«Дапусцім, чалавек з нізкім узроўнем культуры». Кіраўнічка «Белай Русі» рэзка адказала на хамскі допіс пра беларускую мову мастачкі Жыгімонт
Намесніца старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі грамадскага аб'яднання «Белая Русь» Святлана Вараніца адказала праўладнай мастачцы Святлане Жыгімонт, якая абрынулася з абразамі на беларускую мову.
Вараніца працытавала ў сваім тэлеграме допіс Жыгімонт і напісала:
«Дапусцім, чалавек непісьменны. Дапусцім, з нізкім узроўнем культуры. Дапусцім, яго/яе заблакаваў нават Яндэкс. Дапусцім, схільны да дэвіянтных паводзін. Дапусцім, адчувае асабістую ўстойлівую непрыязнасць да кагосьці з носьбітаў беларускай мовы. Але, як на мяне, нават сукупнасць дапушчальнага не адказвае на пытанне: «А што гэта было?»
Учора адыёзная мастачка, якая пісала пастаральны партрэт Лукашэнкі, а нядаўна выстаўлялася на мерапрыемстве «Данбас у нашым сэрцы», прыйшла ў шаленства ад аднаго беларускага слова.
Жыгімонт апісала платную паркоўку каля ЦУМа. Тэрмінал там не працаваў, але вісела інструкцыя, як аплаціць праз інтэрнэт. Мастачка панаракала, што ў яе ўзросце не так і проста разабрацца ў інтэрнэт-тэхналогіях. Але беларуская мова яе дабіла.
«Спаўзаю вачыма ўніз і чытаю: «Спампуйце праграму». Спампуйце? Што, б***ь, я павінна зрабіць? Я, с***, у сваёй краіне знаходжуся ці ў краіне бандэраўскіх эльфаў?» — абуралася ў тэлеграм-канале Жыгімонт.
Пасля чаго напісала яшчэ некалькі абразлівых выразаў на адрас беларускай мовы: «хутарская выб**дская паўпшэцкая тарабаршчына».
Мастачка сцвярджае, што нібыта някепска ведае беларускую мову, але новыя словы (і тыя, якія ёй не падабаюцца) вучыць не збіраецца.
«Я не збіраюся на старасці гадоў марнаваць свой каштоўны час на вывучэнне гэтага набору слоў і выразаў з розных моў і дыялектаў плюс усялякіх слоў-вырадкаў, якія мне спрабуюць навязаць, з усімі гэтымі роварамі, кіроўцамі, валошкамі, марозівамі і спампаваннем. І я не буду разам са змагарамі рабіць выгляд, быццам бы гэты набор і ёсць мова маіх продкаў. Прабачце, але мову маіх дзядоў я чула сваімі вушамі. Ідзіце лесам!»
Што да Святланы Вараніцы, то яна раней не раз рэзка крытыкавала і допісы сумнавядомай даносчыцы Вольгі Бондаравай.
Каментары