«За два тыдні чосу — заробак мідла». Праграміст 20 гадоў працуе Дзедам Марозам
Сяргей — распрацоўшчык і кіраўнік праекта, у ІТ без малога 30 гадоў, а яшчэ больш за 20 гадоў ён — Дзед Мароз. Штогод у снежні Сяргей дастае з шафы расшытае сняжынкамі футра і адпраўляецца дарыць людзям свята. Што праўда, цяпер ужо не каб падзарабіць, а проста «з любові да мастацтва», піша Devby.io.
«Надакучыла свята ў фармаце: выпілі-закусілі-паслухалі прамову»
— З чаго ўсё пачалося, — расказвае Сяргей, — з таго, што надакучыла свята ў фармаце: выпілі-закусілі-паслухалі віншавальную прамову па тэліку — зноў выпілі. Сумна!
Адзін мой Новы год пачаўся за святочным сталом — а скончыўся ў пад’ездзе. Мы з сябрамі пайшлі на ялінку, там падхапілі трох нейкіх п’яных дзяўчат, адная з якіх ужо паспела расквасіць сабе нос — тармазіла так няўдала. А потым аселі дзесьці ў пад’ездзе, а жыхары з першага паверха выносілі нам аліўе закусіць.
Звычайная п’янка — як было прынята гадоў 25-30 таму (а хтосьці і цяпер так святкуе). Але 1 студзеня, вяртаючыся раніцай дадому, я прыняў рашэнне: «Годзе!» Напэўна, жыццё заварочвае не туды, раз я да такога дакаціўся.
Скажу шчыра: гэта было найлепшае маё рашэнне. За гэтыя 20 гадоў я шмат чаго пабачыў: як жывуць іншыя людзі, як яны адзначаюць Новы год і Каляды. Так, я бачыў вельмі прыгожыя кватэры і вельмі прыгожых дзяцей. Іх бацькі старанна рыхтаваліся да свята, прыбіраліся — як-ніяк Дзед Мароз прыйдзе. Ведаеце, у тых, хто заказвае такую паслугу, усё зусім па-іншаму.
«У першы год зарабілі няшмат — толькі касцюмы акупілі»
Я ўзяўся за справу восенню — знайшоў праз знаёмых швачку, якая шыла касцюмы для розных калектываў. Два месяцы мы з дзяўчынкай, якая захацела быць Снягуркай, ездзілі на прымеркі. Сума за пашыў двух футраў выйшла на тыя часы прыстойная — але і касцюмы атрымаліся як мае быць.
Так, у краме можна было купіць нейкія чырвоныя і блакітныя халаты. Але яны б за сезон прыйшлі ў непрыдатнасць. Дый сорамна ў такіх ісці віншаваць — хацелася, каб гэта быў атлас з вышыўкай або роспісам.
Потым мы развесілі аб’явы па пад’ездах дамоў. Гэта цяпер заводзяць акаўнт на Instagram або групу ў тэлеграме, даюць кантэкстную рэкламу — а тады ўсё было проста: раздрукоўваеш, бярэш цюбік з клеем — і наперад. У прынцыпе, гэта добра працавала.
У маёй Снягуркі быў хлопец — ён вырашыў пытанне з транспартам (у мяне тады машыны яшчэ не было). Сказаў: «Я паважу вас на сваім аўто, а вы мне дасце грошай на паліва». Потым усе заробленыя грошы мы падзялілі на траіх.
У першы год мы зарабілі няшмат — толькі касцюмы акупілі. Памятаю, у нас было каля 20 заказаў 31 снежня, ну да гэтага мы каталіся вечарамі.
Гэта было весела! Потым мы нават хадзілі ў касцюмах на ялінку ў цэнтры — і раздавалі дзецям цукеркі. Тыя радаваліся. Мне гэта вельмі падабалася.
«У доме збіралася некалькі сем’яў — я толькі падарункі ім уручаў хвілін 40»
Рыхтуючыся да свайго першага сезона, мы знайшлі знаёмых, якія таксама гэтым займаліся. З’ездзілі да іх — пагутарылі, яны падзяліліся вопытам.
Галоўная парада — «падрыхтуй праграмы: адну для дзяцей і яшчэ адну для дарослых». Гэта цяпер я магу зайсці ў любое месца і адразу штосьці пачаць казаць, а тады вельмі выручалі нарыхтоўкі. Мы распісалі на паперы сцэнары віншавання, сабралі рэквізіт для конкурсаў — і з усім гэтым ездзілі.
Ой, вядома, не з галавы сцэнар узялі! Прыйшлося троху пасядзець у інтэрнэце (ён тады быў па Dial Up). Пачынаеш стандартна — заходзіш, прамаўляеш прывітальную прамову: «Віншую з Новым годам, зычу шчасця, радасці, светлага жыцця сто гадоў і здароўя сто пудоў». А пасля кажаш, напрыклад: «Ой, якая ў вас прыгожая ялінка!» Вядома, усё залежыць ад узросту дзяцей — робіш паправачкі на гэта. А для дарослых — свой сцэнар.
