У Маладзечне здымаюць расійскае кіно. Гараджанам прапануюць ролі супрацоўнікаў ППС
У Маладзечне на чыгуначным вакзале збіраюцца здымаць расійскі фільм. Мясцовых клічуць у масоўку.
Кіношнікі шукаюць акцёраў другога плана, піша Kraj.by. Такая інфармацыя апублікаваная на маладзечанскіх старонках сацыяльных сетак. Ахвотных запрашаюць на ролі мінакоў розных узростаў, а мужчын — на ролі супрацоўнікаў патрульна-паставой службы.
Аплата за дзень — 35-40 рублёў.
Падзеі ў фільме адбываюцца ў нашы дні. Карціну здымае расійскі рэжысёр Сяргей Вінаградаў. Праект выйграў грант у Міністэрстве культуры Расіі.
Здымкі фільма запланаваны на чыгуначным вакзале на 11 красавіка. Графік руху цягнікоў па станцыі «Маладзечна» пры гэтым не зменіцца.
Працоўная назва фільма, які будуць здымаць, — «Гародніна». Стужка расказвае пра слепаглухога Алега. Лёс дае яму шанец пражыць тыдзень поўнага жыцця. За гэтыя сем дзён ён згубіцца ў мегаполісе, патрапіць у лапы злачынцаў і вырвецца з іх, здзейсніць падарожжа і сустрэне каханне.
Каментары