«Людзі рынуліся ў крамы па ваду, у выніку быў часовы яе дэфіцыт». Беларусы расказваюць пра тое, як польскія ўлады змагаюцца з паводкай
Паводка закранула адразу некалькі краін Цэнтральнай Еўропы, сярод якіх Польшча, куды пасьля 2020 году пераехалі сотні тысяч беларусаў. Радыё Свабода пагаварыла з імі пра тое, што цяпер адбываецца ў краіне і як палякі рэагуюць на стыхію.
На тыдні моцныя ліўні прывялі да паводкі адразу ў некалькіх эўрапейскіх гарадах. Найбольш цярпяць Чэхія, Славаччына, Румынія, Аўстрыя і Польшча. У апошняй найбольш пацярпелі жыхары паўднёва-заходняй часткі краіны. Шмат гарадоў і вёсак стыхія літаральна зьнішчыла: Глухалазы, Клодзку, Лёндэк-Здруй. Улады заяўляюць пра мільёны злотых стратаў, на аднаўленьне пашкоджанай інфраструктуры спатрэбіцца некалькі гадоў.
Пад’ём узроўню вады ў рацэ Одра ў чацьвер 19 верасьня дайшоў да Ўроцлава, дзе жыве шмат беларусаў.
У горадзе закрылі для руху некаторыя масты і вуліцы. У барацьбу са стыхіяй уцягнутыя 16 тысяч вайскоўцаў. Па інфармацыі на ранак пятніцы 20 верасьня, гарадзкая сыстэма Ўроцлава вытрымала кульмінацыйную хвалю ў ноч з 19 на 20 верасьня.
Міністэрства абароны Польшчы ад панядзелку пачынае апэрацыю «Фэнікс». Яе мэты — бясьпека, здароўе, мэдыцынская дапамога, у тым ліку з удзелам верталётаў, мабільнасьць — адбудаваньне дарог і мастоў, лягістыка — вада, харчы.
Белы сьцяг — для эвакуацыі, чырвоны — для лекаў, сіні — патрэба ў вадзе
Беларуска Анастасія Сасыкбаева жыве ва Ўроцлаве з 2021 году. Яна расказвае, што цяпер сытуацыя ў горадзе трывожная, аднак Анастасія лічыць, што горад падрыхтаваны да «вялікай вады». Хаця інцыдэнты ўсё ж здараюцца: некалькі дзён таму хтосьці запусьціў чуткі, што вада з крана больш не прыдатная да спажываньня. Гэта выклікала рэакцыю.
«Людзі рынуліся ў крамы па ваду, у выніку быў часовы яе дэфіцыт. Я ў пяці крамах не знайшла вады. Але назаўтра завезьлі», — расказвае суразмоўца.
Па назіраньнях Анастасіі, у горадзе шмат вайскоўцаў і валянтэраў. Людзям раздаюць мяшкі і пясок, каб яны маглі самастойна ўмацаваць жытло і падвалы. Па словах суразмоўцы, на чалавека даюць 20 мяхоў пяску. Яна таксама брала і разам з суседзямі ўмацоўвала падвал у шматкватэрным доме.
Анастасія расказвае, што людзі актыўна ўключыліся і дапамагаюць камунальным службам. Шмат гараджан прыйшлі на ўмацаваньне мясцовага заапарку. Яна таксама кажа, што справіцца з панікай дапамагае пастаяннае інфармаваньне з боку ўладаў. Людзям расказваюць, што купіць, чым запасацца і іншае. Напрыклад, гарадзкія ўлады паінфармавалі, што ў выпадку браку пітной вады трэба вывесіць у акно што-небудзь блакітнае ці сіняе; калі патрабуецца эвакуацыя — белае, калі лекі — чырвонае.
«Там лятаюць верталёты і адсочваюць сытуацыю, усё пільнуюць. Параўнаньні — няўдзячная рэч. Але ўсё-такі ў параўнаньні зь Беларусьсю я пачуваюся як чалавек, пра якога клапоцяцца. Адчуваю сябе трывожна, але ў бясьпецы», — зазначыла Анастасія.
Ганна (імя зьмененае па просьбе суразмоўцы. — РС) жыве ў Еленяй Гуры на паўднёвым захадзе Польшчы. Горад таксама трапіў пад паводку, але цяпер вада ўжо сышла. Яна кажа, што, у прынцыпе, мясцовыя ўлады былі гатовыя да паводкі — спускалі вадасховішчы, адкрывалі дамбы і падрыхтавалі пясок.
У горадзе былі праблемы з вадой з цэнтральнага водаправоду — яе нельга было піць і нават для бытавых патрэбаў варта было кіпяціць. Але цяпер, кажа Ганна, сытуацыя нармалізавалася. У садках і школах некалькі дзён не праводзілася заняткаў. У школах разьмясьцілі людзей, якіх эвакуавалі з затопленых гарадоў.
Беларуска дадала, што ўлады казалі раней пра неабходнасьць будаваць дадатковыя вадасховішчы, але мясцовыя жыхары былі супраць, бо трэба пад гэта затапіць палі і іншыя землі.
«Можа быць, цяперашняя паводка паўплывае на тое, што іх усё ж пабудуюць», — зазначыла Ганна.
Каментары