Сезон у Дзеда Мароза пачынаецца за месяц — са старту карпаратываў і дзіцячых ранішнікаў і заканчваецца праваслаўным Раством. Графік можа быць якім заўгодна — год на год не прыходзіцца. Напрыклад, у адзін год я пачаў віншаваць 31 снежня, а 8:00 раніцы і скончыў, а 3:00 ночы — без перапынкаў.
Мне даводзілася і на ранішніках у дзіцячых садках і ў школах выступаць, і на вялікіх карпаратывах. Адзін раз мужчына папрасіў мяне павіншаваць яго дзіця ў бальніцы — а там як высыпала ўсё аддзяленне малых. А яшчэ адзін раз я ездзіў з байкерамі (яны і спансавалі свята) у дзіцячы дом у Мар'інай Горцы.
У дзіцячы сад у Зялёным Лузе каля індыйскага пасольства я ездзіў, напэўна, гадоў пяць запар. А яшчэ адныя заказчыкі былі ў мяне: яны заўсёды клікалі Дзеда Мароза менавіта 31 снежня, у доме збіралася некалькі сем’яў — і я толькі падарункі ім уручаў хвілін 40.
«Ёсць людзі, якіх я ад першага года віншую — ужо 20+ гадоў»
Касцюм усё той жа — дваццацігадовай даўніны? Не, вядома! Божа барані! (смяецца) Зразумела, што я іх мяняю. Дзеда Мароз мае выглядаць з іголачкі. Мой касцюм гадоў пяць дзесьці служыць, а потым я пускаю яго на анучкі або аддаю камусьці, хто хацеў бы дома родных павіншаваць. Не захоўваю нічога, не складаю — для гэтага ж асобную шафу трымаць трэба.
Надзвычайнае свята? Ой, не. Нічога такога не было ў маёй практыцы — наадварот, я з цеплынёй успамінаю кожную сям’ю. І цяпер я ўжо не працую Дзедам Марозам — але пры канцы снежня бяру футра і еду да некаторых знаёмых. Ёсць людзі, якіх я ад першага года віншую — ужо 20+ гадоў. Кажу ім: «У вас ужо і старэйшая дачка вырасла, і малодшы сын, якога я памятаю яшчэ груднічком». А яны адказваюць: «Не, прыязджай! Без цябе няма свята».
А яшчэ адную сям’ю я гадоў 15 віншую — заўсёды 25 снежня. І сёлета паеду — не дзеля грошай, а «з любові да мастацтва», што называецца — гэта пытанне майго асабістага навагодняга настрою. Мне гэта проста падабаецца! Мне прыемна іх бачыць кожны год, а ім — мяне. Нашыя лёсы ўжо перапляліся.
«Адная напарніца — Снягурка была топавым інжынерам»
Калі гэта перастала быць для мяне падпрацоўкай — напэўна, ужо гадоў 10, калі не больш. У мяне вельмі прыстойны айцішны даход. Але касцюм у шафе вісіць — і кожны Новы год я яго апранаю.
Калі ў мяне з’явілася свая сям’я, я, вядома, стаў больш часу бавіць за святочным навагоднім сталом. Але пару гадоў мы з жонкай ездзілі віншаваць людзей — у тым ліку і на сам Новы год. І выдатна сябе адчувалі: лішняга не з’елі, не выпілі (гэта толькі ў савецкія часы Дзеда Мароза наравілі за стол пасадзіць ды напаіць — цяпер не), а толькі зарадзіліся станоўчымі эмоцыямі.
Ведаеце, кожны новы дом — гэта латарэя, але я заўважыў: тыя, хто заказвае Дзеда Мароза на 0:00 31 снежня, — заўсёды вельмі добрыя людзі. Ані разу не адчуваў расчаравання ад таго, што ўзяў такі заказ.
У камандзе ў мяне ведаюць, што яны працуюць разам з Дзедам Марозам — я ж і ў нас у кампаніі на карпаратывах выступаў. А яшчэ ў мяне ёсць каманда, з якой мы катаемся на каньках — і я чапляю бараду і апранаю касцюм Дзеда Мароза. Сёння таксама буду катацца на F-1 (каток каля Палаца спорту на праспекце Пераможцаў).
Снягурак за 20 гадоў у мяне нямала змянілася. Гэта ж Дзед Мароз не старэе — а яны вырастаюць.
Дзе новых браў — у асноўным праз знаёмых знаходзіў, а неяк раз праз аб’яву. Праца гэтая камандная, няпроста — мае на ўвазе разуменне адно аднаго: адвашаваць ад раніцы 31 снежня і да раніцы 1 студзеня не кожны зможа.
