулі дзейнасць у іншай лакацыі, сама сітуацыя непрыемная нікому. Таму мы стараемся ў тым ліку дзесьці дыверсіфікаваць фінансаванне дзейнасці, разлічваючы не толькі на грантавую падтрымку, але і на данаты ад беларусаў. Удзельнічаем у праграме 1,5% для НДА ў Польшчы — кожны, хто плаціць падаткі ў Польшчы, пры падачы дэкларацыі можа выбраць нас, каб падтрымаць».

«Пасля захопу Сяргей Бульба абяцаў паказаць майстар-клас па карыснай для Беларусі дзейнасці, а не «патанцуй за Беларусь». Якія ў яго цяпер актыўнасці праходзяць, можна спраўдзіць у іх на старонках. Гэтаксама і тлумачыўся захоп тым, каб «Лапко з Лявончыкам не вывелі памяшканне пад іншы праект». Пры гэтым мы праект працягнулі нават у іншым памяшканні, камерцыйным, за якое цяпер плацім у чатыры разы больш, чым за стары хаб, а Бульба з 1 верасня якраз змяніў Беларускі хаб на іншы, свой праект — «Робім Разам», — падсумоўвае Лапко.

Чытайце таксама:

«Што значыць, што мне хопіць кіраваць?» Былая кіраўніца «Белсата» расказала, чаму яшчэ не гатовая пакінуць канал

Хто муж Вольгі Бондаравай? Выглядае, што працуе кіроўцам у Еўрасаюзе

Каментары27

  • Падтрымліваем Хаб
    14.03.2024
    Увесь час наведваем і мы дарослыя і нашы дзеці Беларускі Моладзевы Хаб.
    Вельмі ўдзячны камандзе і падтрымліваем Хаб!
    Дзякуй вялікі за вашу працу!
  • Таксічны Бульба
    14.03.2024
    Няхай купляе квіток у адзін канец Бульба ўслед за Ракевічам...
    Ніякага толку ад гэтага таксічнага! Толькі бла бла бла...
    Ад яго адракліся нават хлопцы Белага легіёну з палка КК...
  • Арэк
    14.03.2024
    Бульба плануе акцыі прамога ўздзеяння ўнутры Беларусі, для гэтага захапіў памяшканне ў цэнтры Варшавы. Лагічна

Жыхарцы Магілёва пагражаюць крыміналкай за тое, што зняла ранішнюю чаргу ў рэгістратуру3

Жыхарцы Магілёва пагражаюць крыміналкай за тое, што зняла ранішнюю чаргу ў рэгістратуру

Усе навіны →
Усе навіны

Папярэдняя прычына падзення самалёта ў Вільні — тэхнічнае пытанне3

У Пінску закрылі буйны махлярскі кол-цэнтр. Пацярпелых — амаль 50 тысяч чалавек4

Перад прыездам Лукашэнкі ў Пакістан там забаранілі агульнанацыянальны марш апазіцыі. Тысячы затрыманых5

Пачынаецца суд над святаром Генрыхам Акалатовічам. Яму пагражае да 15 гадоў

Матацыкліст зачапіў тварам дрот, нацягнуты паміж дрэў у лесе пад Гродна6

Фізічныя практыкаванні дапамагаюць аднавіць нервовыя клеткі. Вось як гэта ўдалося даказаць1

У Вільні грузавы «Боінг» упаў на двухпавярховы жылы дом і загарэўся. Ёсць загінулыя3

8 нагод наведаць самы маленькі горад Беларусі5

У Турцыі пасля пасадкі загарэўся расійскі пасажырскі Sukhoi Superjet 100. Каторы раз такое з гэтым самалётам2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Жыхарцы Магілёва пагражаюць крыміналкай за тое, што зняла ранішнюю чаргу ў рэгістратуру3

Жыхарцы Магілёва пагражаюць крыміналкай за тое, што зняла ранішнюю чаргу ў рэгістратуру

Галоўнае
Усе навіны →