Латушка: Лукашэнка склікаў закрытае пасяджэнне Рады бяспекі для абмеркавання патрабаванняў Польшчы
Чым ён так заклапочаны?
Неафіцыйныя крыніцы паведамляюць, што Польшча плануе ўвесці вельмі дэталёвы кантроль на вялікім мытным тэрмінале Малашэвічы каля Тарэспаля. Гэта істотна запаволіць перамяшчэнне тавараў і можа выявіць вялікую колькасць злоўжыванняў.
Як піша Gazeta Prawna, гэтая навіна выклікала вялікую нервознасць у Мінску. У інтэрв'ю выданню Павел Латушка спасылаючыся на свае крыніцы паведаміў, што Лукашэнка правёў два закрытыя пасяджэнні, а таксама сабраў Раду бяспекі. Галоўнай тэмай было абмеркаванне наступстваў закрыцця Польшчай памежных пераходаў. Лукашэнка разумее, да якіх эканамічных наступстваў можа прывесці блакада тавараў, калі да гэтага далучацца Літва і Латвія.
Латушка звяртае ўвагу, што Кітай, заклапочаны перспектывай увядзення дэталёвага кантролю ў Малашэвічах, які запаволіць транзіт кітайскіх тавараў у ЕС, ужо двойчы прасіў Лукашэнку патлумачыць, што адбываецца на польска-беларускай мяжы.
Палітык сцвярджае, што новыя меры кантролю таксама ўдараць па рэжыме Лукашэнкі.
Як піша выданне, афіцыйна Кітай прапанаваў Польшчы і Беларусі паспрабаваць вырашыць міграцыйны крызіс шляхам двухбаковых перамоваў. Але гэта падаецца малаймаверным, бо Беларусь выкарыстоўвае мігрантаў як сродак ціску на польскую мяжу. Сам Лукашэнка ў сваім выступе 2 ліпеня даў зразумець, што не збіраецца ў гэтым пытанні адступаць і нават пагражаў Польшчы.
— Я не маю намеру аддаваць загад пагранічнікам, вайскоўцам і іншым, цывільным асобам, каб яны абаранялі Еўрапейскі саюз на мяжы Беларусі і Польшчы. Вы накінулі пятлю на нашу шыю і яшчэ прымушаеце нас, каб мы абаранялі вас ад гэтых гаротнікаў, — цытуе Лукашэнку Gazeta Prawna.
Аднак, як піша выданне, калі з аднаго боку Лукашэнка пагражае і заяўляе што не адступіць ні на крок, з другога боку відаць, што эканамічныя рашэнні пачынаюць працаваць. Аб гэтым сведчыць заява аб вызваленні некалькіх палітзняволеных.
Па словах Паўла Латушкі, магчыма, Лукашэнка яшчэ не зразумеў намеру Польшчы. Увядзенне ўзмоцненага кантролю тавараў у Малашэвічах будзе толькі часткай кроку. Гэта павінна даць яму зразумець, што краіна гатова зрабіць поўны крок.
Кіраўнік МУС Польшчы не выключае закрыцця мяжы з Беларуссю
Польшча ўвядзе дэталёвы кантроль транзіту з Кітая праз Беларусь, давяла да Мінска патрабаванні
Кітай перайшоў на крык па пытанні беларуска-польскай мяжы. Як адрэагуе Лукашэнка?
Лукашэнка: Сёння нас спрабуе вучыць увесь Еўрасаюз на чале са Злучанымі Штатамі
Каментары