Снягуркі-айцішніцы мне таксама трапляліся. Адная напарніца была QA-інжынерам — і не, не калегай, а знаёмай знаёмых. Але здзіўляцца тут няма чаму — урэшце ў Беларусі дзясяткі тысяч айцішнікаў.
«Глядзіць з-пад ілба: а летась другі-і-і Дзед Мароз быў!»
Мне заўсёды больш падабалася дзяцей віншаваць — яны так шчыра радуюцца прыходу Дзеда Мароза. А яшчэ яны такія кемлівыя — усё прыкмячаюць. Ты заходзіш у дом, а малы глядзіць з-пад ілба: «А летась другі-і-і Дзед Мароз быў!» Ну, даводзіцца тлумачыць: «Ведаеш, дзяцей у свеце так шмат, што я клічу на дапамогу братоў — іх у мяне таксама нямала: і Санта, і Зюзя тут у Беларусі… Вось летась нехта з іх да цябе прыходзіў, а ўжо сёлета я з’явіўся — Дзядуля Мароз».
Ёсць такі анекдот. Адзін Дзед Мароз іншаму кажа:
— Слухай, а павіншуй майго мальца з Новым годам!
— А што, ты сам не можаш?
— Не, не магу: я вельмі дорага бяру.
Вядома, я свайго сына (яму цяпер 8 гадоў) віншую сам. Першы раз да яго прыйшоў Дзед Мароз, калі яму быў каля 2,5 гадоў. Спачатку ён трошкі з недаверам глядзеў: ну як так, вочы знаёмыя — татавы, але быццам не тата.
Насамрэч гэта цэлая навука — як віншаваць зусім маленькіх дзяцей. Неяк я нават віншаваў 8-месячных. Ты ціхенька заходзіш і ні ў якім разе не махаеш рукамі, не размаўляеш гучна — каб не нанесці дзіцяці траўму на ўсё жыццё.
З дзецьмі ўсякае бывае: хтосьці чакаў-чакаў Дзеда Мароза ад самай раніцы — і перачакаў. Ты прыйшоў, а ў яго ўжо істэрыка. У такім выпадку «агонь» на сябе часта бярэ Снягурка — да дзяўчынкі даверу больш, чым да дзеда барадатага.
Бывае, усё ідзе не па сцэнары. Але гэта і зразумела: ты ж не робат — прыйшоў і адтарабаніў. Трэба адчуваць дзіця. Часам дзеці разгуляцца не могуць. З адным хлопчыкам, памятаю, мы проста гулялі ў машынкі. А з дзяўчынкамі — у лялькі.
Бывае, ты яшчэ ўвайсці не паспеў, а бабулі-дзядулі або таты-мамы малога ў спіну штурхаюць: «Давай, расказвай вершык!» Або падарунак яму ўручаюць. А гэта памылка: як толькі падарунак аказваецца ў руках у дзіцяці — яму ўжо нічога не трэба. Усё, віншаванне скончылася!
«Толькі на дзіцячых віншаваннях некаторыя прымудраюцца зрабіць $1000 за ноч»
Зарабіць Дзедам Марозам можна — толькі на дзіцячых віншаваннях некаторыя прымудраюцца зрабіць $1000 за ноч. А яшчэ ёсць карпаратывы і ранішнікі. Так што за два тыдні навагодняга «чосу» Дзядуля Мароз можа зарабіць зарплату мідла, а то і сеньёра.
Памятаю, мой рэкорд у адзін год — 40 віншаванняў дома за суткі. Але больш такіх учынкаў я не здзяйсняў. Гэта сапраўды было цяжка: апошнія 10 віншаванняў я не памятаю — усё было, як у тумане.
Тады я зразумеў, што ўсё ж такі ёсць ліміт таго пазітыву, якім ты можаш падзяліцца. І 20 заказаў — гэта найлепшы варыянт для пярэдадня Новага года і святочнай ночы.
Выгарэць, працуючы Дзедам Марозам, — не, напэўна, нельга. Бо яго праца абмежаваная па часе — усяго два тыдні, а выгаранне — працэс працяглы. Але вельмі стаміцца, вядома, можна. Асабліва калі нахапаць кучу «праектаў» — і вашаваць без сну і адпачынку.
Па сваім вопыце скажу: так, ты стамляешся, але потым эмоцыі, якія ты атрымаў за два тыдні, падтрымліваюць цябе доўгі час. А для мяне найлепшы адпачынак — гэта змена дзейнасці.
Раней, калі я сумяшчаў працу Дзедам Марозам з асноўнай — я браў на час святаў адпачынак. Ну і ў выходныя таксама падпрацоўваў. Цяпер я хаджу ў адпачынак у часе школьных вакацый. А сваіх добрых знаёмых віншую ў выходныя.
Каментары