«Былі дзве сур'ёзныя аперацыі». Экс-кіраўнік Нацбанка Багданкевіч перанёс анкалогію
Станіслаў Багданкевіч расказаў, што адзін з яго сыноў у Кіеве. «У Беларусь ён не вярнуўся, таму што ў свой час падтрымаў кандыдата ў прэзідэнты Бабарыку. Я яму сказаў, што калі пайду ў лепшы свет, то каб на пахаванне не прыязджаў. Таму я зацікаўлены як мага больш жыць».
Экс-кіраўнік Нацбанка Беларусі, доктар эканамічных навук Станіслаў Багданкевіч, якому сёння спаўняецца 88 гадоў, расказаў «Кулуарам», як маецца.
Багданкевіч расказаў, што летась перанёс анкалогію.
«Былі дзве сур'ёзныя аперацыі, ляжаў у бальніцы. Як быццам бы ўсё прайшло нармальна, але некаторыя ўскладненні пасля аперацыі былі.
Мой доктар абыход заўсёды пачынаў фразай: «Станіслаў Багданкевіч, 87 гадоў…» ён спецыяльна падкрэсліваў, колькі мне гадоў, каб іншыя аптымізм не гублялі…»
Аперыравалі яго ў лютым-сакавіку ў гарадскім анкадыспансеры.
«Агульная слабасць яшчэ часам накрывае, але ўжо лепей. Схуднеў моцна. Цяпер пачаў патроху набіраць вагу».
Багданкевіча яшчэ чакаюць аперацыі на вачах, у яго глаўкома ўжо дзясяткі гадоў.
Ён падзяліўся, што атрымлівае добрую пенсію.
«З 2022 года чыноўнікам, і мне ў прыватнасці, падвоілі і нават патроілі ўтрыманне. Так што ў мяне ўрадавая пенсія».
Былы старшыня Нацбанка выказаўся таксама наконт цяперашняй сітуацыі ў эканоміцы.
«Я сказаў бы, што ўсё нармальна ідзе. Асабліва з улікам цяперашняй сітуацыі. Калі ідзе вайна, калі мы штогод атрымліваем велізарныя датацыі ад Расіі… Нармальна жывем. А калі не было б гэтых датацый… (…)
Мы фактычна знаходзімся на ўтрыманні ў Расійскай Федэрацыі. Добра гэта ці дрэнна? Лічу, што дрэнна. А Лукашэнка — што добра.
На мой погляд, мы маглі б быць самастойнай краінай, як тая ж Фінляндыя, Швецыя. Хіба мы менш таленавітыя? Хіба мы другога гатунку народ? Беларусы шмат што могуць. Мы маглі б і інфармацыйныя тэхналогіі развіваць — у нас шмат талковых праграмістаў, многія з якіх, праўда, ужо з'ехалі…»
Багданкевіч расказаў, што адзін з яго сыноў яшчэ да вайны з'ехаў ва Украіну.
«Зняў кватэру ў Кіеве, а ўначы яго разбудзіла бамбёжка… У Беларусь ён не вярнуўся, таму што ў свой час падтрымаў кандыдата ў прэзідэнты Бабарыку. Я яму сказаў, што калі пайду ў лепшы свет, то каб на пахаванне не прыязджаў. Таму я зацікаўлены як мага больш жыць.
Сын займаецца ўцяпленнем падлог у жылых дамах. Так цяпер праблемы з бізнэсам. Электрычнасці ў іх амаль няма, разграмілі ўсюды. А яго бізнэс заснаваны на электраэнергіі. І таму заказы рэзка ўпалі. А раней складвалася інакш, працы было шмат».
Старэйшы сын Багданкевіча жыве пад Пухавічамі, а трэці — у Польшчы, працуе праграмістам.
На развітанне Багданкевіч заўважыў:
«Усе мае сябры, дарэчы, дзівяцца маёй свабодзе. Я заўсёды цаніў свабоду. Перад Богам вольны. І перад уладай. Залежым толькі ад жонкі…»
Каментары