З 2025 года беларусам з дыябетам будуць выдаваць інсулін у шпрыц-асадках бясплатна
Ілюстрацыйнае фота ajovy.com
У наступным годзе ўсіх пацыентаў з цукровым дыябетам плануюць перавесці на картрыджную форму ін'екцый інсуліну, што спрашчае ўвядзенне прэпарата, піша БелТА са спасылкай на галоўнага пазаштатнага спецыяліста па эндакрыналогіі Міністэрства аховы здароўя Вольгу Салко.
Пацыенты з І тыпам дыябету ўжо ў 2022 годзе пераведзены на картрыджы. Частка пацыентаў з II тыпам цукровага дыябету працаздольнага ўзросту таксама выкарыстоўваюць гэтую форму.
Шпрыц-асадка для ін'екцый вонкава амаль не адрозніваецца ад звычайнай, толькі замест стрыжня ў ёй знаходзіцца картрыдж з інсулінам, а замест пяра — аднаразовая інсулінавая іголка. Гэта дазваляе хутка правесці працэдуру ў любым месцы: у кафэ, на вуліцы ці ў грамадскім транспарце.
Вольга Салко адзначыла, што ў Беларусі чакаюць уласнай вытворчасці з наступнага года, каб забяспечыць абсалютна ўсіх, хто мае патрэбу, пацыентаў, якія выкарыстоўваюць інсулін, менавіта картрыджнай формай. Пакуль інсуліны ў нас вырабляюцца ў флаконах.
Павялічваецца і колькасць пацыентаў, якія выкарыстоўваюць помпавую інсулінатэрапію, што лічыцца яшчэ больш зручным метадам для пацыентаў з дыябетам. На сёння гэта 422 чалавекі, з іх 232 — дзеці.
Па афіцыйных дадзеных, у краіне 383 тыс. дарослых пацыентаў з цукровым дыябетам II тыпу.
Каментары