У 2023 годзе пачалося выданне Збору твораў класіка беларускай літаратуры Кузьмы Чорнага (1900—1944) у 12 тамах. Цяпер у выдавецтве «Беларуская навука» пабачыў свет другі том, прэзентацыя якога прайшла ў верасні ў Інстытуце літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
Кнігу складаюць апавяданні 1926—1931 гадоў, сярод якіх — «На пыльнай дарозе», «Пробуюць грушы шумець», «Хвоі гавораць», «Пачуцці», «Начлег у вёсцы Сінегах», «Вераснёвыя ночы», «Ліст Якуба Малькевіча», «Рамонтная брыгада» і іншыя, паведамляе сайт Нацыянальнай бібліятэкі.
Над гэтым 447-старонкавым выданнем, якое выйшла ўслед за мінулагоднім першым томам, працаваў цэлы калектыў спецыялістаў: тэкстолагі, рэдактары, даследчыкі і знаўцы творчасці Кузьмы Чорнага, рэцэнзенты, выдаўцы, тэхнічныя супрацоўнікі.
За асноўны тэкст былі прынятыя прыжыццёвыя зборнікі твораў Кузьмы Чорнага і ягоныя прыжыццёвыя публікацыі ў перыядычных выданнях. Том быў падрыхтаваны з улікам моўных варыянтаў і розначытанняў, якія даюць магчымасць прасачыць за творчай кухняй пісьменніка.
У тэкстах узноўленая мова Чорнага, адлюстраваныя дыялекталагічныя асаблівасці лексічных адзінак і іх граматычных формаў, падрыхтаваныя навуковыя каментарыі да кнігі, аўтаркай якіх стала Вольга Карачун.
Каментары