На старых гарадскіх могілках у Смаргоні 15 мая згарэла невялікая каталіцкая капліца XIX стагоддзя. Фота апублікавала парафія святога арханёла Міхала.
«Згарэла старадаўняя капліца на старых могілках у Смаргоні. Згарэў абраз Езуса і дах капліцы. Побач з капліцай нехта выпальваў пень старога дрэва — магчыма гэта стала прычынай пажару…», — удакладнілі ў парафіі.
Збудаванне не значыцца ў спісе культурных каштоўнасцяў, аднак інцыдэнт вельмі засмуціў мясцовых вернікаў. Некаторыя з іх падазраюць, што капліца магла быць спалена не выпадкова, а спецыяльна, піша katolik.life.
Ці будзе праводзіцца праверка па факце інцыдэнту, пакуль не паведамляецца. Афіцыйных паведамленняў пра згарэлую капліцу пакуль няма.
У снежні 2023 года ў касцёле святога Арханёла Міхала ў Смаргоні быў здзейснены акт вандалізму. Мясцовы жыхар наносіў удары цяжкім прадметам па машынах, разбіў фігуру Маці Божай Беззаганнага Зачацця, вырваў металічны крыж з рук Міхала Арханёла.
Каментары